ГОСУДАРСТВЕННОЕ УЧРЕЖДЕНИЕ ОБРАЗОВАНИЯ
"МОГИЛЁВСКАЯ ГОРОДСКАЯ ГИМНАЗИЯ №1"

Главная Администрация Одно окно Наша символика Наши новости Контакты Поиск по сайту

Родителям

Субботняя школа "Развитие"

Шестой школьный день

Папулярызацыя беларускай мовы

Учительская

Выпускнику

Инновационная деятельность

Попечительский совет

Общественные

организации

Библиотечный центр

Гимназическая печать

Расписания

Поздравляем

Фотоальбомы

Психологическая служба

Ура! Каникулы!

Школа безопасности

За страницами учебников

Школьный музей "Боевой путь 50-й армии в годы ВОВ"

  Распечатать

Папулярызацыя беларускай мoвы
 

 

 

09.10.2021 г.

План мерапрыемстваў

дзяржаўнай установы адукацыі

«Магілёўская гарадская гімназія №1»

па папулярызацыі і пашырэнні сферы выкарыстання

беларускай мовы на 2021/2022 навучальны год

 

28.03.2022 г.

Зямля пад белымі крыламі

 

Беларусь – гняздо буслоў,

Птушак белакрылых.

Наша родная зямля,

Наш куточак мілы.

Т. Еўдакімава

Беларусь… Яе невыпадкова называюць зямлёю пад белымі крыламі. Наш родны край  чароўны, як сівая легенда, светлы і юны, як першыя промні сонца. Гэта краіна таленавітых і працавітых людзей, продкі якіх славіліся мужнасцю, жыццёвай мудрасцю і сілай духу. 

Менавіта гэтая думка стала асноўнай  падчас інтэлектуальнай гульні “Зямля пад белымі крыламі”, якая адбылася 21 красавіка сярод вучняў сёмых класаў.

Школьнікам трэба было ва ўрыўкі з вершаў беларускіх паэтаў уставіць патрэбныя прапушчаныя словы, падабраць да рускіх прыказак  сінанімічныя прыказкі з беларускай мовы, разгадаць крыжаванку “Гонар Беларусі”, падабраць да пачатку прыказак пра Радзіму канцоўкі, пазнаць па апісанні гістарычных асоб, што праславілі Беларусь, а таксама прадэманстраваць свае ілюстрацыі з  краявідамі нашай Радзімы.

Вучням было цікава, бо яны адкрывалі для сябе такую адначасова вядомую і невядомую Беларусь, адчувалі сябе часцінкай такога славутага народа  як беларусы, далучаліся да гісторыі сваёй краіны. 

 

24.03.2022 г.

Вызначыць агульнае, знайсці лішняе, дапоўніць недастатковае - умовы слайд-гульні "Беларуская мазаіка".

Вучні 4 "А" класа з задавальненнем уключыліся ў гульнявы працэс.

Падчас гульні дзеці выявілі ўменні знаходзіць лагічныя сувязі паміж адлюстраванымі прадметамі, з'явамі і персанажамі.

Вучні мелі магчымасць далучыцца да асаблівасцей беларускай культуры, традыцый і гісторыі. А таксама прыгадаць с сучасныя падзеі сваёй краіны. Гульня для іх аказалася не толькі займальнай, але і пазнавальнай.

 

  

 

17.03.2022 г.

Нашы сімвалы

Дзяржаўная сімволіка – адзін з найважнейшых сродкаў патрыятычнай самасвядомасці і нацыянальнага адзінства грамадства.

Герб, сцяг і гімн – самыя галоўныя адметныя знакі дзяржавы. Яны абазначаюць адзінства і раўнапраўе яе грамадзян. У іх захоўваецца памяць продкаў, перадаўшых нам любоў і павагу да Айчыны, веру ў дабро і справядлівасць. Таму неабходна, каб кожны юны грамадзянін дакладна ведаў, што сабой уяўляе дзяржаўная сімволіка нашай краіны і якое значэнне яна мае.

У 2 “А” класе адбылося мерапрыемства на тэму “Дзяржаўная сімволіка РБ”. Галоўнай задачай гэтага занятку было выхаванне ў вучняў паважлівых адносін да сімвалаў сваёй дзяржавы. Выхаванцы ўважліва разглядалі  ўсе часткі герба, адзначылі, што кожная дэталь мае важнае значэнне і дае звесткі пра нашу краіну, наш народ. А беларускі сцяг мае тры колеры, якія сімвалізуюць кроўнае братэрства, барацьбу за справядлівую справу і свабоду, багацце беларускай прыроды. Недарэмна лічаць, што назва нашай краіны – Беларусь – звязана з непахіснай воляй да свабоды. А сімвалічны арнамент быў выкананы ў 1917 годзе. Ён належыць простай сялянцы Матроне Маркевіч і сімвалізуе працалюбства і майстэрства як перадумову кожнага шчаслівага лёсу.

Такім чынам, вучні наглядна дакрануліся да гісторыі беларускага народа. На замацаванне матэрыялу быў прапанаваны тэст-гульня.

Напрыканцы мерапрыемства выхаванцы на лістах паперы адмалявалі свае далоні і напісалі на іх пажаданні сваёй краіне.

Любіце і шануйце сваю Радзіму!

О Беларусь, мая калыска,

Жыццё маё, прытулак мой!

З гарачаю любоўю нізка

Схіляюся перад табой.

                      П. Глебка.

 

10.03.2022 г.

Вайна – боль і памяць народа

Я вас прашу, не зведаў хто вайны,

Прашу вас,  мае дочкі і сыны,

Узяць хоць долю памяці маёй,

Каб потым ёй не зарасці травой…

А. Вярцінскі

Менавіта гэтыя радкі  сталі асновай арт-праекта  “Вайна – боль і памяць народа”, які прайшоў 10 сакавіка з удзелам шасцікласнікаў.

Вучні  падчас сустрэчы нагадалі падзеі Вялікай Айчыннай вайны, паглядзелі рэпрадукцыі карцін, пазнаёміліся з творамі А. Пысіна “Проня” і М. Сурначова “У стоптаным жыце”, прадэкламавалі іх.

Размова ішла не толькі пра шматлікія ахвяры Вялікай Айчыннай вайны, а і пра ўдзячнасць нашым дзядулям і прадзядулям, якія здабылі для нас,  нашчадкаў, свабоду і мір.   А яшчэ ў шасцікласнікаў была магчымасць расказаць пра лёс сваякоў, якія  на ўласныя вочы бачылі тыя жудасныя падзеі.

Напрыканцы сустрэчы вучні склалі сінквейн:

Вайна.

Крывавая, бязлітасная.

Нішчыць, разбурае, забівае.

Вайна разлучае людзей назаўсёды.

Гора.

 

03.03.2022 г.

Францыск Скарына –  беларускі першадрукар

Ніл Гiлевiч   “Мара Скарыны”

Марыў калісьці славуты Скарына,
«Ціснучы» кнігі на мове бацькоў:
Простаму люду ў роднай краіне
Зробіць даступнай ён мудрасць вякоў.

Толькі радзіму сваю ў ліхалецці
Мара яго абляцець не магла:
Білася роспачна птушкай у клетцы,
Вочы ж бядоты сляпіла імгла.

Думалі, згіне, як статак, нямое
Племя пакорнае ў вечным ярме.
Колькі іх мужных, што матчынай мове
Шлях пракладалі і змёрлі ў турме!..

Ды разгулялася плынь веснавая —
Змыла пакутнай няволі сляды,
I ўстрапянулася мара жывая,
I абляцела ўвесь край малады!

Сталі даступнымі простаму люду
Мудрасці скарбы са свету ўсяго —
Каб ні ярма, ні імглы, ні аблуды
Болей не зведала доля яго! 

З такiх радкоў пачалася размова з вучнямі  4"В" і 4"Г" класаў. У ходзе мерапрыемства вучні пазнаёміліся з першадрукаром, асветнікам і культурным дзеячам, вучоным, перакладчыкам і пісьменнікам – Францыскам Скарынай. Даведаліся, што яго дзейнасць аказала велізарны ўплыў на развіцце кнігадрукавання і пісьменства на Беларусі.

На працягу размовы вучні даведаліся, што ўпершыню ў кірылічным друкарстве Ф. Скарына ўвёў тытульны ліст, нумарацыю старонак, прабелы між словамі, абзацы, а таксама адмовіўся ад скарачэння слоў,  захаваў  традыцыі рукапісаў з арнаментам, каб чытач лепш мог зразумець тэкст, у кнігі былі змешчаны ілюстрацыі - гравюры.

Вучням было прапанавана ўявіць сябе прадстаўнікамі знакамітага Ф.Скарыны і намаляваць разам кнігу.

На працягу мерапрыемства дзеці чыталі вершы, прысвечаныя Ф. Скарыне. У гульні-віктарыне даведаліся, што ў гонар Ф.Скарыны ў розных краінах усталяваны помнікі, зроблены скульптурныя і жывапісныя выявы, яго імя носяць Гомельскі ўніверсітэт, цэнтральная бібліятэка, педагагічнае вучылішча, гімназіі у Полацку, Мінску.

Народ мае права ганарыцца сваёй культурнай спадчынай і таленавітымі людзьмі!

 

24.02.2022 г.

Мова,
Пявучая родная мова,
Ты – уладарка нявызнаных скарбаў.
Столькі значэнняў, гучанняў і фарбаў
Мае ў сабе тваё кожнае слова.
                           Аляксей Зарыцкі

 Гэтымі радкамі пачалася літаратурна-музычная кампазіцыя «Звіні, родная мова!» у групе падоўжанага дня 4 «Д» класа.  З вялікім задавальненнем дзеці на занятку спявалі беларускія народныя песні, слухалі творы беларускіх  класікаў  у выкананні  ансамбляў “Песняры”, “Сябры”, “Верасы”,  дэкламавалі вершы беларускіх паэтаў,  прысвечаныя роднай мове, роднай Беларусі. Падчас мерапрыемства гучалі вершы Уладзіміра Караткевіча “Беларуская песня”, Рыгора Барадуліна “Радзіме”, Янкі Купалы “Роднае слова”, Паўлюка Пранузы “Адбяры ў мяне мову”… Вучні  дэманстравалі веданне беларускай мовы, разгадваючы загадкі-жарты, адказваючы на пытанні віктарыны  па гісторыі Беларусі. У конкурсе “Пазнай мяне” вучні з дапамогай пантамімы паказвалі і разгадвалі фразеалагізмы, тлумачылі іх сэнс.  Вельмі спадабалася дзецям гуляць у беларускую  народную гульню “У краскі”. З вялікай асалодай дзеці  ўдзельнічалі ў  інсцэніроўцы  беларускіх народных казак з дапамогай лялек-рукавічак.

Хочацца верыць, што гэтае мерапрыемства памножыла ў душах дзяцей пачуццё гонару за сваю Радзіму, за свой народ, сваю мову.

   

 

17.02.2022 г.

Роднае слова – люстэрка культуры народа, яго духоўнае аблічча.

Мова – наша спадчына, якую мы атрымліваем  ад бацькоў і павінны перадаць наступным пакаленням. Хто хоць раз пачуў беларускую мову, не забудзе яе мяккасці і мілагучнасці, плаўнасці і напеўнасці, сціплай прыгажосці і самабытнасці.

У чацвер, 10 лютага, вучні 6 класа прымалі ўдзел у моўным турніры  “Якія знаёмыя назвы і словы”.  На беларускай мове гучалі вершы і выказванні вядомых беларускіх пісьменнікаў і паэтаў пра мову.  Вучні разгадвалі крыжаванкі і рэбусы, якія тэматычна былі звязаны з мовай, культурай, гісторыяй нашай краіны.

Асабліва цікавай для вучняў была магчымасць папрацаваць у якасці перакладчыкаў, а таксама паспрабаваць вызначыць лексічнае значэнне такіх слоў, як мярэжа, цура, скавыш, апалонік, жвір, папар, грабар і іншых. Варыянтаў значэння гэтых слоў было шмат. Атрымалася весела і цікава.

Мерапрыемства садзейнічала актывізацыі пазнавальнай дзейнасці, а таксама развіццю маўленчай культуры вучняў.

 

03.02.2022 г.

Мой голас у веку наступным пачуецца…

Нават на фоне свайго пакалення,

якое называлі філалагічным...

Міхась Стральцоў вылучаўся.

Вылучаўся, можа быць, тым,

што ў многіх жанрах і відах творчасці

быў першапраходцам,

першаадкрывальнікам.

П. Васючэнка

І гэта сапраўды так. Міхась Стральцоў – слаўны сын Магілёўшчыны – з’яўляецца прадаўжальнікам інтэлектуальнай плыні ў беларускай літаратуры.  Вучні адзінаццатых класаў пазнаёміліся з жыццёвым і творчым шляхам М. Стральцова – юбіляра 2022 года – і прапанавалі 10 самых цікавых фактаў з жыцця пісьменніка.

1.     Ён скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ, працаваў у газеце “Літаратура і мастацтва”, часопісах “Полымя”, “Маладосць”, “Нёман”.  

2.     Майстар прозы і паэзіі ў сваіх творах звярнуўся да ўрбаністычнай тэматыкі, да паказу духоўных перажыванняў былых вяскоўцаў, што трапілі ў горад.

3.     Акрамя таго, што М. Стральцоў пісаў празаічныя і паэтычныя творы, ён быў і арыгінальным даследчыкам літаратуры, крытыкам, напісаў літаратурна-крытычныя нарысы і эсэ, прысвечаныя творчасці класікаў беларускай літаратуры і маладым паэтам і пісьменнікам: “Жыццё ў слове”, “Загадка Багдановіча”, “У полі зроку”, “Пячатка майстра”.

4.     Чым бы ён ні займаўся, заўсёды вызначаўся сваёй інтэлігентнасцю і адукаванасцю. Гэта прыцягвала да яго людзей. Так, Янка Брыль, нягледзячы на дваццацігадовую розніцу ва ўзросце, лічыў М. Стральцова сваім сябрам і прысвяціў яму артыкул “З добрай, сумнай усмешкай”.

5.     Яго блізкім сябрам з часоў студэнцтва быў Рыгор Барадулін.

Быў вельмі дасведчаным і цікаўным чалавекам. Добра ведаў беларускую, рускую класічную, савецкую і замежую літаратуры, нават творы рэпрэсіраваных пісьменнікаў.

 

21.01.2022 г.

Мова ўзнікла даўным-даўно, сотні тысяч гадоў таму назад. Першабытныя людзі аб’ядноўваліся ў групы, каб паляваць на звяроў, лавіць рыбу, вырабляць прылады працы, будаваць жыллё. Каб усё гэта рабіць разам, яны павінны былі разумець адзін аднаго. Так узніклі першыя словы. З цягам часу жыхароў планеты станавілася  ўсё больш  і больш. Кожны народ прыдумваў свае словы і ствараў сваю мову.

Родная мова – гэта тое, што нас аб’ядноўвае і робіць унікальнымі. Гэта цэлы свет, люстэрка жыцця чалавека, народа, носьбіт калектыўнай памяці. І ў гэтым свеце беларуская мова – мова нашай Радзімы, у якой ёсць рашучае, цвёрдае слова “гонар”, і мяккае далікатнае “пяшчота”, і добрае  – “спачуванне”... 

 Вучні 4  "Г" класа сталі ўдзельнікамі конкурснай праграмы "У роднай мовы роднае карэнне". Выконваючы разнастайныя заданні праграмы, дзеці ўспомнілі беларускія  забаўлянкі, песні, загадкі, лічылкі. Яны слухалі, разважалі і весяліся. Усе вучні не зявалі, ва ўсіх конкурсах удзел прымалі. Такім чынам, хлопчыкі і дзяўчынкі даказалі, што яны ведаюць і любяць сваю родную мову. Узнагародай стала папаўненне  ведаў аб роднай мове, узбагачэнне моўнага запасу. 

 

21.01.2022 г.

“Пагавары са мной на мове, на нашай роднай, не чужой”. Гэтая цытата з верша Ігара Пракаповіча стала дэвізам літаратурна-пазнаваўчай гульні-падарожжа “Сябруй з роднай мовай”, у якой прынялі ўдзел вучні 3 “В” класа.

Усе прысутныя падзяліліся на тры каманды: “Каласочкі”, “Васілёчкі” і “Галубочкі”. Каб падарожнічаць, зусім не абавязкова купляць білет, садзіцца ў цягнік ці аўтобус. Вандраваць можна, не выходзячы з пакоя, паклікаўшы на дапамогу фантазію і веды.

Падчас падарожжа па краіне роднай мовы вучні рабілі прыпынкі: “Перакладчыкі”, “Шарада”, “Старонкі мінулага і сучаснага”, “Крылатая паштоўка”, “Знаўцы беларускага фальклору”, “Юныя паэты”. На кожным з іх падарожнікі выконвалі пэўныя заданні. Вучні складалі прыказкі, адгадвалі фразеалагізмы па малюнках, адказвалі на пытанні, прыдумвалі вершы, спявалі.

Падчас мерапрыемства вучні дэманстравалі веданне беларускай мовы, узбагачалі свой лексікон, а таксама праявілі акцёрскія здольнасці.

 

13.01.2022 г.

Ішла Каляда калядуючы

Каляды  – гэта старажытнае народнае свята, якое сімвалізуе пачатак новага года, як сонечнага, так і сельскагаспадарчага, абнаўленне жыцця, а калядныя дні – час надзей, чакання цудаў і падарункаў.

Дакрануцца да традыцый святкавання Каляд, стварыць чароўную атмасферу казкі паспрабавалі вучні 5 “Б” класа  нашай гімназіі. Яны падрыхтавалі імпрэзу “Ішла Каляда калядуючы” і наведалі хлопчыкаў і дзяўчынак 1-х і 2-х класаў.  Пяцікласнікі ў ролі калядоўшчыкаў (Звяздар, Механоша, Павадыр, Каза, Мядзведзь, Музыка, Цыгане) спявалі віншавальныя і хвалебныя песні  пад музыку гармоніка, жадалі здароўя, дастатку і шчасця. Галоўнай гераіняй прадстаўлення была Каза. У славянскай міфалогіі яна лічылася сімвалам урадлівасці і дабрабыту. Каза рабіла выгляд, што памірае. Гэта сімвалізавала сабой заканчэнне старога года, у якім трэба было пакінуць усе нягоды, хваробы, крыўды. Калядоўшчыкі прасілі пачаставаць Казу, каб яна паднялася. Дзеці з радасцю дзяліліся цукеркамі, пячэннем, яблыкамі і мандарынамі. Атрымаўшы пачастункі, Каза «ажывала», што з’яўлялася  сімвалам пачатку  новага жыцця. Пасля гэтага госці дзякавалі за шчодрыя пачастункі і развітваліся. Маленькія гімназісты з цікавасцю сачылі за сюжэтам  тэатралізаванай пастановы, пляскалі ў далоні і падпявалі вясёлым калядоўшчыкам.

Такім чынам, малодшыя школьнікі наглядна пазнаёміліся з элементамі святкавання Каляд –  свята, якое лічыцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю беларускага народа, і атрымалі шмат станоўчых эмоцый.

 

09.01.2022 г.

«У Белавежскай пушчы жыве Зюзя»

Дзед Мароз – улюбёнец усіх дзяцей і многіх дарослых. Гэта не толькі казачны, але ўжо і рэальны персанаж практычна ў кожнай краіне. Да яго штогод імкнуцца трапіць не толькі дзеці, але і дарослыя. Многія задаюцца пытаннем: «Як завуць беларускага Дзеда Мароза?»

Адказ на гэта пытанне шукалі  вучні 1 “Г” класа. Аднакласнікі, якія ў гэтым годзе наведаліся да Дзеда Мароза ў Белавежскую пушчу, прынеслі фотаздымкі і падзяліліся сваімі ўражаннямі ад убачанага там.

Вучні расказалі, што беларускага  Дзеда Мароза інакш завуць Зюзя. Ён чараўнік, дорыць дзецям падарункі і выконвае іх мары. Як і належыць, у яго ёсць унучка Снягурка, а жывуць яны ў сваёй сядзібе ў Белавежскай пушчы.

Апранаецца Зюзя у чырвонае футра і валёнкі, а Зюзя апранае кашулю, вышываную беларускім арнаментам. Чароўны кій Зюзя носіць пастаянна з сабой.

Побач з палацам Дзеда Мароза знаходзіцца домік Снягуркі – музей скарбаў, дзе захоўваюцца падарункі, лісты, фотаздымкі, малюнкі і вырабы, якія былі дасланыя дзецьмі Дзеду Марозу.

Рэзідзенцыя Зюзі ўпрыгожана шматлікімі казачнымі скульптурамі. Тут ёсць Бураціна, Шчупак, Воўк  і шмат іншых персанажаў. Сцяжынка, якая вядзе да чароўнага возера, па ўсёй даўжыні суправаджаецца лаўкамі, побач з якімі стаяць маленькія фігуркі гномаў. Яны дапамагаюць не згубіцца гасцям у лясным гушчары, адшукаць ядомыя грыбы, падказваюць, якія з іх несапраўдныя і атрутныя.

Такім чынам, малодшыя школьнікі пазнаёміліся з казачным персанажам, без якога не абыходзіцца дзіцячая мара.

 

28.12.2021 г.

Жыць у Беларусі і не цікавіцца прошлым сваёй краіны немагчыма. Самабытная культура беларусаў сваімі каранямі зыходзіць у глыбокую старажытнасць.Беларусы – народ, які многія стагоддзі жыве на скрыжаванні дарог паміж Захадам і Усходам, Поўначчу і Поўднем, дзіўным чынам змог захаваць звесткі аб вераваннях нашых далёкіх продкаў-язычнікаў, з якімі даволі натуральна пазней сталі сплятацца хрысціянскія традыцыі. Цікавыя звесткі пра герояў беларускіх легенд, міфаў, паданняў перадаваліся з пакалення ў пакаленне.

Як задобрыць злых духаў і не раззлаваць добрых? Адкуль пайшлі беларусы? Хто такія ваўкалакі? Што вядома пра Усяслава Чарадзея? Адкуль у нашым краі з’явіліся буслы, і дзе шукаць папараць-кветку, якая дапамагае здзейсніць любыя мары? На ўсе гэтыя пытанні шукалі адказы вучні 2 “В” класа, якія сталі ўдзельнікамі літаратурнага падарожжа“Легенды і паданні зямлі беларускай”.

      На працягу мерапрыемства вучні з вялікайцікавасцюпраслухалі самыя вядомыя беларускія легенды, з задавальненнем тлумачылі беларускія прыказкі і прымаўкі, разгадвалі крыжаванкі і загадкі. Усе ўдзельнікі мелі магчымасць праявіць свае перакладчыцкія здольнасці.

Прыемна бачыць, як актыўныя, знаходлівыя, добразычлівыя маленькія жыхары нашай краіны ўпэўнена і з вялікім жаданнем ўзнімаюцца па прыступках ведаў аб непаўторнай гісторыі беларускага краю.

 

08.12.2021 г.

Я куплю сабе дуду,

Я на вуліцу пайду.

Гучней, дудачка, гудзі!

Мы гуляем – ты вадзі!

 Гульнёвая дзейнасць з’яўляецца вядучай для дзяцей. Менавіта таму 25 лістападаў групе падоўжанага дня 4 “В” і 4 “Г” класаў прайшлі заняткі, прысвечаныя беларускім народным гульням. Дзеці даведаліся, што многія народныя гульні ўзніклі з абрадаў і развіваліся са старажытных часоў, а зараз успрымаюцца як сродак адпачынку. Дзецям вельмі спадабалася гуляць. Так, у гульні “Ліст” дзеці спачатку складалі з асобных частак малюнак (пазл), а потым расказвалі па ім розныя гісторыі. У гульні “Прэла-гарэла” прывабілі дзяцей элементы загадвання і адгадвання, чакання і нечаканасці.

Не абышлі бокам чацверакласнікі і гульні беларускага народа. Цікавасць выклікалі і гульні, якія цесна звязаны з бытам, працоўнай дзейнасцю людзей, прыродай. Праз гульню “Вожык і мышы” дзеці назіралі за навакольным асяроддзем. Гульня “Гарлачык” пазнаёміла з працай беларусаў у даўнія часы. Гульні-карагоды  “Грушка” і “Бярозка” спалучалі словы і рухі, што дазволіла вызваць цікавасць да народнай творчасці, да роднай мовы. Гульні з элементамі драматызацыі “У Мазаля”, “Іванка” спрыялі пашырэнню ўяўленняў дзяцей пра сваю краіну і свой народ, яго самабытныя звычаі, абрады і традыцыі. Падчас іх дзеці з задавальненнем размаўлялі па-беларуску.

Прайграваючы розныя ролі, жыццёвыя альбо выдуманыя, амаль фантастычныя, вучні ставілі сябе ў самыя розныя неспадзяваныя ўмовы і давалі волю сваёй фантазіі, творчасці, забываючыся на тэлефоны і смартфоны, так моцна ўвайшоўшыя ў наша жыццё.

Беларускія народныя гульні дапамаглі займальна і з карысцю правесці час на свежым паветры.

 

26.11.2021 г.

У межах Года народнага адзінства вучні  ДУА “Магілёўская гарадская гімназія №1” прынялі ўдзел у гарадскім конкурсе творчых работ “Вместе мы большая сила – вместе мы одна страна” і падзяліліся сваімі любімымі творамі на роднай мове.

Вучаніца 7 “В” класа Балахонава Сафія прадэкламавала верш Артура Вольскага “Мой скарб”, а Башарымава Маргарыта (таксама вучаніца 7 “В” класа) прачытала верш “Дарагая Беларусь” Петруся Броўкі. Гарнічар Анастасія, вучаніца 7 “Б” класа, прачытала верш магілёўскай пісьменніцы Алены Беланожка “Беларускі край”.

Жадаем поспехаў нашым дзяўчынкам!

 

15.11.2021 г.

11 лістапада ў групе падоўжанага дня 4 ”Д” класа адбылася інтэлектуальная гульня “Песняры зямлі беларускай.” Падрыхтоўка  да гульні пачалася за тыдзень да мерапрыемства. Дзеці знаёміліся з біяграфічнымі звесткамі Янкі Купалы і Якуба Коласа, разам чыталі творы славутых песняроў беларускай зямлі, слухалі песні на іх вершы, з вялікай цікавасцю глядзелі відэаролікі.

У час правядзення інтэлектуальнай гульні спаборнічалі дзве каманды, якія выконвалі розныя заданні. З вялікай цікавасцю вучні  разгадвалі рэбусы, крыжаванкі, разыгрывалі сцэнкі з твораў знакамітых аўтараў, чыталі на памяць іх вершы, працавалі ў якасці рэдактараў. Падчас мерапрыемства вучні праявілі кемлівасць, творчасць, назіральнасць, што зрабіла гэту гульню яркай і запамінальнай.

 

05.11.2021 г.

Жыць у Беларусі і не любіць яе мову немагчыма.

Беларускамоўны чацвер (28 кастрычніка) сабраў усіх, хто паважае, любіць і ведае родную мову. Вучні 2 “В” класа сталі ўдзельнікамі пазнавальнай гульні “Не проста ў словы я гуляю – на роднай мове размаўляю!”

На працягу мерапрыемства вучні вандравалі па станцыях, выконваючы розныя цікавыя заданні. З вялікім задавальненнем яны тлумачылі беларускія прыказкі і прымаўкі, разгадвалі крыжаванкі і загадкі, чыталі вершы нашых знакамітых пісьменнікаў, праяўлялі свае перакладчыцкія здольнасці. Беларускамоўную атмасферу дапамаглі стварыць і напевы роднай музыкі.

Усе ўдзельнікі гульні мелі магчымасць паказаць свае здольнасці, праявіць творчасць і таленавітасць. Вельмі прыемна бачыць, як актыўныя, знаходлівыя, добразычлівыя маленькія жыхары нашай краіны ўпэўнена і з вялікім жаданнем ўзнімаюцца па прыступках ведаў аб непаўторным беларускім краі.

 

25.10.2021 г.

Мова... Родная мова... Беларуская мова...

Па ёй лёгка пазнаць, што мы беларусы. А як часта мы чуем яе? Як часта захапляемся яе мілагучнасцю, напеўнасцю, непаўторнасцю, хараством? На жаль, не часта.
Вось чаму многія беларускія пісьменнікі звяртаюцца да нас, беларусаў, каб мы не цураліся роднага слова, а часцей размаўлялі на мове нашых продкаў. Не засталіся ўбаку і вучні 4 “Б” і 4 “В” класаў. 21 кастрычніка ў групе падоўжанага дня адбылася інтэлектуальная гульня “Чароўны куфэрак”. На працягу мерапрыемства вучні былі захоплены цікавымі беларускімі паданнямі і легендамі, пашыралі свой запас мудрымі прыказкамі і прымаўкамі, фразеалагізмамі, інсцэніравалі гумарэскі, спрабавалі свае здольнасці ў вымаўленні скорагаворак, аб’ядноўвалі свае намаганні пры выкананні розных конкурсных заданняў.

Родная мова звязала ўсіх вучняў у адно цэлае, дала магчымасць выказваць свае думкі, дапамагала спазнаваць невядомае.

Любіце і шануйце сваю мову! Бо “пакуль жыве мова, жыве сам народ, гэта карані, якія трымаюць яго.”

 

20.10.2021 г.

Свет роднай мовы

З 11 па 16 кастрычніка ў гімназіі ў чарговы раз адбыўся Тыдзень беларускай мовы і літаратуры. Да гэтага свята роднай мовы былі аформлены стэнды “Збяры Беларусь у сваім сэрцы!”, “Свет роднай мовы”, “Калі ёсць у народа такія – не загіне давеку народ…” Кожны дзень Тыдня быў прысвечаны пэўнай тэме.

Так, першы дзень  прайшоў пад назвай “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”.  Ён урачыста пачаўся з радыёгазеты. Усе мерапрыемствы былі звязаны з нашай роднай зямлёй і аб’яднаны словамі :

 Радзіма – гэта шчасце, Радзіма – гэта рай.

 Радзіма – гэта песні, што льюцца з краю ў край,

 Радзіма – гэта сонца, зямля ў зіхценні рос.

 І любім мы Радзіму, яна – наш светлы лёс!

Вучні 6 класаў у гэты дзень здзейснілі завочную  вандроўку па родным краі “Зямля мая! Мая Радзіма!”, якую для іх правялі вучні 11”В” класа. Мерапрыемства было распачата словамі вядучых :

Добры дзень! Усіх вітаем.

У падарожжа запрашаем.

Па роднай краіне вандраваць,

Свае веды папаўняць.

І гэта сапраўды так і было. Шасцікласнікі не толькі вандравалі па Беларусі, слухалі вершы і песні пра нашу краіну,  нагадвалі вядомыя мясціны роднага краю, успаміналі гістарычныя падзеі нашай Бацькаўшчыны,  але і  адкрывалі для сябе новыя веды.

Падчас вандроўкі вучні  паглядзелі відэафільм, створаны на аснове верша Васіля Віткі “Казкі і краскі”,  разгадалі загадкі пра жывёльны і раслінны свет Беларусі, адказалі на пытанні віктарыны,  склалі памятку “Славутыя людзі Беларусі”.

Вандроўка па родным краі дала магчымасць кожнаму вучню – і падарожніку, і экскурсаводу – адчуць гонар за сваю краіну і свой народ: 

Радзіма наша — Беларусь,

І, колькі ні шукай,

Не знойдзеш ты на ўсёй зямлі

Мілей, чым гэты край.

Таму ў жыцці не трэба быць

Няшчырым, сквапным, злым.

Не забывай: ты беларус!

І заставайся ім!

А яшчэ вучнямі была арганізавана фотавыстава “Матывы роднай Беларусі”. Падчас мерапрыемства вучням была прапанавана віктарына. Кожны з удзельнікаў атрымаў картку з апісаннем архітэктурнага ці гістарычнага помніка нашай краіны. Трэба было здагадацца, які помнік апісваецца, і прымацаваць на карту Беларусі з улікам яго месцазнаходжання. Мерапрыемства садзейнічала пашырэнню ўяўленняў пра сваю Радзіму, выхаванню нацыянальнай самасвядомасці школьнікаў.

 Першы дзень Тыдня закончыўся праектам “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”. Родная старонка… Самы блізкі і дарагі сэрцу куточак… З самага дзяцінства памяць убірае ўсе самыя цікавыя, запамінальныя і пяшчотныя малюнкі роднага краю. А колькі па ўсёй нашай краіне захапляльных краявідаў, помнікаў гісторыі і архітэктуры!

 Для праекта вучні гімназіі  адабралі са сваіх уласных фотаархіваў  здымкі, звязаныя з прыродай і славутымі месцамі нашай Радзімы, і прымацавалі іх на самаробнай карце Беларусі. Прыемна адзначыць, што гімназісты добра ведаюць сваю краіну. Яны пабачылі многія мясціны на ўласныя вочы: Сафійскі сабор, Белую вежу, Белавежскую пушчу, музеі Ф. Скарыны і Я. Коласа, Магілёўскі заасад, Брэсцкую крэпасць, Свята-Ефрасіннеўскую царкву, а таксама незабыўныя па сваёй прыгажосці лугі, лясы, рэкі і азёры Беларусі. І ўсё гэта – наш родны край, які патрэбна ведаць, якім трэба ганарыцца, бо “ ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына…”

Другі дзень Тыдня “Літаратурны” быў прысвечаны беларускім пісьменнікам. Яркай зоркай на небасхіле беларускай літаратуры з’яўляецца асоба Максіма Багдановіча, 130-годдзе з дня нараджэння якога будзе адзначаць уся краіна ў снежні 2021 года.  Невыпадкова яго называюць песняром красы і гармоніі. Кожнае пакаленне зноў і зноў адкрывае для сябе веліч асобы паэта і незвычайнае хараство яго лірыкі. Максім Багдановіч – гонар і слава беларускай літаратуры, адзін з самых знакамітых і любімых паэтаў. З нагоды юбілею васьмікласнікамі быў арганізаваны “Паэтычны вернісаж”. Вучні чыталі ўсім вядомыя вершы: “Раманс”, “Зімой”, “Слуцкія ткачыхі”, “Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы”, “Вадзянік”, “Санет” і іншыя. Гімназісты выступалі з паведамленнямі пра жыццёвы і творчы шлях паэта, разважалі над вядомымі радкамі Максіма Багдановіча, якія напоўнены глыбокай філасофскай думкай: “жывеш не вечна, чалавек – перажыві ж у момант век!” Падчас мерапрыемства вучні звярнуліся і да гісторыі стварэння славутых слуцкіх паясоў, узору дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, адной з нацыянальных рэліквій беларускага народа. Мерапрыемства атрымалася вельмі насычаным і цікавым.

Свае словы ўдзячнасці класіку беларускай літаратуры вучні гімназіі змаглі выказаць у акцыі “Чытаем верш М. Багдановіча “Зімой” разам”. Гімназісты з задавальненнем дэкламавалі гэты твор.

Вучні 5 класаў бралі ўдзел у конкурсе малюнкаў “Мой любімы беларускі твор”. Хлопчыкі і дзяўчынкі падрыхтавалі цудоўныя малюнкі, у якіх адлюстравалі найбольш цікавыя фрагменты сваіх любімых твораў: літаратурных і народных казак, легендаў, вершаў, апавяданняў. Запамінальнымі сталі ілюстрацыі да казак “Лёгкі хлеб”, “Пшанічны каласок”, “Разумная дачка”, да вершаў Уладзіміра Караткевіча “Бацькаўшчына”, “Беларуская песня”, апавяданняў Васіля Віткі “Травінка”, Алены Васілевіч “Браты-артысты” і інш. Прыемна было адзначыць, што гэты конкурс не пакінуў абыякавым ніводнага пяцікласніка. Усе змаглі праявіць назіральнасць, кемлівасць, творчыя здольнасці.

Літаратурная віктарына “Вядомыя – невядомыя пісьменнікі” была праведзена для вучняў 9,10 класаў. Гімназісты з цікавасцю выконвалі прапанаваныя заданні. Вучні пазнавалі пісьменнікаў па партрэтах, суадносілі псеўданімы з фотаздымкамі мастакоў слова, вызначалі па цытатах творы і аўтараў, узгадвалі творы па ілюстрацыях і інш. Мерапрыемства спрыяла паглыбленню ведаў пра жыццё і творчасць беларускіх пісьменнікаў, а таксама выклікала цікавасць да мастацкага слова.

Трэці дзень “Пазнавальна-забаўляльны" быў прысвечаны гульням, бо гуляць любяць усе: і дзеці, і дарослыя. У гульні праяўляюцца многія якасці: пачуццё калектывізму, узаемадапамогі, кемлівасць і знаходлівасць.

На працягу дня былі арганізаваны інтэрактыўныя перапынкі каля стэнда “Свет роднай мовы”, дзе вучні маглі паспрабаваць свае сілы ў разгадванні крыжаванак, рэбусаў, шарад, галаваломак. Вучні папаўнялі свой слоўнікавы запас, паказвалі акцёрскае майстэрства, зашыфроўваючы і адгадваючы беларускія словы.

Сваё ўменне хутка і правільна вымаўляць скорагаворкі вучні змаглі паказаць у акцыі “Беларускія хуткамоўкі”. А паспрабуйце і вы! “Тры дрывасекі, тры дрываколы на трох дварах дровы колюць”, “Піліп да ліпы прыліп”, “Гаварыў, гаварыў, не дагаварыў, дагаварыў, дагаворваў ды загаварыўся”. Лепшым падарункам “хуткамоўцам” былі добры насторой і апладысменты аднакласнікаў.

Самымі актыўнымі ўдзельнікамі гэтага дня былі пяцікласнікі. Гульнёвы конкурс-спаборніцтва “Разгадай фразеалагізм, рэбус” прыйшоўся даспадобы дапытлівым вучням, якія падчас конкурсу паказалі, наколькі трывала валодаюць родным словам. А тыя, хто здолеў назваць як мага больш фразеалагізмаў і зашыфраваных у рэбусах слоў, станавіліся пераможцамі і атрымлівалі салодкія прызы.

Мы ўпэўнены, што “Пазнавальна-забаўляльны" дзень застанецца ў памяці вучняў надоўга.

 Адным з самых цёплых, пяшчотных і ласкавых дзён тыдня быў чацвёрты дзень  “Мы ўсе жывём пад зоркамі матуль".

 Як добра, што 14 кастрычніка ў нашай краіне святкуецца Дзень маці. Існуе цудоўная легенда: калі Бог раздаваў дзецям па анёлу-ахоўніку, гаварыў, што яны будуць накіроўваць хлопчыкаў і дзяўчынак на правільны шлях, аберагаць іх ад напасцяў і нягод, клапаціцца аб іх, хвалявацца за кожнае імгненне жыцця. А на пытанне дзяцей, як яго будуць зваць, Бог адказаў: “Яго назавуць вельмі проста – Мама”.

І праўда, мама як сапраўдны анёл-ахоўнік, яна самы цудоўны чалавек на свеце. Мама заўсёды падтрымлівае цябе і разумее, менавіта з ёю ты зможаш падзяліцца сваім горам і радасцю, менавіта яна будзе перажываць за цябе, колькі б гадоў табе ні было.

Да светлага свята – Дня маці, у нашай гімназіі прайшлі разнастайныя мерапрыемствы. На перапынках паміж урокамі гучалі беларускія песні пра маці. Адзінаццацікласнікі чыталі вершы беларускіх пісьменнікаў пра самага дарагога чалавека на свеце. Усе жадаючыя маглі прыняць удзел у акцыі “Пажаданні ў падарунак” і зрабіць паштоўкі з віншаваннямі для сваіх любых матуль. Шасцікласнікі рыхтавалі вусныя выказванні пра сваіх матуль, агучвалі словы падзякі і любові. Лейтматывам гэтага светлага дня, напоўненага шчырымі пачуццямі, яркімі эмоцыямі, прыемнымі словамі, сталі словы Рыгора Барадуліна:

Вочы твае
Нада мной узышлі
Сузор'ямі цішыні,
Сусветамі дабрыні,
Пакуль ёсць яны –
Мне на зямлі

Светла, МАМА...

“Як ты дорага мне, мая родная мова! Мілагучнае, звонкае, спеўнае слова!" Гэтая цытата з верша Ніла Гілевіча стала дэвізам пятага дня Тыдня.

 Вучні 8 класаў бралі ўдзел у гульні-віктарыне “Знаўцы беларускай мовы”. Усе прысутныя падзяліліся на тры каманды. Гульня пачалася з размінкі, падчас якой на кожную літару алфавіта трэба было назваць беларускае слова. Далей вучні складалі гексы па тэме “Віды сінтаксічнай сувязі слоў у словазлучэнні”, удзельнічалі ў дыдактычнай гульні “Кракадзіл”. Падчас мерапрыемства вучні дэманстравалі веданне беларускай мовы, узбагачалі свой лексікон , а таксама праявілі акцёрскія здольнасці.

А працягам дня  стала акцыя “Маё любімае слова на роднай мове”. Усе жадаючыя маглі напісаць на сардэчках дарагія для іх словы на беларускай мове. Самымі папулярнымі словамі былі: каханне, матуля, шчасце, сонейка, спадчына, бульба, ажыны, знічка. Акцыя вызвала сапраўдны інтарэс сярод вучняў, падтрымалі яе і настаўнікі-прадметнікі.

Тыдзень беларускай мовы і літаратуры атрымаўся яркім, змястоўным запамінальным, бо кожны дзень вучні адкрывалі для сябе родную мову па-новаму і далучаліся да духоўнай спадчыны беларускага народа.

 

14.10.2021 г.

Роднае слова – гэта першая крыніца,

праз якую мы пазнаём жыццё

і акаляючы нас свет.

Я. Колас

Гэтыя словы адрасаваў да сваіх нашчадкаў знакаміты беларускі пісьменнік. Вывучаць родную мову можна не толькі на ўроках праз выкананне практыкаванняў, але і ў вольны час праз цікавыя віктарыны, конкурсы, гульні.

14 кастрычніка ў групе падоўжанага дня сярод вучняў 3 “Б” і 3 “В”  класаў праводзіўся конкурс “Знаўцы мовы беларускай”. Кожны ўдзельнік атрымаў шыфроўку, разгадаўшы якую, вучні падзяліліся на дзве каманды: “Каласок” і “Васілëк”. Далей дзеці выконвалі розныя заданні, якія адлюстроўвалі іх веды па раздзеле “Лексіка”. Асабліва спадабаліся конкурсы “Інтэлектуальная азбука”, “Тлумачальнік”, “Назаві адным словам”. Таксама было шмат загадак, прыказак і рэбусаў. Каманды працавалі дружна і актыўна. Вучні паказалі сябе сапраўднымі знаўцамі роднай беларускай мовы.

Любіце, ведайце і шануйце мову свайго народа і ўмейце дасканала валодаць ëю!

 

11.10.2021 г.

 

Кожны раз,

Як выходзяць

На плошчу калоны,

Наліваецца неба

Святочнай зарой, -

Сцяг рэспублікі бачу

Чырвона-зялёны,

Што гарыць у сузор’і

Айчыны маёй.

З гэтых радкоў у 4 “А” класе пачаўся вусны часопіс “У сімвалах дзяржавы – гісторыя майго народа”. Занятак пазнаёміў вучняў з гісторыяй узнікнення сімвалаў нашай дзяржавы. Дзеці абмеркавалі значэнне ўсіх элементаў герба і сцяга, паслухалі гімн. Вершы, гульні, канструяванне і іншыя заданні зрабілі мерапрыества цікавым, карысным і запамінальным.

Напрыканцы нашу сустрэчу ўпрыгожылі сардэчкі-сімвалы з адказамі на пытанне “За што я люблю Беларусь?”

 

08.10.2021 г.

7 кастрычніка ў 2 “А” класе адбылася прэзентацыя на тэму “Традыцыі і абрады беларусаў”. Вучні пазнаёміліся з асноўнымі святамі і звычаямі восені. А пачалі са старажытнага народнага свята Дажынкі. Усім цікава было даведацца, як людзі, дажаўшы жыта, плялі вянкі з каласоў, з песнямі і танцамі ішлі ў вёску. У дажынкавых песнях спявалі аб удзячнасці “духам нівы” і прасілі даць урадлівасць і на наступны год.

Далей вучні пазнаёміліся з адным з традыцыйных святаў восені– святам Багач. Як правіла, адзначаецца ён 21 верасня. Вучні даведаліся пра тое, што ў старажытныя часы ў гэты дзень пяклі вялікі каравай з зерня новага ўраджаю, а таксама запаўнялі ўсёй вёскай лубок свежым намалочаным жытам. У ягозерне ўстаўлялі свячу і ўрачыста абыходзілі  з ім усю вёску і пакідалі  на год у аднаго з гаспадароў. Абрад быў скіраваны на захаванне дабрабыту, сямейнага ладу,  урадлівасці, плоднасці жывелы.

Падчас сустрэчы другакласнікі здзейснілі цікавае і запамінальнае віртуальнае падарожжа ў славуты музей “Дудуткі”. Вучні прыгадалі народныя промыслы, убачылі вырабы з саломкі, лазы, гліны, шкла. Падарожнікі ўпэўніліся, што наша краіна багатая таленавітымі майстрамі.

 

01.10.2021 г.

Чаму Беларусь называюць сінявокай? На гэта пытанне пачалі шукаць адказ вучні першых класаў гімназіі пасля віртуальнага падарожжа  “Беларусь – мая Радзіма”. На працягу тыдня першакласнікі слухалі вершы беларускіх паэтаў, адгадвалі загадкі, разглядалі фотаздымкі, знаёміліся з прэзентацыямі і геаграфічнай картай. Яны даведаліся, што на тэрыторыі нашай краіны размяшчаецца шмат рэк, вадасховішчаў, а таксама вялікая колькасць азёр – каля 11 тысяч. Яны раскінуліся паміж лясамі і лугамі, вёскамі і гарадамі.

Доўгія, не адрозніш ад ракі, круглыя, як сонейка, глядзяць зараз “блакітныя вочы “ з малюнкаў хлопчыкаў і дзяўчынак, размешчаных на выставе “Зямля блакітных рэк і азёр”.

 

24.09.2021 г.

У свеце беларускіх народных музычных інструментаў

 

Няхай заўжды свабодна і трывала,

Каб нашу Беларусь душой пазнаць,

Гучаць струною скрыпка і цымбалы,

Песнямі гармонікі звіняць.

М. Шынкевіч

Музыка… Ці задумваліся вы, што такое музыка?  Усяго шэсць гукаў, а які глыбокі сэнс!  Музыка – гэта неад’емная частка жыцця чалавека. З ёю мы сустракаемся кожны дзень з самага нараджэння і да апошняй хвіліны жыцця. 

Само слова “музыка” мае старажытнагрэчаскае паходжанне  і перакладаецца як “мастацтва муз”. Асноўным сродкам гэтага віду мастацтва з’яўляецца гук, мелодыя. Нездарма музыку называюць мовай гукаў.

Вучні сёмых класаў  змаглі звярнуцца да гэтага віду мастацтва  падчас этнаграфічнага калейдаскопа  “У свеце беларускіх народных музычных інструментаў”.  Сямікласнікі даведаліся пра дудку і цымбалы,  бандурку і басэтлю,  бубен і гармонік,  жалейку і ліру,  скрыпку і шархуны,  паглядзелі відэафільм і паслухалі чароўныя гукі дуды і гусляў, зачыталі ўрыўкі з паэм  Я. Коласа “Сымон-музыка” і Я. Купалы “Курган”, з апавядання М. Багдановіча “Музыка”. А напрыканцы сустрэчы ўсіх чакаў сюрпрыз: вучаніца 7 “Б класа”  Кускова Маргарыта на скрыпцы выканала кампазіцыю да фільма “Спіс Шындлера” Джонса Уільямса. Гукі музыкі запоўнілі ўсю аўдыторыю, і складвалася ўражанне, што “сама душа, здаецца, услед за гукамі ляціць”.

Слухайце музыку, любіце музыку – і ваша жыццё напоўніцца новымі фарбамі і пачуццямі!     

 

17.09.2021 г.

Мы беларусы! Мы адна сям’я! 

Менавіта гэтыя словы сталі лейтматывам сустрэчы за круглым сталом, прысвечанай Дню народнага адзінства, якая прайшла 16 верасня для вучняў 6 “Г” класа.

Шасцікласнікі пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення гэтага свята (дарэчы, у гэтым годзе ўпершыню ўся краіна адзначала Дзень народнага адзінства), нагадалі краін-суседак, якія мяжуюць з Беларуссю, адказалі на пытанні  віктарыны пра нашу Радзіму, падабралі словы-сінонімы да тэрміна адзінства, назвалі рысы,  уласцівыя беларускаму народу, нагадалі прыказкі пра сяброўства, пра сілу адзінства.

Напрыканцы сустрэчы вучні прапанавалі  свае слоганы: “Я, ты, ён, яна! Мы беларусы! Мы адзіная сям’я!”, “У адзінстве наша сіла!”, “Разам мы жывём! Значыць, мы не прападзём!” , “Радзіма ў нас адна, другой няма”,  “Мы толькі разам усё зможам, усе беды пераможам!”, “Мы разам!”

 

09.09.2021 г.

СВЯТА БЕЛАРУСКАГА ПІСЬМЕНСТВА

Штогод у першую нядзелю верасня адзначаецца нацыянальнае свята — Дзень беларускага пісьменства, якое для ўсіх нас мае вялікае значэнне.

Мы жывём у краіне, якая завецца Рэспубліка Беларусь. Кожны чалавек павінен ведаць і памятаць: адкуль ён родам, хто яго продкі.

Дзень беларускага пісьменства гэта сімвал шанавання культурнай і духоўнай спадчыны Беларусі.

Свята праводзіцца ў гарадах, якія з'яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі, з якімі звязаны жыццё і дзейнасць вядомых дзеячаў літаратуры, культуры, мастацтва. Упершыню, у 1994 годзе, Дзень пісьменства  праходзіў у старажытным горадзе Полацку. Затым сталіцамі свята сталі такія гістарычна значныя культурныя цэнтры краіны, як Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Слонім, Бялынічы.

4-5 верасня 2021 года ў г. Капыль Мінскай вобласці прайшоў XXVIII Дзень беларускага пісьменства пад слоганам “Слова нас аб’ядноўвае”.

За сваю шматгадовую гісторыю Дзень беларускага пісьменства стаў па-сапраўднаму нацыянальным святам, значнай падзеяй культурнага жыцця краіны.

Святкаванне Дня беларускага пісьменства – гэта паказ непарушнага адзінства беларускага друкаванага слова і гісторыі беларускага народа, яго цеснай сувязі са славянскімі вытокамі, а таксама асэнсаванне гістарычнага шляху пісьменства і друку ў Беларусі.

 

02.09.2021 г.

ДЗЕНЬ ВЕДАЎ

Дзень ведаў –  асаблівае свята, добрае, светлае, аптымістычнае. З яго пачынаецца дарога ў цудоўны свет, які дорыць радасць, пазнанне.  Гэта свята кніг, кветак, сяброў, усмешак, святла!

1 верасня 2021 года дзверы нашай гімназіі  зноў расчыніліся, каб даць старт новаму навучальнаму году!

Усе дзецi, адпачнуўшыя і загарэлыя, зноў сабраліся на школьным двары. Яны радаваліся сустрэчы з аднакласнікамі, класнымі кіраўнікамі і любімымі настаўнікамі.

Традыцыйна 1 верасня ў  гімназіі  прайшлі ўрачыстая лінейка, прысвечаная Дню ведаў,  i першы ўрок "У адзінстве беларускага народа – аснова незалежнай краіны".

Спадзяёмся, што наступны год адкрые для вучняў шмат новых магчымасцей, падорыць натхненне і радасць. Імкніцеся да ведаў, дасягайце сваіх мэт, удасканальвайцеся ва ўсім! Педагогам мы жадаем моцнага здароўя, заўсёды добрага настрою, здольных і актыўных вучняў. А бацькам – мудрасці, разважлівасці і веры ў таленты дзяцей.

Няхай новы вучэбны год будзе лёгкім і насычаным!

 

27.05.2021 г.

КНІГА – ГЭТА ЦЭЛЫ СВЕТ

Шчаслівы той чалавек, хто любіць чытаць. Ён заўсёды сярод добрых і надзейных сяброў­– кніг.Кніга – найважнейшы здабытак людской мудрасці, яна захоўвае памяць пра чалавечы род, нашых продкаў, падзеі мінулага.

Нам цяжка нават уявіць свет, у якім няма кніг. Да яе мы прывыклі з самага дзяцінства. Кніга раскрывае перад намі дзіўныя таямніцы жыцця і дае карысныя парады ў цяжкія хвіліны, вучыць нас разумець саміх сябе. Нездарма мастацкую літаратуру называюць чалавеказнаўствам. Разважаючы над паводзінамі і перажываннямі літаратурных герояў, мы лепш разумеем людзей, часцей задумваемся і над сваім месцам сярод іх.

            Як мага больш чытайце, думайце, разважайце. Дзівосная Краіна Літаратуры чакае вас.

 

Спіс твораў для чытання летам

5 клас

1.    Беларускія народныя казкі

2.    У. Караткевіч “Нямоглы бацька”, “Кацёл з каменьчыкамі”, “Былі ў мяне мядзведзі”

3.    Г. Далідовіч “Страта”

4.    М. Лужанін “Добры хлопец Дзік”

5.    М. Лынькоў  “Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў”

6.    А. Кудравец “Цітаўкі”

7.    У. Дубоўка “Як Сінячок да сонца лётаў”

8.    А. Масла “Таямніцы закінутай хаты”

9.    А. Якімовіч “Рыжык”

6 клас

1.    У. Караткевіч “Лебядзіны скіт”

2.    Ян Баршчэўскі “Вужыная карона”

3.    К. Чорны “Насцечка”

4.    Р. Баравікова “Казкі астранаўта”

5.    Я. Маўр “У краіне райскай птушкі”

6.    А. Федарэнка “Шчарбаты талер”

7.    В. Вольскі “Падарожжа па краіне беларусаў”

8.    Я. Брыль “Маці”

9.    А. Якімовіч “Эльдарада просіць дапамогі”

 7 клас

1.    І. Навуменка “Настаўнік чарчэння”

2.    Я. Брыль “Сірочы хлеб”

3.    М. Лупсякоў “Мэры Кэт”

4.    В. Адамчык “Урок арыфметыкі”

5.    А. Васілевіч “Горкі ліпавы мёд”

6.    У. Караткевіч “Кніганошы”

7.    М. Чарняўскі “Страла расамахі”

8.    У. Шыцік “Зорны камень”

9.    В. Быкаў “Незагойная рана”

8 клас

1.    В. Карамазаў “Дзяльба кабанчыка”

2.    А. Дудараў “Вечар”, “Кім”

3.    У. Караткевіч “Паром на бурнай рацэ”, “Лісце каштанаў”

4.    Г. Далідовіч “ Губаты”

5.    В. Быкаў “Жураўліны крык”, “Страта”

6.    Я.Купала “Паўлінка”

7.    П. Місько “Грот Афаліны”

8.    В. Вольскі “Несцерка”

9.    Р. Баравікова “Казімір – сын Ягайлы + Насця з 8 “Б””

9 клас

1.    М. Гусоўскі “Песня пра зубра”

2.    Ян Баршчэўскі зб.”Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”

3.    А. Міцкевіч “Свіцязянка”

4.    К. Вераніцын “Тарас на Парнасе”

5.    В. Дунін-Марцінкевіч “Пінская шляхта”

6.    Я. Колас “Новая зямля”

7.    М. Гарэцкі “Роднае карэнне”

8.    І. Шамякін ”Трывожнае шчасце”( першая кніга “Непаўторная вясна”)

9.    У. Караткевіч “Дзікае паляванне караля Стаха”

10 клас

1.    Ф. Багушэвіч “Кепска будзе”

2.    Я.Купала “Раскіданае гняздо”

3.    Я.Колас “На ростанях” (частка першая “У палескай глушы”)

4.    М. Гарэцкі “Літоўскі хутарок”

5.    З. Бядуля “Бондар”

6.    К. Крапіва “Хто смяецца апошнім”, “Мілы чалавек”

7.    М. Зарэцкі “Дзіўная”

8.    К. Чорны “Пошукі будучыні”

9.    І. Мележ “Людзі на балоце”

11 клас

1.    В. Быкаў “Сотнікаў”, “Знак бяды”, “Жоўты пясочак”, “Альпійская балада”

2.    І. Шамякін “ Сэрца на далоні”, “Гандлярка і паэт”

3.    А. Дудараў “Князь Вітаўт”

4.    Н. Гілевіч “Родныя дзеці”

5.    А. Жук “Праклятая любоў”

6.    А. Петрашкевіч “Напісанае застаецца”

7.    І. Чыгрынаў “У ціхім тумане”

8.    І. Навуменка “ Хлопцы самай вялікай вайны”

9.    А. Дудараў “Радавыя”

 

Вандруйце па старонках кніг – івы набудзеце шмат незабыўных уражанняў і новых ведаў, атрымаеце сапраўдную душэўную асалоду

 

25.05.2021 г.

Люблю чытаць па-беларуску

Чытаць – гэта і праца, і свята.

Янка Брыль

 Як правесці свой вольны час? Чым цікавым заняцца?

Напэўна, кожны чалавек час ад часу задае сабе такія пытанні. А адказ вельмі просты: сядзь утульней і вазьмі ў рукі цікавую кнігу, атрымай асалоду ад чытання на роднай мове. Нездарма М. Танк пісаў, што “добрая кніга з’яўляецца лепшым сябрам у жыцці”, бо мудрасць, якая змяшчаецца ў творах мінулых гадоў, здольная жыватворным чынам уплываць на сучаснае жыццё. Чытанне якаснай літаратуры часам замяняе зносіны з разумным чалавекам, болюдзі кажуць, што кніга – лепшы суразмоўца, мудры і ўважлівы.

Вучні гімназіі бралі ўдзел у конкурсе буктрэйлераў “Люблю чытаць па-беларуску”, які быў прысвечаны творам-юбілярам 2021 года. Асабліва актыўнымі былі вучні дзясятых класаў, якія рабілі невялікія відэаролікі па матывах твораў К. Крапівы “Хто смяецца апошнім”, Я. Баршчэўскага “Шляхціц Завальня, альбо Беларусь у фантастычных апавяданнях”, А. Адамовіча “Хатынская аповесць”, М. Лынькова “Міколка-паравоз”, І. Шамякіна “Трывожнае шчасце”, І. Мележа “Людзі на балоце”. Такая  праца дала магчымасць кожнаму ўдзельніку конкурсу праявіць свае літаратурныя і творчыя здольнасці, адчуць сябе і рэжысёрам, і пастаноўшчыкам, і мантажорам, і акцёрам, і аператарам, і дызайнерам, і  камп’ютаршчыкам. А галоўнае – усе вучні атрымалі задавальненне ад чытання твораў беларускіх класікаў.

Чацвёра вучняў гімназіі сталі прызёрамі гарадскога конкурсу буктрэйлераў. Скарабагатаў Уладзіслаў (10 “А” клас) адзначаны дыпломам 1-й ступені за працу па творы І. Мележа “Людзі на балоце”, а Ермаловіч Павел (10 “А” клас) за буктрэйлер да гэтага ж твора атрымаў дыплом 2-й ступені, вучаніца 6 “В” класа Башарымава Маргарыта адзначана дыпломам 3-й ступені за буктрэйлер па аповесці К. Чорнага “Насцечка”, дыплом 3-й ступені атрымала і Жукава Марыя ( 10 “Б” клас) за працу па рамане І. Мележа “Людзі на балоце”.

Віншуем пераможцаў! Жадаем творчых поспехаў і надалей!

Чытайце, чытайце па-беларуску! 

 

13.05.2021 г.

Непаўторны свет прыроды

Аповесць М.Лынькова “Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў” даўно стала любімым творам дзяцей. Гэта апошні буйны эпічны твор, якім завяршаецца раздзел “Чалавек і прырода” і наогул курс літаратуры ў 5 класе.

13 мая пяцікласнікі здзейснілі  завочнае падарожжа па запаведных мясцінах нашай краіны. Такія мерапрыемствы дазваляюць выхоўваць  любоў да навакольнага свету, вучаць дзяцей жыць у згодзе з сабой і прыродай, паказваюць яе прыгожосць і непаўторнасць.

Ахова мясцовай флоры і абарона жывёл ажыццяўляецца з дапамогай стварэння ахоўных прыродных тэрыторый: нацыянальных паркаў, заказнікаў, запаведнікаў. У нашай краіне функцыянуе пяць нацыянальных паркаў ці запаведнікаў. Самым першым беларускім нацыянальным паркам была Белавежская пушча.

Белавежская пушча

Гэта прыродная тэрыторыя знаходзіцца ў Брэсцкай вобласці.

Белавежская пушча падзелена на чатыры зоны: запаведная зона, рэкрэацыйная, зона рэгуляванага карыстання і гаспадарчая. Белавежская пушча – гэта ўнікальнае месца, дзе 86% тэрыторыі займаюць лясы з вялікай колькасцю рэдкіх відаў расліннага і жывёльнага свету, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

Бярэзінскі запаведнік

Знаходзіцца запаведнік у двух раёнах Віцебскай і адным раёне Мінскай вобласці і займае плошчу 76,2 тысяч гектар. У канцы XX стагоддзя запаведнік атрымаў статус біясфернага. У запаведніку 4 тыпы экасістэм – лясныя масівы, багністая дрыгва, маляўнічыя вадаёмы і сенажаці.

Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры»

Назва тэрыторыі гаворыць пра яе геаграфічнае становішча. Тэрыторыя парка - гэта, галоўным чынам, азёры і лясы. У цэнтры знаходзіцца горад Браслаў. На Браслаўскіх азёрах развіты экатурызм і паляванне.

Прыпяцкі нацыянальны парк

Прырода беларускага Палесся Гомельскай вобласці адкрывае перад наведвальнікамі парка багатыя рыбацкія і паляўнічыя рэгіёны, маляўнічыя ландшафты, якія на 95 адсоткаў складаюцца з лясоў, рэк і балот.

Налібоцкая пушча

Пушча мае даволі вялікія памеры. Плошча запаведніка дасягае 96 тысяч гектар. Падчас аварыі на атамнай станцыі ў Чарнобылі тэрыторыя гэтага рэгіёна падвяргалася радыеактыўнаму забруджванню.

Многія прадстаўнікі беларускай флоры і фаўны знаходзяцца пад аховай дзяржавы.

 

06.05.2021 г.

Шостага мая вучні 7 класаў прынялі ўдзел у  краязнаўчай віктарыне “З народнага календара” (Веснавыя святы беларусаў).

Беларускі народны каляндар увабраў у сябе  шматлікія абрады, звычаі, прыметы, павер’і, прыказкі, праз якія глыбока раскрываецца ўнутраны свет чалавека, яго светапогляд, штодзённыя клопаты і спробы разгадаць таямніцы навакольнай прыроды. Гэты каляндар патрэбен нам і сёння, каб душой і сэрцам дакрануцца да мудрасці, да жыватворнага вопыту продкаў.

Вясна – цудоўная пара года. Яна нясе з сабой цяпло, абуджэнне ад зімовага сну. Нездарма нашы продкі так любілі гэту пару года і імкнуліся паскорыць яе надыход.

Вясна пачынаецца з месяца сакавіка. Сучасная беларуская назва месяца паходзіць ад слова «сок». У гэту пару сок пачынае цячы з дрэў. Пра пару, калі зіма павінна саступіць месца вясне, у народзе гаварылі: «Люты вады падпусціць, а сакавік падбярэ».

Красавік – другі веснавы месяц. Назва яго паходзіць ад слова «красаваць», бо менавіта ў гэты час з’яўляюцца першыя краскі-кветкі. Прырода яшчэ захоўвае сляды зімы. «Красавік чорны ў полі, а ў бары – белы». Калі вясна здаралася ранняя, дрэвы пачыналі пакрывацца маладымі лісткамі, а першая навальніца  на зялёнае лісце дрэў у народзе ўспрымалася як паказчык будучых поспехаў у жыцці і гаспадарцы. «У красавіку грымот – цёплы будзе год». Сухі красавік абяцаў, што такі будзе і чэрвень, аднак ліпень павінен прыйсці дажджлівы. Пчаляры прыглядаліся: не вылецелі ў красавіку пчолы – чакалі халадоў. У красавіку цвітуць вольха, ляшчына, пралескі, вербы, падбел. Прылятаюць буслы, зяблікі, кнігаўкі, качкі. Даюць прыплод казулі, ласіхі, ваўкі. Канчаткова вызваляюцца ад лёду вадаёмы – разводдзе.

Трэці месяц вясны май. Сучаснай літаратурнай назве месяца «май» адпавядае старабеларуская форма «травень», якая паходзіць ад слова «трава», бо ў гэтым месяцы зямля пакрываецца зеленню. «Майская трава галоднага корміць». «Май зямлю грэе, а сіверам вее». «Дождж у маі – хлеб будзе і на гультая».

Сямікласнікі прыгадвалі такія вясновыя святы, як Масленіца, Гуканне вясны, Саракі,  Дабравесце, Вербная нядзеля, Вялікдзень, Радуніца. Паведамлялі пра звычаі і абрады, а таксама адгадвалі загадкі, крыжаванкі, прыгадвалі беларускія прыказкі і народныя песні.

 

20.04.2021 г.

У прыродзе колькі хараства!

Усё ў гэтым краі сэрцу міла,
Бо я люблю край родны мой…
                                               К. Буйло

Прырода – гэта сапраўдная таямніца! Яна кожны раз адкрывае нам нешта новае, дзіўнае, непаўторнае, да гэтага нязведанае. Трэба толькі ўмець заўважыць гэту прыгажосць.

Сонейка ўсміхаецца – гэта цуд! Траўка расце – гэта таксама цуд! Салоўка спявае – цуд! Як можна не любавацца сонечнымі зайчыкамі, якія прабіваюцца праз густую зеляніну верхавін соснаў і елак! Як можна не любавацца пясчаным берагам ласкавай ракі з празрыстымі гаманлівымі хвалямі, што зіхацяць-пераліваюцца на сонцы!  Як можна не любавацца аксамітным дываном лугу, упрыгожанага рознакаляровымі краскамі! Луг нібы зачараванае царства. Паўсюль туды-сюды снуюць па-святочнаму стракатыя матылькі, завіхаюцца працавітыя мурашкі і не менш руплівыя пчолкі, чуецца спеў жаваранка, цвырканне конікаў. Жыццё ідзе, кіпіць, бурліць! Ці ж гэта не цуд!

Але як крыўдна і нават страшна становіцца, калі раптам натыкаешся на зламанае дрэва, перасохлы ручай ці на сметнік. Тады разумееш, што ўся гэта прыгажосць можа загінуць. І не будзе чутна ні спеваў птушак, ні цвыркання конікаў, не будзе мурашоў, пчолак, жучкоў…

Менавіта пра родную прыроду, пра яе прыгажосць, пра беражлівыя адносіны гаварылі вучні шостых класаў падчас літаратурных чытанняў “У прыродзе колькі хараства!” Свае выказванні шасцікласнікі падмацоўвалі ўрыўкамі з мастацкіх твораў Я. Коласа, М. Багдановіча, Г. Далідовіча, А. Жука, С. Шушкевіча, І. Мележа, Р. Барадуліна, А. Куляшова, І. Пташнікава, Я. Пушчы,  Ю. Свіркі.

Гэта размова была цікавай і павучальнай: вучні прыйшлі да высновы, што ўсе прыродныя багацці мы абавязаны берагчы і ахоўваць.  

 

13.04.2021 г.

Слова – сапраўднае дзіва, таму што словам можна выказаць усё, пра што чалавек думае, марыць.

Папаўненне слоўнікавага запасу адбываецца на працягу ўсяго жыцця чалавека. Неабходнасць узбагачэння слоўніка асабліва адчуваецца ў школьным узросце, калі дзеці знаёмяцца з мастацкімі творамі, пашыраюць свае веды пра навакольны свет, авалодваюць асновамі навук.

На пачатку чацвёртай чвэрці вучні 5 класаў пачалі вывучаць цікавы раздзел мовазнаўства “Лексіка”. На ўступных лексічных занятках вучням была прапанавана дыдактычная гульня “Патлумач слова”. Пяцікласнікі атрымалі карткі са словамі і малюнкамі. Заданне заключалася ў тым, што да кожнага слова трэба было падабраць лексічнае значэнне – патлумачыць яго сэнс. Калі вучні не разумелі тое ці іншае слова, у дапамогу быў малюнак. Атрымалася вельмі цікава і займальна.

Такія заняткі дапамагаюць фарміраванню фанематычнага ўспрымання слоў, узбагачаюць слоўнікавы запас вучняў, развіваюць  іх маўленне. У выніку чаго павышаецца цікавасць да беларускай мовы, фарміруецца арфаграфічная пісьменнасць.

 

10.04.2021 г.

Каля трох гадоў прайшло ад задумы да рэалізацыі праекта "Хата з матчынай душою". На працягу гэтага часу Рымша Марына Іванаўна, выхавальнік групы падоўжанага дня, цярпліва збірала экспанаты, займалася іх рэстаўрацыяй, афармляла экспазіцыю. Калегі, вучні і іх бацькі з радасцю дапамагалі папаўняць выставу вырабамі беларускай народнай творчасці. Праект ствараўся для таго, каб навучэнцы гімназіі маглі бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй і культурай беларусаў, дакрануцца да гістарычнай спадчыны продкаў і ўсвядоміць самабытнасць і ўнікальнасць нашага народа.

Паважаныя сябры!  Запрашаем Вас завітаць разам з намі на вясковую сядзiбу. Для кожнага чалавека, асаблiва вяскоўца, сядзіба – гэта спадчына, зробленая яго рукамi, гэта наша мінулае, наша памяць, тое, што стварылі талент і працалюбства бацькоў, продкаў, тое, што выяўляе нацыянальнае аблічча народа, яго душу, яго імкненне, тое, што мы атрымалі ад продкаў і тое, што павінны годна перадаць сваім дзецям і ўнукам.

 

27.03.2021 г.

ЗНАЁМСТВА З ГОРАДАМ ПАЧЫНАЕЦЦА З ВУЛІЦ

Радзіма пачынаецца з таго куточка, дзе кожны з нас нарадзіўся і вырас. На жаль, многія вучні не вельмі добра ведаюць назвы вуліц роднага горада, іх гісторыю. А веданне гісторыі гадонімаў (назвы вуліц, завулкаў і плошчаў) паселішча – вельмі важны аспект у выхаванні патрыятызму маладога пакалення. Важна паказаць дзецям, што цікавая гісторыя – гэта не толькі сярэднявечныя бітвы ці іншыя аддаленыя ў часе і прасторы падзеі. Гісторыя – зусім побач, варта толькі азірнуцца навокал. Каб паказаць шасцікласнікам, што вуліцы Магілёва маюць сваю гісторыю, што назвы вуліц утвараюць своеасаблівы партэт горада, была праведзена віктарына “Знаёмства з горадам пачынаецца з вуліц”.

Вучні 6 “Г” класа, падзяліўшыся на каманды “Магіла льва”, “Машэка”, “Ратуша”, спрабавалі адгадаць назвы вуліц Магілёва па прапанаваных фотаздымках, кожны з якіх суправаджаўся пытаннем, якое адлюстроўвала гісторыю вуліцы або яе адметнасць.

 Напрыклад, ці ведаеце вы, што цэнтральная вуліца Кастрычніцкага раёна Магілёва – Пушкінскі праспект – раней назвывалася Новачарнігаўскай вуліцай, а вуліца Маўчанскага, на якой знаходзіцца наша гімназія, ёсць таксама ў Маладзечне?

Конкурс капітанаў прадугледжваў адказы на “Так” або “Не” на тыя ці іншыя сцверджанні, звязаныя з вуліцамі горада. Дарэчы, ці праўда то, што вуліца Фаціна таксама ёсць у Віцебску? (Не, такая вуліца ёсць у Скідзелі, у ваколіцах якога загінууў пры вызваленні Беларусі летам 1944 г. В.В. Фацін).

У выніку напружанай барацьбы перамагла каманда “Ратуша” (капітан Арцём Маманкоў). Арцём адзначыў, што віктарына была вельмі пазнавальнай, а сярод цікавых фактаў, якія ён даведаўся пра вуліцы горада, хлопчык адзначыў тое, што на вуліцы Стральбішчанскай каля гандлёвага цэнтра “Green” няма ніводнага дома.

А вы добра ведаеце гісторыю назваў вуліц нашага горада?

 

27.03.2021 г.

“А жыць так хацелася …”

“Вайна – самае праклятае з усіх ліхаў, заведзеных жыццём на зямлі… Яна не павінна паўтарыцца”, – пісаў Васіль Быкаў. Як большасць твораў пісьменніка, аповесць “Жураўліны крык” прысвечана падзеям Вялікай Айчыннай вайны.

   Шэсць чалавек пакінуты на чыгуначным пераездзе прыкрываць адступленне батальёна ў першыя, самыя трывожныя, дні вайны. Адчуванне страшнай, незразумелай катастрофы літаральна разліта ў аповесці. В.Быкаў ставіць сваіх герояў у рамкі бязлітаснага выбару, прадыктаванага вайной: ці здрадзіць сваім таварышам, Радзіме і паспрабаваць застацца жывым, ці загінуць і такім чынам вытрымаць выпрабаванне вайной, захаваць у сабе чалавечую годнасць.

Кожны з шасцярых байцоў робіць свой нялёгкі выбар. Адзін за адным гінуць інтэлігентны Фішар, сапраўдны салдат і камандзір Карпенка, бесклапотны Свіст. Забітыя і тыя, што спрабавалі абхітрыць саму смерць – Аўсееў, Пшанічны.

У акопе застаецца самы малады, але неймаверна пастарэлы за адны суткі  Васіль Глечык. Дзякуючы таленту В.Быкава чытач перажывае ўсе падзеі аповесці, усе страты адну за адной, адчувае бязлітаснасць і тугу смерці.

 “Але ён можа вярнуцца ў свой мірны час, да сваіх спраў і клопатаў, пакінуўшы на тым адзінокім пераездзе байца Васіля Глечыка – ледзь не хлопчыка. Пакінуўшы яго паміраць замест сябе, за сябе. Бо час незваротны. Але што ён не можа ( і не здолее), не павінен, не мае права – гэта забыць!” – сцвярджае ў артыкуле, прысвечаным аповесці, Алесь Адамовіч.

 Гэта думка гучала і ў сачыненнях васьмікласнікаў, якія яны напісалі па выніках работы над аповесцю. Лепшыя  сачыненні  іх аўтары прэзентавалі сваім аднакласнікам.

 

14.03.2021 г.

Імпрэза “Шляхі да ісціны”

Я ў мастацкім агародзе 

Толькі марная трава. 

А якая? Смех, дый годзе:

Я — пякучка-крапіва.

Хто сустрэўся быў са мною, 

Дакрануўся раз ці два, 

Дык той ведае ўжо, хто я: 

Я — пякучка-крапіва.

Менавіта гэтыя радкі сатырычнага верша “Крапіва” сталі сапраўдным мастацкім крэда паэта, пісьменніка, драматурга, байкапісца Кандрата Кандратавіча Атраховіча.

З нагоды 125-годдзя  з дня нараджэння Кандрата Крапівы вучні дзясятых класаў бралі ўдзел у імпрэзе “Шляхі да ісціны”. Падчас сустрэчы школьнікі паглядзелі дакументальны фільм “Загадкі дзеда Кандрата” і нагадалі факты з біяграфіі пісьменніка,  завочна наведалі дом-музей на радзіме юбіляра ва Уздзе, успомнілі яго  “неўміручыя” творы, з цікавасцю слухалі і глядзелі ўрыўкі з кінафільмаў “Хто смяецца апошнім” і мультыплікацыйных баек “Дзед і баба”, “Дыпламаваны баран”, адказалі на пытанні віктарыны, пазнаёміліся з выставай кніг К. Крапівы  “Разам з народам”.Напрыканцы імпрэзы дзесяцікласнікам была прапанавана гульня “Лато цытат” і кожны жадаючы абраў лот-цытату з твораў К. Крапівы,  патлумачыў сутнасць выказвання.

Гэта сустрэча дала магчымасць вучням  успомніць жыццёвыя сцяжыны пісьменніка-юбіляра і  абудзіла жаданне  перачытаць  ці пазнаёміцца з новымі творамі К. Крапівы.

 

04.03.2021 г.

Кожны год 21 лютага па ўсім свеце пад эгідай ЮНЕСКА адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Яго галоўная мэта – падтрыманне нацыянальных моў і культур, захаванне адметнасці i самабытнасці, забеспячэнне права кожнага грамадзяніна карыстацца роднай мовай.

А для нас, беларусаў, гэта яшчэ і дзень, калі варта пацвердзіць вядомае: чытаць, пісаць і думаць па-беларуску здольны кожны. Бо мова – гэта тое, што нас аб’ядноўвае і робіць унікальнымі.

Далучыліся  да моўнай спадчыны ў гэты дзень і  вучні 5 класаў падчас заняткаў “Смак беларускай мовы”. На ўроку дзеці чыталі  вядомыя вершы пра  мову, успаміналі выказванні знакамітых беларусаў пра родную мову, цікавіліся незнаёмымі словамі і спрабавалі тлумачыць іх. Таксама вучням было прапанавана вызначыць і напісаць сваё любімае беларускае слова. Атрымалася вельмі прыгожа і цікава…Сапраўднае “сонейка” родных слоў! Вось некаторыя з іх: сям’я, маці, Радзіма, кветкі, Дняпро, вясёлка, бульба, сябры, дзякуй, калі ласка.

Родную мову неабходна любіць і шанаваць. З яе дапамогай мы, беларусы, далучаемся да нашай духоўнай спадчыны, пазнаём гісторыю, знаёмімся з творамі нацыянальнай літаратуры, дзелімся думкамі і перажываннямі.

Вучыцеся правільна вымаўляць і пісаць словы, атрымлівайце асалоду ад хараства і выразнасці беларускагага слова. Свабодна валодаючы роднай мовай, вы зможаце спасцігаць здабыткі нашай багацейшай нацыянальнай культуры.

 

02.03.2021 г.

18 лютага сямікласнікі адправіліся ў завочнае падарожжа «Сем цудаў Беларусі», напярэдадні  якога вучні прынялі ўдзел у анкетаванні. На думку вучняў, у сямёрку цудаў увайшлі: Біблія Францыска Скарыны, крыж Ефрасінні Полацкай, Белавежская пушча, возера Нарач, Брэсцкая крэпасць, Мірскі замак і Сафійскі сабор у Полацку.

Падчас  падарожжа вучні даведаліся шмат новага і цікавага пра Беларусь і пераканаліся, што ў нашай краіне ёсць сотні выдатных месцаў, якія людзі лічаць цудам.

Біблія Францыска Скарыны

Скарынаўская Біблія ўяўляе сабой 20 кніг. У кожную з кніг Скарына дадаваў уласныя прадмовы з разнастайнымі звесткамі па гісторыі, геаграфіі, культуры і сціслы пераказ зместу. На палях даваў тлумачэнне незразумелых слоў.   Упершыню ў кірылічным друкарстве Скарына ўвёў тытульны ліст, нумарацыю старонак, прабелы між словамі, абзацы, а таксама адмовіўся ад скарачэння слоў. У той жа час Скарына захаваў традыцыі рукапісаў – застаўкі з арнаментам. Каб чытач мог лепш зразумець тэкст, у кнігі былі змешчаны ілюстрацыі – гравюры.

Крыж-святыня Ефрасінні Полацкай

Кожнаму беларусу вядома імя Ефрасінні Полацкай, нашай першай святой, якая зрабіла вялікі ўклад у асветніцтва, духоўнае жыццё на беларускіх землях у 12 стагоддзі. З яе імем звязана найвялікшая каштоўнасць беларускага народа – крыж Ефрасінні Полацкай.  Паводле заказу Ефрасінні Полацкай майстар  Лазар Богша зрабіў надзвычай прыгожы крыж. Яго аснова з кіпарысавага дрэва. Вышыня крыжа каля 52 сантыметраў. Зверху і знізу дрэва пакрыта золатам. Ёсць 20 эмалевых абразкоў з выявамі святых.

У час Другой сусветнай вайны крыж кудысьці знік. І дагэтуль невядома, дзе знаходзіцца народная святыня. Брэсцкім майстрам Мікалаем Кузьмічом у 1997 г. была зроблена дакладная копія, якая захоўваецца ў Полацку ў царкве Святога Спаса.

Белавежская пушча

 На мяжы Польшчы і Беларусі раскінуўся каласальны масіў рэліктавага лесу, якому няма роўных у Еўропе па колькасці відаў раслін і жывёл. Упершыню гэтыя землі былі абвешчаныя запаведнымі ў 1409 годзе, калі князь Ягайла выдаў указ, які забараняў паляванне ў пушчы на буйнога звера. У 1991 годзе  быў створаны нацыянальны парк «Белавежская пушча». У запаведніку зарэгістравана больш за 1000 дубоў узростам 400 — 600 гадоў, 350-гадовыя ясені і хвоі. Белавежская пушча служыць родным домам для 55 відаў млекакормячых. Сімвалам пушчы з'яўляецца зубр (еўрапейскі бізон).

Возера Нарач

Сярод натуральных вадаёмаў Беларусі возера Нарач займае першае месца па плошчы і па чысціні вады. Яго дно празрыста да глыбіні 7 — 10 метраў. У возеры водзіцца 22 віды рыб. Пясчана-галечныя берагі Нарачы ідэальныя для пляжнага адпачынку, а сапрапелевыя гразі, здабытыя са дна, эфектыўныя ў лячэнні многіх хвароб.

Брэсцкая крэпасць

22 чэрвеня 1941 года Брэсцкая крэпасць адной з першых прыняла на сябе нечаканы ўдар фашысцкай Германіі. З першых дзён вайны Брэсцкая крэпасць падверглася бамбёжцы і артылерыйскаму абстрэлу. Брэсцкія абаронцы каля месяца трымаліся супраць нямецкіх войскаў. У 1965 годзе Брэсцкая крэпасць была ўдастоена звання крэпасці-героя, а ў 1971 годзе на яе тэрыторыі адкрыўся мемарыяльны комплекс. Галоўны манумент комплексу пад назвай «Мужнасць» выкананы ў выглядзе галавы воіна на фоне разгорнутага сцяга, а на яго тыльным баку размешчаны барэльефы, якія адлюстроўваюць асобныя эпізоды гераічнай абароны крэпасці. 

Мірскі замак

У 1522 годзе буйны феадал Юрый Ільініч пачаў будаўніцтва замка ў пасёлку Мір, а ад унука Ильініча крэпасць перайшла да найбагацейшых літоўскіх князёў Радзівілаў і затрымалася ў іх валоданні на 250 гадоў. Мірскі замак пабудаваны з чырвонай цэглы і ўпрыгожаны ўстаўкамі з белага каменя, што надае яму на рэдкасць маляўнічы выгляд. Замак акружаны земляным валам, а за ім разбіты «італьянскі» сад.

Сафійскі сабор у Полацку

Першапачаткова Сабор святой Сафіі быў пабудаваны паміж 1044 — 1066 гадамі па замове Усяслава Чарадзея. У архітэктурным выкананні храм быў блізкі да Сафійскага сабора ў Кіеве. Пасля пажару 1447 года сабор ператварыўся ў абаронны штаб, а падчас Паўночнай вайны Пётр I зладзіў у будынку парахавы склад, які ў маі 1710 года выбухнуў. Да сярэдзіны XVIII стагоддзя Сафійскі сабор праляжаў у руінах і быў адноўлены ў стылі віленскага барока. Галоўны фасад храма дэкараваны хвалістымі элементамі ў духу ракако. Штогод у Саборы святой Сафіі праводзяцца канцэрты камернай і арганнай музыкі. 

Сямікласнікі замацавалі матэрыял з дапамогай прэзентацыі «Сем цудаў Беларусі».  Падарожжа атрымалася цікавым і запамінальным.

 

 

25.02.2021 г.

Хобі — гэта фарбы для душы

Амаль у кожнага чалавека ёсць хобі. Справа, якой захапляемся, прыносіць задавальненне, напаўняе жыццё сэнсам, размалёўвае яго яркімі фарбамі. Хобі можа быць розным. Не мае значэння, чым чалавек займаецца, галоўнае, каб ад гэтага атрымліваў асалоду.

А ці добра ведаюць шасцікласнікі сучасныя хобі?

Для таго, каб праверыць гэта, у чацвер вучні 6 “Г” класа прынялі ўдзел у займальнай і пазнавальнай віктарыне “Што гэта за хобі?”.

Дзецям было прапанавана даць адказы на пытанне, што за хобі абазначаюць наступныя словы: рафтынг, фрызлайт, дыгерства, бансай, плогінг, фелтынг, букарвінг, айранінг, пачворк, геакэшынг, дудлінг, модынг.

  Да кожнага хобі было пададзена 4 варыянты адказу, сярод якіх трэба было выбраць правільны. У выніку напружанай барацьбы перамаглі Арцём Маманкоў і Вераніка Кулыба. Арцём адзначыў, што віктарына была вельмі пазнавальная, а сярод названых хобі яму найбольш па душы букарвінг, а вось Вераніка выбрала геакэшынг.

А якое хобі з прапанаваных выбралі б вы?

 

05.02.2021 г.

Адчуваць адказнасць за ўсіх і ўсё

Вынікам працы над апавяданнем Г. Далідовіча “Губаты” ў 8-ых класах стала пісьмовае выказванне “Без чалавечнасці не будзе вечнасці”. Твор не пакінуў васьмікласнікаў абыякавымі. Сведчаннем таму вось гэтыя вытрымкі з іх творчых работ.

“На ўроках беларускай літаратуры мы прачыталі апавяданне

Г. Далідовіча “Губаты”. У гэтым творы ёсць наглядны прыклад чалавечай дабрыні, сардэчнасці, з аднаго боку, і праяўлення жорсткасці, абыякавасці з –другога.

…Напэўна, будуць значныя змены ў поглядах на тое, што адбываецца ў свеце, але ніколі не пазбавяцца сваёй актуальнасці такія паняцці, як вера, любоў, дабрыня, міласэрнасць і чалавечнасць” (Тарасенка Валерыя).

 “Без чалавечнасці не будзе вечнасці…” Якія сапраўдныя словы! Які ў іх вялікі сэнс! Многім людзям варта моцна над імі задумацца. Сёння ў нашым жыцці так многа жорсткасці! Як жа ў такім свеце можа быць вечнасць? Людзі, будзьце дабрэйшымі – і тады чалавечнасць стане вечнай!” (Якаўлева Анастасія).

“Канечне, свет ніколі не пазбавіцца дрэнных людзей, але пакуль ёсць такія людзі, як ляснік і яго сям’я, свет можа дыхаць  спакойна. Ляснік і яго сям’я дагледзелі маленькае ласяня і гэтым зрабілі свет крыху дабрэйшым

…Апавяданне Г. Далідовіча “Губаты” паказала нам два бакі свету. А на якім будзеш ты, рашаць толькі табе” (Царкова Дар’я).

“Чалавечнасць характэрна толькі чалавеку, жывёлы не разумеюць гэтага. Кожны павінен мець чалавечнасць, а калі не… Можа, гэта і ёсць адрозненне самога чалавека ад жывёлы?” (Лесюкова Дар’я).

“Чалавечнасць – гэта тое, што робіць нас людзьмі” (Пячкоўская Паліна).

“Мы павінны імкнуцца выхоўваць у сабе толькі станоўчыя якасці, якія будуць дапамагаць чалавечнасці здабываць вечнасць” (Шамрай Святаслаў).

“Людзі часта ставяць свае дасягненні вышэй за свае маральныя якасці” (Калачынская Ксенія).

 “Я вельмі спадзяюся, што людзі знойдуць у сабе сілы змагацца з жорсткасцю. Стануць дабрэйшымі, будуць ветлівей ставіцца адзін да аднаго. Кожны з нас павінен разумець, што без чалавечнасці ніколі не будзе вечнасці. А дарыць людзям усмешку і гаварыць добрыя словы можа кожны з нас” (Харытончык Даніла).

“Не будзь добрым толькі на словах, бо добрымі намерамі выбрукавана дарога ў пекла. Рабі добрыя  справы!” (Пякарскі Мацвей).

“Кожны будзе выбіраць, кім ён будзе ў жыцці. А я вельмі жадаю, каб вы выбралі найперш быць чалавекам, бо “без чалавечнасці не будзе вечнасці…”” (Ярковіч Яўгеній).

 

21.01.2021 г.

“Зіма – чароўная пара года. Самае прыгожае зімой – снег. Калі выпадае снег, то ўсё вакол становіцца прыгожым і непаўторным.Асабліва прыгожыя дрэвы, захутаныя снегам. На сонцы снег блішчыць і зіхаціць так, што здаецца, быццам ты трапіў у сапраўдную зімовую казку…”

 Такімі радкамі адной з вучаніц 5 класа пачаўся ўрок творчасці “Зімовая казка”   па беларускай літаратуры. Урок  быў прысвечаны вывучэнню ўрыўка “На рэчцы” з паэмы “Новая зямля” Я.Коласа. Аўтар з такім замілаваннем, любоўю, захапленнем апісаў непаўторныя карціны прыроды, што немагчыма застацца абыякавымі. Пяцікласнікам  было прапанавана падрыхтаваць замалёўку на тэму “Зімовы дзень”, выкарыстоўваючы мастацкія сродкі.

На занятках такога тыпу дзеці імкнуцца не толькі вобразна, адчувальна  размаўляць па-беларуску, але і вучацца правільна будаваць свае выказванні, слухаць адзін аднаго.

Падчас сваіх выступленняў  вучні прэзентавалі і  ўласныя малюнкі да гэтай тэмы. Многія  дзеці займаюцца ў мастацкай школе, таму можаце сабе ўявіць, як добра ў іх атрымалася!

 

14.01.2021 г.

13 студзеня навучальны дзень распачаўся з радыёгазеты.  Усе пачулі: «Добры вечар таму, хто ў гэтым даму! З Калядамі велічаем! Мы віншуем вас са святам. Шчасця вам, усяго багата!»

Падчас радыёгазеты вучні даведаліся, што менавіта такія словы гучаць напярэдадні Раства, а таксама Старога Новага года, падчас Каляд.

Каляды – гэта народнае зімовае свята дахрысціянскага паходжання. У гадавым крузе народных абрадаў і святкаванняў яно займае першае месца.

Назва паходзіць ад лацінскага слова “календы”. Так старажытныя рымляне называлі першы дзень кожнага месяца.

Адзначаліся Каляды з 7 па 14 студзеня ўключна.  І называўся гэты час калядным. Пачынаўся калядны тыдзень святам нараджэння Хрыстова і заканчваўся Старым Новым годам.

Даведаліся, што вызначалася свята асаблівай стравай – куццёй, кашай з ячных  круп. А таксама пачулі прыкметы, звычаі, варожбы, якія звязаны з Калядамі.

Напрыканцы радыёгазеты вядучыя запрасілі ўсіх у фае другога паверха на інтэрактыўныя перапынкі, дзе вучні маглі далучыццы да народнай спадчыны, да народных традыцый.

Так, вучні даведаліся, што Каляды – адно з асноўных святаў народнага календара, да якого гаспадары рыхтаваліся вельмі адказна. Неад’емнай часткай свята быў калядны стол. На адным з перапынкаў вучні, прагледзеўшы відэасюжэт пра тое, якія стравы гатавалі на Каляды, прынялі ўдзел у віктарыне. Прызам для пераможцаў былі салодкія падарункі-цукеркі.

      Таксама было адзначана, што ў кожным куточку Беларусі побач з агульнапрынятымі абрадамі існуюць і адметныя, уласцівыя толькі пэўным мястэчкам нашай краіны. Увазе вучняў былі прапанаваны відэасюжэты з абрадамі “Цягнуць Каляду на дуба”, “Калядныя цары”, “Куры”.

Перапынкі атрымаліся яркімі, цікавымі, займальнымі. Вучні з радасцю прымалі ўдзел у віктарынах, конкурсах.

Напрыканцы сустрэчы вядучыя павіншавалі ўсіх прысутных з Новым годам і пажадалі:

Будзьце здаровы!

Жывіце ў раскошы!

Майце торбу грошай!

Збожжа поўны клеці!

Павагу на свеце!

І ўсяго даволі…

А бяды - ніколі! 

 

20.12.2020 г.

Сустрэча з песняй

Песня – душа народа.

Рыгор Шырма.

У кожнага народа ёсць свая культура, якую ён беражліва ахоўвае і перадае з пакалення ў пакаленне. Беларускi народ па праву можа ганарыцца сваёй багатай спадчынай, дзе ярка адлюстравалiся яго высакародныя iдэалы, прага да плённай працы, маральная чысцiня душы, здольнасць да глыбокіх пачуццяў, практычная i фiласофская мудрасць, любоў да прыроды і свайго роднага краю.

Асаблiва гэта тычыцца такога жанру, як песня.  Нездарма кажуць, што “песня – душа народа”. I гэта сапраўды так. Вясёлыя i сумныя, лiрычныя i жартоўныя, абрадавыя i пазаабрадавыя, народныя і літаратурныя, яны заўсёды мiлагучныя, прыгожыя, меладычныя, поўныя вялiкага хараства i шчырасці. 

Упэўніцца ў гэтым змаглі вучні шостых класаў 10 снежня падчас сустрэчы ў музычнай  гасцінай  “І песні б’юць жывой крыніцай” .

Шасцікласнікі слухалі запісы беларускіх народных і літаратурных песень, прыгадвалі каляндарна-абрадавыя песні і апавядалі пра святы, калі можна было пачуць гэтыя творы,  дзяліліся сваімі ўражаннямі ад праслуханага, расказвалі, якія песні спяваюць іх бабулі і мамы, і самі спявалі. Так вучаніца  6 “Б ” класа Анастасія Гарнічар  прапанавала ўвазе песню на словы нашай зямлячкі  Алены Беланожка “Беларускі мой край”, а  Аляксандра Васілеўская (вучаніца гэтага ж класа) выканала песню “Рэчанька”. Запамінальным стала і дуэтнае выкананне А. Гарнічар і А. Васілеўскай жартоўнай песні “Ішла машына з-пад Масквы”.  Напрыканцы сустрэчы ўсе вучні з задавальненнем падпявалі вядомаму ВІА “Песняры” падчас выканання твора “Жураўлі на Палессе ляцяць”.

Гэта сустрэча з песняй нікога не пакінула абыякавым.

Шануйце ж песні свае!

 

03.12.2020 г.

Беларускія народныя казкі – самы любімы дзецьмі фальклорны жанр. Казкі здзіўляюць нас сваім багаццем, захапляюць зместам, зачароўваюць гучаннем.

У казках сцвярджаюцца лепшыя чалавечыя якасці: адданае сяброўства, бескарыслівасць, працавітасць, кемлівасць.

У чацвер, 3 снежня, пяцікласнікі прымалі ўдзел у літаратурнай віктарыне “У чароўным свеце казак”. На працягу мерапрыемства вучні праявілі сябе як добрыя знаўцы беларускіх народных казак. Дзеці  адказвалі на пытанні, узгадвалі галоўных герояў, асэнсоўвалі змест казак і вызначалі, якую параду яны нясуць нам. Таксама вучні прынялі ўдзел у афармленні выставы, якая была прысвечана беларускім казкам.

Казкі ўздзейнічаюць на дзяцей эстэтычна, даюць незабыўныя ўрокі народнай маралі, вучаць сумленнасці, душэўнай чуласці. Казкі ўплываюць на мову дзяцей, дапамагаюць ім адчуць прыгажосць роднага слова і  мудрасць народа.

 

26.11.2020 г.

Родная мова, цудоўная мова!

Ты нашых думак уток і аснова!

Матчын дарунак ад самай калыскі,

Ты самацветаў яскравая нізка.

Гэтак цудоўна сказаў пра нашу мову паэт Уладзімір Дубоўка. Без нашай мовы не было б і нас, як нацыі.

Наша краіна вельмі прыгожая. Со сваё шматвекавой гісторыяй, са сваімі цікавымі традыцыямі.

26 лістапада вучні 7 класаў падчас культуралагічнай і лінгвістычнай віктарыны “Вандроўка па родным краі” здзейснілі незвычайнае віртуальнае падарожжа па Беларусі. Не выходзячы з класа, сямікласнікі змаглі павандраваць па розных старонках культуры, гісторыі і мовы Беларусі, а заадно і пабачыць, наколькі добра ўдзельнікі віктарыны ведаюць родную мову. Пытанні і заданні падарожжа тычыліся самых разнастайных бакоў жыцця Беларусі: яе мовы (“Закончы прыказку”, “Што адкуль пайшло”, “Чацвёрты лішні”), літаратуры (“Хто ёсць хто?”), этнаграфіі і гісторыі (“7 падказак”, “Што? Дзе? Калі?”).

Падарожжа атрымалася цікавым і займальным!

 

06.11.2020 г.

Добра быць коласам, але шчаслівы той,

каму дадзена быць васільком.

Бо нашто каласы, калі няма васількоў?

Максім Багдановіч

 Зразумець сэнс гэтых слоў, дакрануцца да творчасці славутага паэта змаглі вучні 8 класа падчас круглага стала “У паэтычным садзе Максіма Багдановіча”, які адбыўся 22 кастрычніка.

Жыццё яго было кароткім, як лістападаўскі дзень, і хмурным, быццам позняя восень. Але ж ён так многа зрабіў... I яшчэ больш не паспеў зрабіць. Яго імя ўпісана залатымі літарамі ў гісторыю беларускай культуры. Кожнае пакаленне адкрывае для сябе веліч асобы паэта і незвычайны свет яго паэзіі.

Так і вучні 8 класа адкрылі для сябе цудоўны і незабыўны свет паэзіі Максіма Багдановіча, такой шматграннай і непаўторнай. Вершы Максіма Багдановіча лаканічныя па сваёй форме, але напоўненыя глыбінёй думак і пачуццяў.

Прааналізаваўшы некаторыя з твораў, вучні зрабілі выснову, што менавіта васілёк з’яўляецца любімай кветкай Максіма Багдановіча. Васілёк – “цвяток радзімы”, яе сімвал, сімвал беларускага мастацтва.

Гэтая палявая краска вызначаецца хараством,сціпласцю і асацыіруецца з нашымі краявідамі, з нашым характарам.

 

19.11.2020 г.

Батлейка-батлея – чароўная дзея

У даўніну на святыя Каляды разам з калядоўшчыкамі і звездарамі па вёсках і мястэчках вандраваў незвычайны лялечны тэатр. На Украіне яго называлі вяртэп, у Польшчы — шопка, а ў нас на Беларусі — батлейка. Творчыя групы вучняў 6 “Г” класа ў лістападзе прадставілі старадаўнюю драму “Цар Ірад” сваім аднакласнікам.

Батлейка на Беларусі існавала з XVI стагоддзя. Назва “батлейка” ўзнікла ад слова “Бэтлеем” – калісьці так называўся горад Віфлеем, дзе нарадзіўся Ісус Хрыстос. Дзякуючы самаробным лялькам можна было ўбачыць Хрыстова нараджэнне, а таксама жорсткага цара Ірада, які хацеў забіць маленькага Сына Божага, за што і трапіў у пекла з кіпучай смалою.

Змест драмы вядомы: ад валхвоў цар Ірад даведваецца, што ў Батлееме нарадзіўся хлопчык Ісус, і зоркі быццам прадказваюць яму будучыню “цара іудзейскага”. Ірад лічыць, што гэта прэтэндэнт на ягоны трон. Але як яго знайсці? Жадаючы пазбавіцца ад суперніка, цар кліча свайго воіна, загадвае яму перабіць усіх немаўлят “ад двух гадоў і меней”. Воін выконвае загад. Пры гэтым адна жанчына, Рахіль, абараняе сваё дзіця, просіць у Ірада літасці, ды марна... За злачынствы Ірад пакараны: Смерць адсякае яму галаву, а Чорт цягне яго цела ў пекла. Прадстаўленне, часам страшнае, але зладжанае з добрым народным гумарам, суправаджаецца светлай музыкай і спевамі, драма пастаўлена па-беларуску.

…Гледачамі былі аднакласнікі. І колькі ж гарачых апладысментаў чулі артысты! Важна, што дзеці далучыліся да народнага мастацтва, і гэта падзея, пэўна ж, запомніцца ім надоўга.

Батлейка – гэта народны лялечны тэатр, гэта наша народная спадчына, наша права на будучыню.

 

20.10.2020 г.

У перыяд з 12.10 па 17.10.2020 г. быў праведзены  Тыдзень беларускай мовы і літаратуры.

Прадметны Тыдзень  пачаўся з радыёгазеты. Вучні пачулі анонс мерапрыемстваў, настроіліся на творчы лад.

Цэнтрам інфармацыі Тыдня сталі стэнды  “Рыцар сумлення”, “Сёння ў нашай хаце свята”, размешчаныя на другім паверсе гімназіі.

Адзін з іх быў прысвечаны юбіляру 2020 года – Уладзіміру Караткевічу.

Сярод пісьменнікаў, якія прыйшлі ў нашу літаратуру ў другой палове 20 стагоддзя, бясcпрэчна, самы папулярны Уладзімір Караткевіч. 26 лістапада яму споўнілася б 90 гадоў.

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч здолеў яскрава  сцвердзіць сябе ў паэзіі і мастацкай прозе, у драматургіі для тэатра, оперы і кіно, у публіцыстыцы і крытыцы, у дзіцячай літаратуры і перакладчыцкай справе.

На працягу тыдня дзесяцікласнікі  запрашалі вучняў сёмых, восьмых і дзявятых класаў у цікавае і захапляльнае падарожжа “Жыццёвымі і творчымі сцежкамі У. Караткевіча”.

Падчас вандроўкі вучні пазнаёміліся з біяграфічнымі звесткамі і  асноўнымі этапамі творчасці пісьменніка, адкрылі для сябе цікавыя факты жыцця юбіляра, нагадалі творы, з якімі ўжо пазнаёміліся на ўроках беларускай літаратуры,  паслухалі вершы, урыўкі з прозы і з нарыса “Зямля пад белымі крыламі”,  паглядзелі фотаздымкі . Напрыканцы сустрэчы  “падарожнікі” адказалі на пытанні экскурсаводаў і пачулі іх параду:

Хто не спазнаў літаратуры нашай велічы,

Хто на гісторыю з пагардаю глядзіць,

Таму параю я: чытайце Караткевіча,

Каб на Радзіме невукам не быць.

Восень 2020 года падарыла нам яшчэ аднаго юбіляра – Андрэя Макаёнка. Вучні  11 класаў падчас літаратурнага брэйн-рынгу не толькі прадставілі свае паведамленні пра жыццё і творчасць Андрэя Макаёнка, не толькі вызначылі найлепшых знаўцаў біяграфіі і твораў драматурга, але і праявілі сябе як таленавітыя дызайнеры і мастакі, распрацаваўшы і размясціўшы ў сацыяльных сетках цэлы шэраг плакатаў і калажоў, прысвечаных 100-годдзю нашага знакамітага земляка.

 Паглыбіць свае веды пра асаблівасці восеньскіх святаў змаглі вучні 7 класаў падчас вуснага часопіса “Ад Дажынак да Пакроваў”.

У беларусаў спрадвеку вёўся свой каляндар, па якім селянін жыў дзень за днём. Каляндар вучыў, калі можна брацца за тую ці іншую працу альбо наадварот – адкласці яе; калі можна весяліцца, а калі ўтрымлівацца ад забаў.

Багацейшыя веды і шматвекавы вопыт адбіліся ў абрадах і звычаях, гульнях і песнях. Але ж галоўнае тое, што беларускі каляндар не страціў сваёй жыцця здольнасці.  І сёння мы карыстаемся яго парадамі, бо яны ад народнай мудрасці, ад бацькоўскіх традыцый.

Далучыцца да культуры продкаў маглі вучні, звярнуўшыся да стэнда на другім паверсе гімназіі.

14 кастрычніка жыхары Беларусі штогод адзначаюць Дзень маці.Таму ў гэты дзень вучні гімназіі таксама вырашылі далучыцца да  акцыі “Букет пяшчотных слоў для маці” і выказаць свае пачуцці, сваю любоў і павагу да матуль. І атрымаўся ў іх нават не букет, а прыгожае і рознакаляровае  дрэва з кветкамі, бо дрэва – гэта жыццё, маці – гэта жыццё …Згадзіцеся, вельмі сімвалічна. На кожным пялёстачку вучні пісалі самыя лепшыя пажаданні, самыя ласкавыя і прыгожыя словы, выказвалі сваю любоў, павагу і падзяку сваім матулям.

Падчас мерапрыемства “Прыкметы восені” пяцікласнікі, зацікавіўшыся, вырашылі праверыць, як працуе гэты сапраўды народны “прагноз надвор’я”. Вучні з вялікім інтарэсам  знаходзілі і  тлумачылі народныя прыкметы, прысвечаныя восені.  З дапамогай настайніцы паспрабавалі скласці свой “прагноз надвор’я” на наступны сезон і зрабілі выснову, што зіма,таксама як і мінулая,  будзе даволі цёплай і без моцных маразоў. Вучні даведаліся пра паходжанне назваў восеньскіх месяцаў і пра тое, што ёсць у свеце месцы, дзе ўвогуле няма восені. Пяцікласнікі адзначылі, што беларусам  у гэтым сэнсе вельмі пашанцавала, бо  мы можам назіраць і адчуваць дзівосныя   фарбы  гэтай пары года.

 

 Залатая восень – цудоўная і непаўторная пара, сапраўдны кірмаш фарбаў. Блакіт неба, жоўта-чырвонае лісце бяроз, асін і клёнаў, пунсовыя ягады каліны, рабіны, шыпшыны.З дня ў дзень губляе сваю блакітную празрыстасць неба. Хутка імчаць скудлачаныя хмары. Дзесьці высока-высока, за самымі хмарамі, курлычуць журавы. Схаваецца за хмары сонца, падзьме вецер, пачынае крапіць дожджык. Пасля начных халадоў пачынаецца  лістапад. Рознакаляровае лісце ў промнях сонца няспешна апускаецца на зямлю. Здаецца, што ў такую часіну трапляеш у цікавую казку.

Вучні 7 класаў прынялі ўдзел у конкурсе сінквейнаў “Карункі восені”.

І вось ён! Сінквейн-пераможца!

Восень!

Залатая, чароўная.

Прыйшла, пафарбавала, здзівіла.

Восень прынесла з сабой прыгажосць.

Мастачка!

 “Чытаем  творы па-беларуску”.  У гэтай акцыі змаглі прыняць удзел усе жадаючыя. Найбольшую актыўнасць праявілі вучні 5-6 класаў. Пяцікласнікі зачытвалі эпізоды з  беларускіх народных казак “ Зайчыкі”, “Пчала і шэршань”, “Лісіца і збанок” , “Пшанічны каласок”, “Як кот звяроў напалохаў”, а вучні шостых класаў чыталі легенды і паданні з кніг “Бяздоннае багацце” і “Пушчанскія скарбы”. Каля чытальнікаў заўсёды можна было пабачыць зацікаўленых дзяцей, якія з задавальненнем слухалі сваіх таварышаў.

 

Акрамя таго, кожны дзень у гімназіі былі арганізаваны музычныя перапынкі «Залатая калекцыя беларускіх песень».

Ці думалі вы калі, чаму ў беларусаў столькі песень? Аказваецца, уся справа ў простых сказах, выразных словах ды той жа мілагучнасці. Гэта яны зрабіл ібеларускую мову ці не самай песеннай. Ёй няма роўных у свеце ні па разнастайнасці мелодый, ні па іх самабытнасці.

Выкананне беларускіх песень зачароўвае сваёй мілагучнасцю і чысцінёй. Наталіць душу прыгожымі спевамі змаглі вучні і настаўнікі гімназіі на працягу тыдня. 

Тыдзень беларускай мовы і літаратуры прайшоў вельмі цікава і пазнавальна.

І вучні, і настаўнікі атрымалі асалоду ад роднай мовы!

 

 

09.10.2020 г.

СКЛАДАЕМ КАЗКУ РАЗАМ

У пачатку кастрычніка вучні 6 “Г” і 6 “Д” класаў  нашай гімназіі прынялі ўдзел у складанні літаратурных казак пра жывёл. Гэта дазволіла дзецям не толькі паспрабаваць сябе ў ролі пісьменнікаў і мастакоў (большасць казак суправаджалася малюнкамі вучняў, а некаторыя з іх былі прадстаўленыя ў выглядзе коміксаў), але і задумацца над многімі важнымі пытаннямі,  напрыклад, такімі: як адрозніваць добрае ад дрэннага, а праўду ад хлусні?

Як вядома, народныя казкі – найбагацейшы скарб, у іх увасоблены мудрасць, мастацкі талент народа, глыбокі роздум чалавека над жыццём, яго вопыт, назіранні за навакольнымі з’явамі. Казка  ўзнаўляе даўно забыты  час і падзеі, страчаныя ў памяці народа, своеасаблівы каларыт часу і жыцця. Менавіта праз казку дзеці дакранаюцца да жыцця, культуры, быту нашых продкаў.

Казка дае маленькаму чалавеку ўрокі патрыятызму і маралі. Усім сваім паэтычным ладам яна вучыць разумець народнае ўяўленне пра добрае і злое, высокае і нізкае, сумленнае і агіднае, гуманнае і жорсткае.  Яна садзейнічае развіццю эстэтычных пачуццяў, без якіх немагчыма высакароднасць душы, суперажыванне, сардэчная чуласць да чалавечага гора. Яна ўмацоўвае ў дзяцей жыццялюбства, развівае ўяўленне, будзіць творчыя здольнасці. Дзеці, дзякуючы казцы, пазнаюць свет не толькі розумам, але і сэрцам.

У казках, якія былі складзеныя і запісаныя шасцікласнікамі, сустракаліся самыя розныя жывёлы – як характэрныя для Беларусі (вожык, мядзведзь, воўк, ліса, мыш, заяц), так і экзатычныя для нашай краіны (акула, страус, качканос).

Пасля стварэння казак быў арганізаваны конкурс на лепшага чытальніка. Журы, у склад якога ўваходзілі вучні 11-х класаў, вызначыла найлепшыя творы. Пераможцы конкурсу атрымалі не толькі добрыя адзнакі, але і салодкія прызы.

“Як заяц багацце знайшоў”, “Вожык-вандроўнік”, “Як качканос плаваць навучыўся” – гэта толькі некалькі з прыдуманых і прачытаных дзецьмі казак. А вы складалі калі-небудзь казкі? Калі не, то абавязкова паспрабуйце!

 

28.09.2020 г.

У свеце народных святаў

Ад прадзедаў спакон вякоў

Мне засталася спадчына

Янка Купала 

 Вызначаць час людзі пачалі яшчэ са старажытных часоў. Не ведалі яны  тады пра сусвет і пра рух планет, але ўжо заўважылі адметныя дні, па якіх пачалі вызначаць час для адпаведных спраў. З цягам часу ўдакладнялася ўяўленне пра свет, змяняліся календары, з новымі рэлігіямі прыходзілі новыя святы.

 А святочнымі дні сталі недарма. Па-першае, асаблівае спалучэнне цёмнай і светлай часткі сутак надавала гэтым дням магічнае адценне. Па-другое, сельскагаспадарчая сутнасць святаў. У даўнія часы не было друкаваных календароў і сродкаў масавай інфармацыі, таму з пакалення ў пакаленне патрэбна было перадаць накоплены вопыт – калі сеяць, калі жаць,  калі ісці на паляванне.

Вось яна, мудрасць стагоддзяў.

Далучыцца да багатай спадчыны нашага народа, да беларускіх народных святаў  змаглі вучні 10-х класаў 24 верасня, калі бралі ўдзел у інтэрактыўнай гульні “У свеце народных святаў”. Падчас гульні дзесяцікласнікі паказалі свае веды і кемлівасць,  назіральнасць і дапытлівасць, пашырылі свой кругагляд  пра традыцыі беларусаў.

 

20.09.2020 г.

А вакол травіцы роснай рай

І бярозак белая сям’я.

Мой чароўны беларускі край,

Бацькаўшчына светлая мая!

У.Караткевіч

Калі перачытваеш радкі верша У. Караткевіча “Бацькаўшчына”, з’яўляецца жаданне павярнуць час назад, апынуцца ў лагодным маі, зняць абутак і басанож прайсціся па роснай траве. Адкінуць усе жыццёвыя клопаты і атрымліваць асалоду ад хвілін адзінства з прыродай, Радзімай, са сваёй Бацькаўшчынай…

Такое жаданне з’явілася і ў вучняў 5 класаў, што прымалі ўдзел у вусным часопісе, прысвечаным  тэме Радзімы, Беларусі, Бацькаўшчыны.

Падчас гутаркі хлопчыкі і дзяўчынкі чыталі вершы, складалі ўласныя выказванні на прапанаваныя тэмы. Трэба адзначыць,   што ў іх гэта добра атрымалася.Вучні згадалі пра “зямлю пад белымі крыламі”, краіну блакітных рэк і азёр, пра валошку і зуброў, пра добразычлівы і гасцінны народ… Пяцікласнікі падрыхтавалі прэзентацыі, у якіх нагадалі пра славутыя старажытныя гарады, пра знакамітых беларускіх пісьменнікаў, без якіх, мабыць, зусім па-іншаму склалася б уся наша беларуская гісторыя.

У выніку гутаркі, вучні прыйшлі да высновы, што ў кожнага чалавека ёсць Радзіма і кожны любіць яе. Любіць месца, дзе нарадзіўся і жыве. Любіць родную прыроду. Любіць сваю мову і традыцыі свайго народа, яго казкі і  кнігі. Без Бацькаўшчыны, без свайго народа, чалавек не можа існаваць.

 

11.09.2020 г.

 СВЯТА ПІСЬМЕНСТВА

Кніга – гэта невычэрпная крыніца, што поіць вечнай мудрасцю.

Кірыла Тураўскі

Штогод у першую нядзелю верасня наша краіна адзначае нацыянальнае свята – Дзень беларускага пісьменства. У гэты дзень мы аддаём даніну павагі нашым продкам, якія стварылі фундамент адукацыі і пісьменства, усім, хто на працягу стагоддзяў шанаваў і нёс у свет цудоўную беларускую мову, хто ўпрыгожыў айчынную і сусветную культуру сваімі бессмяротнымі творамі.

«АД ПРАДЗЕДАЎ СПАКОН ВЯКОЎ…»

Першапачатковы падмурак беларускага пісьменства заклалі яшчэ ў далёкім 863-м годзе браты Кірыл і Мяфодзій, склаўшы кірылічны алфавіт. Гэты факт спрыяў прыняццю славянамі хрысціянства і перакладу святых тэкстаў на славянскія мовы. Першы беларускі асветнік Францыск Скарына прынёс друкаваную кнігу «Псалтыр» да сябе на Радзіму. І з гэтай кнігі пачаўся на нашай зямлі развівацца кнігадрук.

ЛЕТАПІС СВЯТА

Першае святкаванне Дня беларускага пісьменства адбылося 26 гадоў таму, а менавіта ў 1994 годзе. Зразумела, на радзіме Францыска Скарыны, у Полацку. Тады яно началося з прадстаўлення гербаў гарадоў, дзе выдаваліся першыя беларускія кнігі. Шэсце суправаджалі артысты ў святочных сярэдневяковых строях пад спевы, што нагадвалі аб славутай мінуўшчыне беларускіх гарадоў. З гэтага дня свята паступова крочыць праз усю Беларусь па гарадах, якія з'яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання.

Сталіцамі Дня беларускага пісьменства былі таксама Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Слонім і  многія іншыя.

Дваццаць сёмы Дзень беларускага пісьменства прымала 6 верасня магілёўская зямля. На свята гасцінна запрасіў горад Бялынічы.

 Прымаць Дзень беларускага пісьменства — ганаровы і прыемны абавязак. Перад святам гарады моцна змяняюцца і атрымліваюць на памяць аб грандыёзнай падзеі новае сучаснае аблічча.

У наступным годзе фестываль слова будзе прымаць Капыль, што ў Мінскай вобласці.  

 

27.05.2020 г.

Люблю чытаць па-беларуску

     Ці любіш ты чытаць? А ці любіш ты чытаць кнігі на беларускай мове?

     Так , люблю.

Менавіта так адказвалі вучні, якія бралі ўдзел у гарадскім конкурсе буктрэйлераў “Люблю чытаць па-беларуску”, які прайшоў  20 мая 2020 года. Старшакласнікі сваім буктрэйлерам  стараліся ў цікавай форме расказаць пра абраны твор беларускай літаратуры і заахвоціць будучых чытачоў да сустрэчы  з творам літаратуры.

Тэматыка твораў была розная. Вучні звярнуліся  да  балады А. Пысіна “Балада Буйніцкага поля”,  да  ваенных аповесцей  В. Быкава “Дажыць да світання” і “Альпійская балада”,  да  лірычнага твора “У векавечнай бацькаўшчыне клёны” У. Караткевіча,  да  аповесці І. Шамякіна “Непаўторная вясна”, да  шматжанравага рамана  сучаснага аўтара  Кірыла Стаселькі “Дзевяць жыццяў Віта Морэ”,  да прыгодніцкай аповесці  “У краіне райскай птушкі” Янкі Маўра,  да  паэмы Алеся Казекі “Марыйка”,  да  фантастычнага  апавядання “Бітва” Роберта Шэклі.

Вучні 10 “В” Ягораў Гардзей і Свістунова Анастасія за працу над творам “Дзевяць жыццяў Віта Морэ” былі ўзнагароджаны дыпломам 3-й ступені, а вучаніца 6 “Д” класа Іваніцкая Дар’я, якая прачытала аповесць Я. Маўра  “У краіне райскай птушкі”  – дыпломам 2-й ступені.

Працуючы над буктрэйлерамі, вучні атрымалі вялікае задавальненне, бо маглі праявіць свае творчыя здольнасці і адчуць сябе і ў якасці рэжысёраў, пастаноўшчыкаў, сцэнарыстаў, акцёраў, аператараў, блогераў, рэцэнзентаў.

 Чытайце творы па-беларуску – і вы адкрыеце для сябе гісторыю і культуру сваёй краіны, сваю багатую родную мову! 

Усім яркіх уражанняў ад цікавага і пазнавальнага чытання!  

 

24.04.2020 г.

Віншуем пераможцаў конкурсу “Залатое пяро “Белай русі”-2020!

На вясенніх канікулах вучні 10-х класаў нашай гімназіі прынялі ўдзел у гарадскім конкурсе маладых журналістаў “Залатое пяро “Белай русі”. Прыемна адзначыць, што 5 прадстаўленых на конкурс работ у намінацыі “Магілёў  у аб’ектыве часу” занялі першыя 5 месцаў з 36! Па-беларуску свае эсэ да фотаработ напісалі Анастасія Свістунова, вучаніца 10 “В” класа, і Ульна Косціна, вучаніца 10 “Г” класа.

Фотаработа Анастасіі, якая называецца “Размова з ільвамі, або Мост”, прысвечана гісторыі так званага Пушкінскага моста ў Магілёве, які сёлета адзначае свой 160-гадовы юбілей!

Анастасія выбрала вельмі цікавую форму падачы матэрыялу: правяла ўяўнае інтэрв’ю з ільвамі, усталяванымі на мосце пасля яго рэканструкцыі ў 2015 годзе. І жывёлы расказалі дзяўчыне пра самыя цікавыя аспекты гісторыі гэтага збудавання, якое ўжо больш як паўтара стагоддзі звязвае ў адно цэлае два раёны нашага горада.

Работа Ульяны Косцінай называецца “Лупалаўскі аэрадром” і прысвечана малавядомай многім гісторыі аэрадрома ў сённяшнім Задняпроўі. Цікава, што ў сваім эсэ Ульяна не толькі цікава расказала пра гісторыю аэрадрома і пра подзвігі лётчыкаў, але і пра тое, што на тэрыторыі Лупалаўскага аэрадрома ў гады Вялікай Айчыннай вайны існаваў шталаг №341 – Лупалаўскі лагер смерці, дзе было знішчана некалькі дзясяткаў тысяч нашых суайчыннікаў.

Таксама вучаніца 10 “Г” класа пераклала на беларускую мову ўрывак з верша пісьменніка-франтавіка Канстанціна Сіманава “Сакрэт перамогі”, прысвечанага подзвігу старшага лейтэнанта Мікалая Цярохіна, які пры абароне Магілёва здзейсніў двайны паветраны таран і ў адным баі знішчыў тры варожыя самалёты:

Але трэці “Юнкерс” сыходзіць

Трэба яго падбіць!

Коштам жыцця перамогу

Цярохін рашыўся здабыць.

Нават не на бензіне –

Яго там не на палёт.

Як Чкалаў – на самалюбстве

Цярохін дагнаў самалёт.

Губляючы рэзка хуткасць,

Ляцеў, як жалезны ком,

Тараніў ён трэці “Юнкерс”

Разбітым сваім ястрабком.

Шчыра віншуем дзяўчат з заслужанай перамогай і зычым далейшых поспехаў і новых дасягненняў!

 

 

19.03.2020 г.

Анкета душы – паэзія

Асоба пісьменніка павінна

гэтак жа яскрава выяўляцца

і ў яго стылі, як выяўляецца

асоба чалавека ва ўсіх яго дзеяннях.

І. Бехер

Жывой ілюстрацыяй гэтай думкі з'яўляецца творчасць Аляксея Васільевіча Пысіна –магіляўчаніна, паэта-франтавіка, юбіляра 2020 года. 22 сакавіка адзначаецца 100 гадоў з дня нараджэння пісьменніка.

А. Пысін адносіцца да паэтаў, пра якіх  хочацца гаварыць з асабістай цеплынёй. Яго творы напоўнены даверлівай шчырасцю, глыбінёй лірычнага перажывання, праўдзівасцю адлюстравання жыцця і падзей Вялікай Айчыннай вайны.

19 сакавіка, у чацвер, адзінаццацікласнікі сталі ўдзельнікамі вуснага часопіса “Анкета душы – паэзія”. Падчас сустрэчы вучні паглядзелі прэзентацыю “Паэт-зямляк” і нагадалі асноўныя моманты жыццёвага і літаратурнага шляху паэта, паслухалі вершы “Краснаполле”, “Ёсць на свеце мой алень”, “Рамонкі, мак і лебяда”,  “Іван-чай”, “Перад фатографам жанчына”, “Над возерам”,  “Дала мне маці гэту мову”,  “Забыта многае ў жыцці”, ”Домскі арган”,  урывак з паэмы “Жураўліны бераг”. Напрыканцы вуснага часопіса прагучала жыццёвае крэда Аляксея Пысіна: “ На зямлі адзіная ўдача: у вечным слове чалавекам быць…”

А супрацоўнікі бібліятэкі з нагоды 100-годдзя пісьменніка  запрасілі ўсіх жадаючых наведаць кніжную экспазіцыю “Паэт слова” і пазнаёміцца з творамі паэта-юбіляра.

 

13.03.2020 г.

Вайна – боль і памяць народа

Ніколі не ехаць
Хлапцу маладому
Да блізкага гаю,
Да роднага дому…

Менавіта з гэтых радкоў была распачата паэтычная хвілінка “Вайна – боль і памяць народа”.

У вершы Міколы Сурначова “У стоптаным жыце” паказана трагічная падзея – гібель маладога салдата. Шчырасць, цеплыня, задушэўнасць лірычнага ўспаміну пра вайну выклікалі эмацыянальны водгук шасцікласнікаў на падзеі тых далёкіх часоў, суперажыванне герою. Не пакінуў раўнадушнымі і вобразны лад твора. Жыта ў народных песнях заўсёды звязвалася з жыццём, мірнай працай, шчасцем на зямлі. У вершы яно “стоптанае”. Вайна бязжаласна нішчыць жыцці людзей…

Падчас гутаркі  размова ішла не толькі пра шматлікія ахвяры Вялікай Айчыннай вайны, а і пра ўдзячнасць нашчадкаў герояў. Разам склалі сінквейн:

Вайна.
Крывавая, бязлітасная.
Нішчыць, забівае, разбурае.
Вайна разлучае людзей назаўсёды.
Гора.

А яшчэ ў шасцікласнікаў была магчымасць расказаць пра лёс сваякоў, якія  на ўласныя вочы бачылі тыя жудасныя падзеі.

 

10.03.2020 г.

27 лютага вучні 6 «В» класса прынялі ўдзел у краязнаўчай віктарыне «Перамагае той, хто ведае» (Панарама зімовых святаў).

Той, хто думае, што нашы продкі зімой толькі на печы ляжалі ды бакі грэлі, моцна памыляецца. Сельскагаспадарчыя работы  і сапраўды былі скончаны, але пачынаўся сезон вельмі важных для нашых бабуль і дзядуль святаў. Іх адзначалі не толькі дзеля забавы. Кожны з абрадаў (а ў розных рэгіёнах яны былі свае) нёс глыбокі сэнс, накіраваны на дабрабыт, ушанаванне продкаў.

Беларускія абрады і святы каларытныя, поўныя загадак, містыкі  і народнай мудрасці. Нашы продкі весяліліся з размахам! Бо толькі добра адпачыўшы, можна набрацца сіл і плена працаваць. А зімой, як вядома, што не месяц  свята!

         Падчас віктарыны вучні даведаліся, чаму калядоўшчыкі ходзяць  па хатах з зоркай, што даўней дарылі беларусы адзін аднаму на зімовыя святы, чаму нельга працаваць у Святыя вечары, што з'яўляецца масленічным сімвалам, якую адметнасць меў кожны з сямідзён “Масленічнага тыдня”

   І яшчэ шмат цікавай і займальнай інфармацыі.

 

13.02.2020 г.

Песня прыроды

 

Прырода – найцікавейшая кніга, якая разгорнута перад вачыма кожнага з нас… Чытаць гэту кнігу – хіба ж гэта не ёсць шчасце?

Якуб Колас

З чым можна параўнаць прыгажосць прыроды? Адказ можа быць толькі адзін – ні з чым!

Прырода ўнікальная, непаўторная, непрадказальная! Ёю нельга не захапляцца, не любавацца!  Прырода – гэта цуд!  Разумець прыроду – гэта шчасце! Ці заўважалі вы, якія нясмелыя першыя сняжынкі? Ці бачылі, як лагодна ўсміхаецца сонейка, як радуецца жыццю маленькая казюрка? Ці чулі вы, як радасна заводзіць свае трэлі салавейка? Менавіта на гэтыя і многія іншыя пытанні адказвалі вучні пятых класаў падчас вуснага часопіса “Песня прыроды”. Дзяўчынкі і хлопчыкі з задавальненнем чыталі творы беларускіх аўтараў пра прыроду, дзяліліся сваімі ўражаннямі ад убачаных вобразных карцін, створаных пісьменнікамі, параўноўвалі мастацкія творы з карцінамі жывапісцаў.

Напрыканцы сустрэчы вучні прыйшлі да адзінай высновы – давайце берагчы прыроду, гэты цуд, і ўсё, што ёсць у нашым жыцці, што нас акружае!

 

31.01.2020 г.

МОЙ КУПАЛА

У гэтым навучальным годзе дзевяцікласнікі ўпершыню пазнаёміліся з жыццёвым і творчым шляхам Янкі Купалы. Раней былі кароткія біяграфічныя звесткі пра пісьменніка.Тое, што асабліва запомнілася, ці, можа, нават уразіла, ці ўспомнілася з папярэдніх сустрэч, вучні адзначылі ў сваіх міні-сачыненнях “Мой Янка Купала”.

Маё першае знаёмства з Янкам Купалам адбылося яшчэ ў дзяцінстве. Гэта было падчас паездкі з сям’ёй у вёску Ляўкі, дзе нейкі перыяд жыў і пісаў свае творы паэт, а цяпер там знаходзіцца мемарыяльны музей. Гэта вельмі прыгожае месца. Тут можна ўбачыць не толькі дом Янкі Купалы з яго асабістымі рэчамі, а і выдатны пейзаж: рэчку, лес, палі. На памяць адразу прыходзяць радкі:

Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына…

Не дзіва, што менавіта ў такім месцы Янкам Купалам былі напісаны сусветна вядомыя вершы пра любоў да роднай Беларусі.

 (Заўялава Ніка)

Для мяне Янка Купала, як і для ўсіх беларусаў, - нацыянальны герой. Чалавек, якога не зламала смерць блізкіх яму людзей: бацькі, брата, дзвюх сясцёр. Чалавек, які падтрымліваў сваю родную мову ў цяжкі для яе час. Выдатны паэт, у творах якога адлюстраваліся думкі і перажыванні, надзеі і мары простага чалавека. Патрыёт, які заўсёды вяртаўся на Радзіму…

(Нікалаеў Іван)

Пазнаёміўшыся з творчасцю і асобай Янкі Купалы, я была здзіўлена. Яго патрыятызм і любоў да Радзімы заслугоўваюць праўдзівага захаплення. У сваім знакамітым вершы “А хто там ідзе?” ён паказаў перажыванні простых людзей і сваю блізкасць да народа. Мне здаецца,ён быў вельмі чулым чалавекам і не мог пакінуць пакуты сялян у баку. Ён дараваў нам самы вялікі скарб – беларускае слова.

(Дзенісенка Ульяна)

Янка Купала – класік беларускай літаратуры, адзін з заснавальнікаў новай беларускай мовы. Ён выступаў як паэт, драматург, грамадскі дзеяч.

З творчасцю Янкі Купалы я пазнаёмілася дзякуючы вершам “Спадчына”, “А хто там ідзе?”, Мая малітва”, “Явар і каліна”, паэмам “Магіла льва” і “Курган”, п’есе “Паўлінка”. Усе творы прысвечаны Радзіме, роднай мове, народу, прыродзе. Паэт часта падахвочваў людзей не забываць сваёй роднай мовы, ён вучыў чытачоў бачыць прыгажосць прыроды і ганарыцца тым, што мы з вамі з’яўляемся беларусамі.

 (Ганчарова Маргарыта)

 

31.01.2020 г.

«ТРЭБА ДОМА БЫВАЦЬ ЧАСЦЕЙ…»

29 студзеня ў нашай гімназіі адбылася творчая сустрэча вучняў 9-10-х класаў з вядомай выканаўцай беларускіх песень і рамансаў Таццянай Грыневіч-Матафонавай.

Артыстка пад гітару выканала песні на вершы беларускіх класікаў – Янкі Купалы, Якуба Коласа, Рыгора Барадуліна, Максіма Багдановіча. А вядомую, напэўна, кожнаму беларусу калыханку «Доўгі дзень» на словы Генадзя Бураўкіна і музыку Васіля Раінчыка аўдыторыя спявала разам з Таццянай. Народныя ж песні ў выкананні артысткі падхоплівала ўся зала (асабліва даспадобы прыйшлася дзецям “Кура-шчабятура”). 

Кранальныя, шчымлівыя рамансы, здавалася, пранікалі ў самае сэрца гледачоў... На вечарыне адбылася і своеасаблівая прэзентацыя дыскаў: трох аўдыёдапаможнікаў па беларускай літаратуры («Галасы паэтаў, «Сотня вершаў», «Няма прыгажэй ад маёй Беларусі»), дапаможніка па народных танцах і песенных зборнікаў (дзіцячыя, рамансы і г.д.). І ўсе гэтыя запісы ў электронным выглядзе Таццяна пакінула ў гімназіі.

Пры гэтым калі ў выкананні спявачкі прагучалі песні і рамансы на словы беларускіх паэтаў, то з кампакт-дыскаў – галасы паэтаў, якіх ужо няма ў жывых. Прысутныя былі ўражаны чароўным голасам спявачкі. “Выходжу з канцэрта з узнёслым рамантычным настроем і любоўю да беларускай краіны і яе мовы. Вельмі ўдала падабраны і вершы, і песні. Надзвычай цікава было слухаць галасы нашых памерлых паэтаў, якія абуджаюць светлыя пачуцці”, – адзначыла вучаніца 10 “Г” класа Ульяна Косціна.

У Магілёў Таццяна Грыневіч завітала з выступамі ўжо далёка не першы раз. Спадарыня Таццяна адзначыла, што горад заўсёды прымаў яе вельмі цёпла, таму яна будзе рада прыязджаць і далей. Вось і гэтая вечарына была па-сяброўску, па-хатняму цёплай ды ўтульнай. А напрыканцы яшчэ і вясёлай. На развітанне Таццяна Грыневіч-Матафонава зладзіла сапраўдны майстар-клас па традыцыйных беларускіх народных танцах, як было заведзена ў беларусаў – пад скрыпку і дуду.  

 

23.01.2020 г.

Запрашаем у батлейку

 Батлейка-батлея – чароўная дзея.

Прыказка

23 студзеня ў рамках тыдня пачатковых класаў вучні 2 “А” і 4 “А” класаў разам з выхавацелем ГПД  Кожан І. Р. запрасілі ўсіх жадаючых у батлейку.

Прадстаўленне пачалося са знаёмства з гісторыяй узнікнення лялечнага тэатра, паведамлення пра віды батлеек і рэпертуар, з музычнага нумару Рычковай Віталіны, вучаніцы 2 “А” класа, якая праспявала беларускую народную песню “Жавароначкі, прыляціце”. Напрыканцы прадстаўлення ўвазе гледачоў быў прадстаўлены спектакль “Як мужык гусей дзяліў”.

Усе: і дарослыя, і дзеці – былі задаволены ўбачаным і атрымалі вялікую асалоду ад гучання беларускага слова, ад “чароўнай дзеі” – батлейкі.

 

 

16.01.2020 г.

Ішла Каляда калядуючы!

 

Ходзім, ходзім грамадой, 

Усіх віншуем з Калядой!

 

У земляробстве год коціцца, нібы кола, паўтараючы поры года ў адпаведнасці з цыклам сонцастаяння. 3 24 снежня да 6 студзеня "сонца паварочвае на лета"­­—  дзень прыбывае аж да сакавіцкага раўнадзенства.

 Кола, календы (ад лац. Саlendае) — назва першага дня кожнага месяца на лацінскай мове. Адсюль назва гэтага святочнага часу — Каляды.

Менавіта  Калядам было прысвечана тэатралізаванае прадстаўленне “Ішла Каляда калядуючы!”, якое адбылося ў фае гімназіі ў аўторак, 14 студзеня.

Лявон і Лявоніха сардэчна віталі калядоўшчыкаў  у сваёй хаце. А гасцей было багата. Гэта і звяздар, і павадыр з  казою ,  і спевакі,  і музыкі, і чорт, і цыган з мядзведзем,  і цыганкі з цукеркамі-пажаданнямі.

Гульні і забавы, карагод і спевы, танцы і касцюмы, загадкі і прымаўкі,  народнае кухарства і ткацтва, добры настрой, а таксама магічныя рытуалы — усё гэта арганічна спалучалася падчас тэатралізаванага прадстаўлення.

А пазней групы калядоўшчыкаў-пяцікласнікаў з задавальненнем наведалі школьныя аўдыторыі і павіншавалі ўсіх  з Калядамі. 

У гэты дзень на кожным кроку можна было пачуць пажаданні:

-  Мы віншуем вас са святам. Шчасця вам. Усяго багата!

- Каб была ў вас пшаніца, як прыгожая дзявіца!

- Вам жыць-пажываць ды дабра нажываць!

-  Каб доўгія гады жылі, каб здаровыя былі!

-  Каб ваша хата была заўсёды багата!

-  Шчодрага вам лета, багатага хлеба!

-  Каб усяго мелі даволі, а бяды – ніколі!

 

10.12.2019 г.

“АПОШНІЯ СВЕДКІ”: ШМАТГАЛОССЕ Ў ЗМРОКУ

У аўторак, 3 снежня, вучні 10-11 класаў  нашай гімназіі наведалі Магілёўскі абласны драматычны тэатр – спектакль “Апошнія сведкі” па аднайменнай мастацка-дакументальнай кнізе Святланы Алексіевіч. Сапраўдныя жыццёвыя гісторыі, якія ўжо амаль не пачуеш ад тых, хто бачыў жахі вайны на ўласныя вочы, але якія адбіліся на нашай калектыўнай памяці на доўгія дзесяцігоддзі. Бо вайна – гэта не яе апісанне ў падручніку гісторыі, а кожная асобная смерць і сямейная трагедыя, кожны асобны вопыт перажывання вялікай страты.

У “Апошніх сведках” акцёры распавядаюць гісторыі сведак вайны. Кожны сам абіраў для сябе матэрыял, жорсткіх рамак рэжысёр не ставіў. Перад намі з’яўляюцца не героі страшэнных падзей часоў Вялікай Айчыннай вайны і нават не абязлічаныя асобы, а менавіта акцёры, якія дзеляцца з гледачом, чаму выбралі менавіта такую гісторыю сярод шэрагу іншых. І падчас сваіх аповедаў пераўтвараюцца ва ўдзельнікаў ваенных падзей.

…У пачатку спектакля ўзнікае спіс імёнаў загінулых, іх узрост і горад, адкуль яны родам. Усё гэта праецыруецца на экран, але паверх яго на некаторай адлегласці нацягнуты вузкія дыяганальныя палосы. З-за гэтага праекцыя быццам “мільгае”, трапеча, ствараючы адчуванне бясконцасці спіса — і пульсацыі нашых сэрцаў.

Важным элементам сцэнаграфіі сталі чамаданы, расстаўленыя па сцэне. Напачатку спектакля кожны з апавядальнікаў бярэ адзін з іх — як нейкі груз мінулага, вопыт-горб за спіной, пра які нялёгка распавесці і які цяпер будзе з ім назаўжды. Пэўна, вы звярталі ўвагу, што людзі, перажыўшы ваеннае ліхалецце, на ўсё жыццё захоўваюць звычку збіраць са стала і даядаць хлебныя крошкі, а не выкідваць іх. Здаецца, дробязь, але за ёй хаваецца невылечная траўма галоднага дзяцінства. Якога, дарэчы, увогуле не было, бо, як кажа адзін з апавядальнікаў, замест дзяцінства ў яго была вайна, гады маленства прамінулі яго.

Дарэчы, у спектаклі іграе і выпускніца нашай гімназіі Анжаліка Барчан. Запомнілася, як яна ад імя сямігадовай дзяўчынкі распавядае, як засталася адна з шасцімесячным сынам сястры. Яна называе немаўля проста “хлопчыкам”, і ад гэтай безназоўнасці становіцца жудасна, як пры адмове ў праве на будучыню. Калі дзіця памірае, дзяўчынка вырашае пахаваць яго ў старым куфары і застаецца зусім адна…

Згаданыя вышэй чэмаданы выносяць на сцэну ў канцы спектакля. Груз нікуды не знік і наўрад ці знікне. Кожны з акцёраў запісаў на дыктафон сваю гісторыю — і ўсе запісы яны ўключаюць адначасова. Атрымліваецца шматгалоссе, у якім нічога не зразумела, але гэта і ёсць тое, што вайна пакінула пасля сябе. Шматгалоссе пацярпелых, што даносіцца з цемры страт, і руіны на тых месцах, дзе былі дамы, руіны ў сэрцах. Мабыць, менавіта гэта дае ключ да расшыфроўкі жанравага азначэння спектакля — “сімфонія недзіцячых успамінаў”.

Памяць – жывая. І гэты спектакль – яшчэ адно пацвярджэнне гэтаму.

 

30.11.2019 г.

На музычнай хвалі

Апошні ўрок літаратуры ў шасцікласнікаў быў музычным. Справа ў тым, што на гэтым уроку вучні слухалі народныя песні і песні, напісаныя на вершы беларускіх паэтаў.

Часам кажуць, што наша зямля спявае, звініць песнямі. Сапраўды, наш край вельмі песенны. Без песень цяжка ўявіць сабе і творчасць многіх беларускіх паэтаў. Сярод іх нават з’явіліся паэты-песеннікі, якія спецыяльна пішуць вершаваныя тэксты для кампазітараў. У сваю чаргу той ці іншы кампазітар кладзе словы на музыку – і так нараджаецца песня. Выдатныя песні напісаны на словы Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, Ніла Гілевіча, Алеся Бачылы, Генадзя Бураўкіна, Алеся Ставера.

Славутымі сталі беларускія песні на словы Я.Купалы “Явар і каліна”, М.Багдановіча “Зорка Венера”, Я.Коласа “Мой родны кут…” У сваіх вершах аўтары ўслаўляюць родны край, яго людзей, апяваюць красу прыроды, сапраўдную дружбу і каханне. Добрая песня заўсёды прыносіць чалавеку радасць, узнёслы настрой, дае душэўную цеплыню, надзею на ўсё самае светлае і прыгожае ў жыцці…

Слухачам трэба было пастарацца выказаць свае ўражанні  ад вывучаных на ўроках народных песень і ад пачутых на гэтым уроку песень.

 Вось некаторыя з выказванняў.

-          Народная песня “Рэчанька” гучыць мякка, лагодна, пяшчотна. Я нібы бачу гэту рэчаньку, і Яся, які поіць  з яе каня, і Касю, якая чэрпае ваду. На душы робіцца светла і цёпла. За тое мне і спадабалася гэта песня (Лук’янава Ксенія).

-          Мне спадабалася песня “Жураўлі на Палессе ляцяць” на верш Алеся Ставера. У гэтай песні ёсць сум, таму што жураўлі ляцяць ад зімы цераз акіяны, каб выжыць і ўсё ж вярнуцца на Радзіму” (Пашкоўскі Ілья).

-          Песню “Мой родны кут…” я ведаю з дзяцінства. Я вельмі люблю яе. Твор дапамагае помніць, што родны кут – гэта месца, дзе ты нарадзіўся” (Цішкоўская Анастасія).

-          Мне спадабалася песня “Мой родны кут…”. Калі гучыць гэта песня, кожны, напэўна, уяўляе нешта сваё. Мне ў ёй чуецца вясёлае конскае ржанне, пах рамонка і валошкі, сакавітай травы і спелага жыта… Мой родны кут! Як ты мне мілы! (Шутава Дар’я).

 

25.11.2019 г.

ЗАЛАТАЯ ВОСЕНЬ

21 лістапада вучні 6 «В» класа прынялі ўдзел у паэтычнай гадзіне «Залатая восень».

Залатая восень – цудоўная і непаўторная пара, сапраўдны кірмаш фарбаў. Блакіт неба, жоўта-чырвонае лісце бяроз, асін і клёнаў, пунсовыя ягады каліны, рабіны, шыпшыны. З дня ў дзень губляе сваю блакітную празрыстасць неба. Хутка імчаць скудлачаныя хмары. Дзесьці высока-высока, за самымі хмарамі, курлычуць журавы. Схаваецца за хмары сонца, падзьме вецер, пачынае крапіць дожджык. Пасля начных халадоў пачынаецца  лістапад. Рознакаляровае лісце ў промнях сонца няспешна апускаецца на зямлю. Здаецца, што ў такую часіну трапляеш у цікавую казку.

Чытаючы выразна вершы А. Грачанікава «Верасень», М. Хведаровіча «Лісце ў кастрычніку», Я. Купалы «Лістапад», вучні змаглі далучыцца да восеньскай прыгажосці, адчуць усё яе хараство і непаўторнасць.

Шасцікласнікі таксама распавядалі пра прыкметы восені, чыталі прыказкі, прымаўкі, адгадвалі загадкі. Было вельмі цікава і павучальна.

 

Калі ў верасні лісце на дрэвах трымаецца моцна — зіма будзе позняя.

Гром у верасні — цёплая восень.

Сухі і цёплы верасень — позняя зіма.

Кастрычнік зямлю балоціць, а лес залоціць.

Гром у кастрычніку — будзе зіма без снегу.

Восень — на дзень пагод восем.

Верасень — месяц халодны, але сыты.

У кастрычніку і хата з дрывамі, і мужык з лапцямі.

У лістападзе кладзі капусту ў кадзі.

 

13.11.2019 г.

З РОДНЫМ СЛОВАМ ПА ЖЫЦЦІ

 

Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову.

Якуб Колас

Мова! Родная мова! Матчына мова!

Так ласкава называем мы свой духоўны набытак.

Родная мова – гэта не толькі сродак зносін паміж людзьмі, жывая повязь пакаленняў, але і душа народа, люстэрка духоўнага жыцця. Кожны народ як найвялікшы скарб шануе родную мову, бо пакуль жыве мова, жыве сам народ, гэта як карані, якія трымаюць яго.

Беларуская мова мае непараўнальную мілагучнасць, сакавітае гучанне, спецыфічны каларыт.

У гэтым маглі ўпэўніцца вучні дзявятых класаў, якія сталі ўдзельнікамі інтэлектуальнай гульні  “З родным словам па жыцці”.

Падчас гульні вучням давялося папрацаваць перакладчыкамі і словаведамі, узнавіць па ілюстрацыях фразеалагізмы і патлумачыць іх значэнні, папрактыкавацца ў рашэнні лінгвістычных шарадаў і  літаратурных крыжаванак.  У перапынках паміж заданнямі вучні даведваліся цікавыя факты пра нашу родную мову. Так, напрыклад, дзевяцікласнікі пачулі, што  ў 1910 годзе на міжнароднай канферэнцыі ў Парыжы па мілагучнасці беларуская мова была пастаўлена на 2 месца пасля італьянскай, што літаратурная беларуская мова па розных ацэнках налічвае ад 250 да 500 тысяч слоў, а дыялектная мова Беларусі нашмат багацейшая і налічвае 1,5-2 мільёны слоў, а таксама што скульптурным увасабленнем адметнасці беларускай мовы з’яўляецца помнік літары «Ў» у Полацку (2003 год).

Усе ўдзельнікі інтэлектуальнай гульні засталіся задаволенымі, бо змаглі не толькі паспаборнічаць за тытул лепшага мовазнаўцы, а і праявіць кемлівасць, хуткасць, назіральнасць, уважлівасць, уменне працаваць у камандзе,  пашырыць свай кругагляд.

 

27.10.2019 г.

Незвычайная вандроўка па роднай зямлі

Родная зямля! Бацькаўшчына! Радзіма! Родны кут! Бацькоўскі дом! Маці! Родная мова! Гэтыя словы самыя дарагія і блізкія для кожнага чалавека. Яны сталі лейтматывам тыдня беларускай мовы і літаратуры, які прайшоў у гімназіі з 14 па 18 кастрычніка. Да гэтай падзеі настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры былі аформлены змястоўныя інфармацыйныя стэнды “Беларускім шляхам сівога Дняпра”, “Паэт мужнасці і дабрыні (да 100-годдзя А. Пысіна)” і “У свеце рамёстваў”,  а праграма тыдня  пазнаёміла вучняў з анонсам мерапрыемстваў.

Панядзелак , 14 кастрычніка.

Мама! Мамачка! Матуля! Якія ласкавыя словы!

Вучні гімназіі  мелі магчымасць выказаць пяшчотныя словы сваім матулям і прыняць удзел у акцыі “Букет пяшчотных слоў для мамы”, прысвечанай Дню маці. Хлопчыкі і дзяўчаткі на пялёстках папяровых кветак адзначалі, што іх мамы самыя лепшыя, дарагія, прыгожыя, цярплівыя, працавітыя, самыя пяшчотныя і любімыя,  жадалі сваім  мамачкам здароўя, поспеху, дабрабыту, маладосці, радасці і весялосці, любові, шчасця, дабра і прыгажосці, цеплыні, натхнення і выказвалі словы ўдзячнасці  сваім мамулечкам, мамусенькам, матулечкам за  клопат, дабрыню, любоў і пяшчоту.

На музычных перапынках у гэты дзень гучалі беларускія песні, напоўненыя цеплынёй, любоўю і ўдзячнасцю да нашых матуль.

Аўторак, 15 кастрычніка.

Прайшла акцыя “Анімацыя па-беларуску”, і гіназісты з захапленнем паглядзелі шэраг мультыплікацыйных фільмаў і пазнавальных стужак на беларускай мове. Увазе гімназістаў былі прадстаўлены фільмы “Ад Скарыны пачатак…”, “Беларускія прымаўкі”, “Беларускі слоўнік”, “Як служыў жа я ў пана”, “20 фактаў пра Беларусь”, “ Аповесць мінулых гадоў”, “Піліпка”.

Серада, 16 кастрычніка.

Вучні прынялі ўдзел у інтэрактыўнай гульні “Сваімі словамі”. Імправізаваныя каманды спаборнічалі ў пяці конкурсах, якія выяўлялі веды пра значэнне слоў. Напрыклад, вучням было цікава даведацца, што жвіроўка – гэта стрэльба, а шарош – лёд. Фразеалагізмы былі нечым інтрыгуючым. І нікому не хацелася абуць у лапці сябра,  вадзіць яго за нос, а вельмі хацелася насіць на руках, трымаць вуха востра, быць заўсёды  ў пашане.

Вялікі інтарэс выклікалі конкурсы “Апісаць слова па-беларуску” і “Прыгадаць твор беларускіх пісьменнікаў па ўрыўку”.

Разумець адзін аднаго, умець патлумачыць значэнні слоў аказалася простым, карысным, пазнавальным і цікавым заняткам.

Чацвер, 17 кастрычніка.

Ці думалі вы калі, чаму ў беларусаў столькі песень? Аказваецца, уся справа ў простых сказах, выразных словах ды той жа мілагучнасці. Гэта яны зрабілі беларускую мову  напеўнай. Ёй няма роўных у свеце ні па разнастайнасці мелодый, ні па іх самабытнасці. Выкананне беларускіх песень зачароўвае сваёй меладычнасцю і чысцінёй. Іх можна слухаць і зачароўвацца імі бясконца. Наталіць душу прыгожымі спевамі змаглі вучні і настаўнікі гімназіі  ў гэты дзень. На музычных перапынках гучала Залатая калекцыя беларускіх песень.

А вучні 6 ”А” класа падрыхтавалі невялікую завочную экскурсію “Жыццёвымі і творчымі сцежкамі паэта-земляка”. Яна была прысвечана100- годдзю з дня нараджэння Аляксея Васільевіча Пысіна.

Падчас гэтага завочнага падарожжа слухачы, вучні 5-ых і 6-ых класаў, пазнаёміліся з некаторымі фактамі з біяграфіі паэта, пачулі яго вершы. Даведаліся яны таксама і пра тое, што зборнікі вершаў А. В. Пысіна ёсць ў гімназічнай бібліятэцы, а значыць, знаёмства з творчасцю юбіляра можна будзе прадоўжыць.

Усе ўдзельнікі завочнай экскурсіі атрымалі вялікае задавальненне.

Пятніца, 18 кастрычніка.

Дзесяцікласнікі правялі гімназічную акцыю “Словы роднай мовы” і прапанавалі вучням і настаўнікам гімназіі сфатаграфавацца з разнастайнымі слоганамі па-беларуску. Сярод апошніх былі як і вялікія плакаты, з якімі ахвотна фатаграфаваліся вучні цэлых класаў, так і маленькія рэплікі-словы, якія карысталіся не меншай папулярнасцю ў вучняў і настаўнікаў. “Пагутарым?”, “Шукаю аднадумцаў”, “З мовай па жыцці”, “Кожны носіць сваё неба з сабой”, “Рабі нечакане – і тады пераможаш” – вось далёка не поўны пералік слоганаў, фотаздымкі з якімі атрымалі вучні і настаўнікі напрыканцы дня.

Акрамя таго, вельмі прыемна было бачыць, што многія вучні з задавальненнем размяшчалі фотаздымкі з беларускамоўнымі слоганамі ў сацыяльных сетках, дэманструючы гэтым павагу і любоў да роднай мовы.

Адзінаццацікласнікі бралі ўдзел у этнаграфічным турніры “Зямля  пад белымі крыламі”. Падрыхтоўка да гульні вялася цэлы тыдзень. За гэты час вучні павінны былі азнаёміцца з матэрыяламі стэнда “У свеце рамёстваў”.

Гульня складалася з пяці тураў, і кожны з іх пачынаўся са знаёмства з творамі  беларускіх пісьменнікаў аб нашай Радзіме. Вучні паслухалі вершы П. Панчанкі, Ю. Свіркі, У. Караткевіча, а таксама песні на словы  Алеся Ставера і  Якуба Коласа. Адзінаццацікласнікі паглядзелі невялікі фільм “Дваццаць цікавых фактаў пра Беларусь” і змаглі самі дапоўніць спіс цікавых фактаў пра нашу Радзіму дзякуючы сваім назіранням і ведам.

Першы тур “Загадкавы кош  быў  звязаны з прадметамі быту беларусаў. Вучні па апісанні пазнавалі прадметы хатняга ўжытку селяніна. Другі тур “Смачны тур” даў магчымасць вучням праявіць свае здольнасці ў веданні нацыянальнай беларускай кухні. “Гістарычны тур”  быў прысвечаны нашым славутым землякам: Рагнедзе, Усяславу Чарадзею, Кірылу Тураўскаму,  Францыску Скарыне,  Вітаўту. Па прапанаваных падказках вучні пазнавалі гістарычную асобу. Падчас “Літаратурнага тура” па вершаваных радках трэба было назваць народныя святы і  расказаць  пра іх, а таксама па дадзеных пачатках прыказак  дапісаць канцоўкі.  “Фантастычны тур” быў звязаны з вуснай народнай творчасцю: па апісанні фалькларыстаў Е. Раманава, М. Федароўскага, Я. Баршчэўскага вучні пазнавалі міфалагічных істот. Напрыканцы турніра адзінаццацікласнікам прапанавана было разгадаць крыжаванку  “У свеце рамёстваў”.

Гэта сустрэча з гісторыяй, традыцыямі і звычаямі роднай зямлі  дала магчымасць кожнаму адчуць, што мы беларусы, што мы памятаем мінулае, што мы шануем сучаснае і будзем ствараць будучае.

Варта адзначыць, што тыдзень беларускай мовы і літаратуры быў насычаны яркімі, цікавымі і пазнавальнымі мерапрыемствамі. Гімназісты з задавальненнем рыхтаваліся і ўдзельнічалі ў мерапрыемствах тыдня, актыўна  рашалі  лінгвістычныя задачы і разгадвалі  літаратурныя рэбусы і загадкі.  І ўдзельнікі, і гледачы атрымалі асалоду ад такой незвычайнай вандроўкі па роднай зямлі, бо такія мерапрыемствы дазваляюць нам дакрануцца да вялікай спадчыны і культуры беларускага народа, ганарыцца сваёй мовай і сваёй Радзімай, сваімі землякамі  і з гордасцю сказаць : “Жыву ў Беларусі – і тым ганаруся!”

 

11.10.2019 г.

Свет вачыма нашых продкаў

Некалькі апошніх урокаў беларускай літаратуры шасцікласнікі знаёмяцца з уяўленнямі нашых продкаў пра ўладкаванне свету. Такую магчымасць вучням дае сустрэчаз творамі, што аб’яднаны агульнай назвай “Свет загадак і цудаў”.

Вынікам асэнсавання твораў стане калектыўнае вуснае сачыненне пра светаўспрыманне нашых продкаў, іх паэтычнага асэнсавання жыцця, уяўленняў пра прыроду і месца ў ёй чалавека. Рабяты ўжо складаюць яго.

Пачалася гаворка з міфаў нашых продкаў пра багоў і духаў. Словамі вучні “малявалі” знешні выгляд багоў і духаў, іх характары, звычаі, паводзіны.

Наперадзе яшчэ ўласныя гісторыі пра сустрэчу з Волатам па карціне Валерыя Славука “Волат”, казка пра Вадзяніка, казачная гісторыя “Як Асілак-валун ворагаў на нашай зямлі запыніў”, легенда пра паходжанне назвы сваёй мясцовасці,прачытаная самастойна ці пачутая ад сваякоў ці знаёмых.

Мяркуючы па першых старонках гэтага калектыўнага вуснага сачынення, яно будзе цікавым.

 

04.10.2019 г.

Галінкі майго радаводу

Слова радавод часцей за ўсё асацыіруецца з продкамі. Памяць пра продкаў — гэта памяць пра ўсіх тых, дзякуючы каму мы з’явіліся на свет. Гэта наша спадчына.

Корань сілкуе дрэва, дае яму сілу. Расце дрэва, а на ім шмат галінак, лісточкаў. Лісце мяняецца на новае кожную вясну. Жыццё працягваецца! У кожнай сям’і  сваё дрэва.

3 кастрычніка адбыўся конкурс-прэзентацыя генеалагічных дрэў «Галінкі майго радаводнага дрэва». Свае радаводы прадставілі вучні 6 класаў.

На працягу некалькіх тыдняў дзеці разам з бацькамі грунтоўна працавалі над складаннем свайго радаводу: распытвалі ў дзядуль і бабуль, іншых родных людзей, дзе пражывалі, кім былі і чым займаліся іх продкі. Вынікам іх сумеснай працы стала складанне генеалагічных дрэваў.

Вучні з задавальненнем прызнаваліся, што гэта праца была вельмі цікавай і карыснай. Бо надзвычай важна ведаць свае карані, ведаць, дзе з’явіўся на свет, дзе вякамі жылі і працавалі твае дзяды і прадзеды. Ведаць, каб перадаць сваім нашчадкам дзеля захавання нашай роднай спадчыны.

 

03.10.2019 г.

Мы – беларусы!

Найвялікшым шчасцем ва ўсе часы было жыць на сваёй роднай зямлі, дастойна абараняць яе рубяжы, ганарыцца яе гісторыяй і традыцыямі.

“Мы – беларусы!” – з гонарам паўтаралі вучні 7-х класаў падчас інтэлектуальнага марафону, які адбыўся 26 верасня, у чацвер.

Сямікласнікі, выконваючы цікавыя заданні, пераканаліся ў тым, што  добра ведаюць нашы старажытныя гарады, славутых дзеячаў  і творцаў. Яны з вялікім задавальненнем адгадвалі назвы народных святаў, узгадвалі прыказкі, прымаўкі, прыкметы і павер’і, звязаныя з земляробчым календаром беларусаў.

Адчуваць сябе прадстаўніком свайго народа дапамаглі і вершы беларускіх творцаў аб Радзіме і мове.

Нельга любіць тое, чаго не ведаеш. А калі ведаеш, што трэба любіць, – хіба ж гэта не шчасце!

 

23.09.2019 г.

Нябeсная заступніца Беларусі

Ефрасіння незвядальны квет райскага саду. Ефрасіння – арол, што, лунаючы ў небе, праляцеў ад захаду да ўсходу, як промень сонечны, прасвятліў зямлю Полацкую.

“Жыціе Ефрасінні Полацкай ”

Беларусь багата  на імёны славутых людзей. Сапраўды, нам, беларусам,  ёсць чым ганарыцца. У часы ліхалецця нашы продкі са зброяй у руках мужна абаранялі сваю зямлю, у мірны час будавалі вёскі і гарады, узводзілі магутныя крэпасці і велічныя храмы, засявалі ніву асветы зярняткамі ведаў... Асобай пашанай сярод іх карысталася наша знакамітая зямлячка – Ефрасіння Полацкая.

Менавіта гэтай асобе быў прысвечаны вусны часопіс “Нябесная заступніца Беларусі”.  Гутарка, у якой удзельнічалі дзевяцікласнікі, адбылася ў чацвер, 19 верасня. Падрыхтаваныя экскурсаводы расказалі  пра жыццё і дзейнасць асветніцы, пра ўшанаванне яе памяці на Беларусі і за межамі нашай краіны, прапанавалі крыжаванку і правялі віктарыну. Напрыканцы гутаркі вучням было прапанавана назваць цікавыя факты, звязаныя з дзейнасцю Ефрасінні Полацкай. Так, вучнямі былі адзначаны наступныя факты:

1. Е. Полацкая была дачкой князя Георгія Усяславіча, малодшага сына Усяслава Чарадзея, і яго жонкі Сафіі, дачкі Уладзіміра Манамаха.

2. Аб яе жыцці і справах у асноўным вядома з "Жыція Ефрасінні Полацкай", створанага прыкладна ў 1187 годзе.

3. Імя Ефрасінні, справы і вобраз асветніцы набылі рысы нацыянальнага сімвала самаадданага служэння высакародным ідэалам, вернасці сваёй роднай зямлі.

4. У 1984 годзе Ефрасіння Полацкая была прылічана да Сабора Беларускіх Святых.

5. 5 чэрвеня адзначаецца Дзень памяці Ефрасінні Полацкай.

6. Імя  асветніцы носяць цэрквы ў горадзе Саўт-Рывер (ЗША) і Таронта (Канада).

7. Намаганнямі  Е. Полацкай папаўнялася бібліятэка Сафійскага сабора і вялося полацкае летапісанне.

8. Па заказе Ефрасінні быў створаны ўнікальны шэдэўр старабеларускага прыкладнога мастацтва – крыж, названы яе імем, які знік падчас Вялікай Айчыннай вайны  з краязнаўчага музея Магілёва.

9. Адноўлены крыж быў зроблены па фотаздымках  19-га стагоддзя, якія захаваліся ў архівах Санкт-Пецярбурга.

Гэта сустрэча дала магчымасць  вучням зразумець і адчуць тую жыватворную сувязь, якая існуе паміж пакаленнямі людзей, якія жылі, жывуць і будуць жыць на роднай нам зямлі, якую мы завём Бацькаўшчынай.

 

28.05.2019 г.

Творы-знаходкі, творы-адкрыцці…

Праходзілі вякі, адыходзілі ў нябыт
пакаленні, знікалі магутныя дзяржавы,
а кніга
вялікі цуд, створаны чалавечым
розумам,
 – жыла, хвалявала сэрцы,
абуджала думку.

С. Александровіч

 Мудрыя людзі сцвярджаюць, што кніга – “маленькае акенца, а праз яго ўвесь свет відаць”. Ці ж гэта не так? Чытаючы кнігу, мы суперажываем герою, хвалюемся за яго, радуемся яго поспехам, мы можам апынуцца на месцы літаратурнага персанажа, пабываць у мінулым ці ў будучым.

А ці можна сабе ўявіць жыццё без кнігі? Канечне, не! У кожнага чалавека ёсць кніга, якая яму запомнілася больш за ўсё, якая стала надзейным сябрам і дарадцам.

Менавіта ў чацвер, 23 мая, вучні 10 класаў сустрэліся за круглым сталом і падзяліліся сваімі ўражаннямі аб творах, якія для іх сталі “сапраўдным адкрыццём”, “вялікім цудам”.

Сустрэча распачалася з віктарыны “Пазнай па ўрыўку  аўтара і твор”, былі прапанаваны і відэапытанні з экранізаваных твораў беларускіх пісьменнікаў. Падчас гутаркі дзесяцікласнікі падзяліліся сваімі ўражаннямі аб прачытаных кнігах, расказалі пра свае адкрыцці і знаходкі ў творах мастацкай літаратуры, цытавалі ўрыўкі. Сярод адзначаных  твораў былі раман І. Мележа “Людзі на балоце”, аповесць У. Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха”, камедыя К. Крапівы “Хто смяецца апошнім”, паэма М. Танка “Люцыян Таполя”, аповесць М. Зарэцкага “Ворагі”, апавяданне М. Гарэцкага “Роднае карэнне”, зборнік вершаў А. Куляшова “Маналог”.

Напрыканцы мерапрыемства вучням была прапанавана крыжаванка, у якую яны ўпісалі прозвішчы выдатных мастакоў беларускага слова.

Гэта сустрэча даказала, што кніга прымушае чалавека думаць і разважаць, што яна – гэта “крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы”.

 

20.05.2019 г.

Яго вялікасць фразеалагізм

На зямлі і між аблокаў

Горды будзь за родны край -

Галаву трымай высока,

Толькі нос не задзірай.

Іменна гэтымі радкамі Алеся Ставера распачалася сустрэча вучняў шостых класаў з фразеалагізмамі. Разбіўшыся на групы, вучні падбіралі антонімы і сінонімы да фразеалагізмаў, адпаведнікі з рускай мовы. Нікому не хацелася прыйсці ў свіныя галасы, на шапачны разбор, затое выдатна з’явіцца ні свет ні зара, бо хто рана ўстае – таму Бог дае. Здзіўленне выклікаў сінонім да фразеалагізма “еш не хачу”. Хто б думаў, што хоць жывот расперажы якраз у дзясятку, калі на стале ўсяго многа.

Хто з нас не чуў па-руску “всяк сверчок знай свой шесток”! А ці ведаеце вы, які адпаведнік ёсць у нашай мове? Здзіўляйцеся: не лезь, куды галава не лезе. Згадзіцеся, як вобразна, змястоўна!

Фразеалагічны звярынец (“сабаку з’еў”; “заблудная авечка” і іншыя), фразеалагічная анатомія (“абтрэсці прах з ног”, “кусаць локці” і іншыя) здзівілі ўдзельнікаў гульні і падштурхнулі вучняў шукаць іншыя аналагічныя фразеалагізмы.

На пытанне, як вы працавалі падчас сустрэчы, вучні адказвалі так: з аганьком, з душой, закасаўшы рукавы,не пакладаючы рук. Не хацелася, канечне, пачуць наступнае: абы з рук, цераз пень калоду, спусціўшы рукавы.

Зацікаўленая, змястоўная гутарка закранула за жывое, прынесла задавальненне ўсім удзельнікам сустрэчы.

 

15.05.2019 г.

Памятаць праз гады

 

У бітвах палі змагары

За вольны светлы час…

Дык спіце ж, воіны-сябры,

Мы не забудзем вас!

П. Броўка

 74 гады  прайшло з дня заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Але і да гэтага часу пякучым болем адгукаецца найцяжэйшая з войнаў у сэрцы кожнага чалавека. Мы не павінны забываць пра жахі вайны, смерць і пакуты мільёнаў людзей. Помніць аб вайне, гераізме і мужнасці тых, хто змагаўся з ворагам і выратаваў ад фашысцкага нашэсця Радзіму, — гэта значыць змагацца за мір. Гэта абавязак усіх, хто жыве на зямлі.

Узгадаць падзеі Вялікай Айчыннай вайны мелі магчымасць вучні дзясятых класаў, якія 10 мая бралі ўдзел ў літаратурных чытаннях “Памятаць праз гады”. Падчас сустрэчы гучалі вершы і песні аб вайне, былі прадстаўлены міні-інсцэніроўкі з твораў беларускіх паэтаў і пісьменнікаў.

Надоўга запомняцца  вершы П. Броўкі “Крэпасць над Бугам” і ”Брат і сястра”, балады А. Куляшова “Маці”, “Камсамольскі білет”, “Балада аб чатырох заложніках”, К. Азімкі  “Помні, братка…”, А. Вярцінскага “Два полі” і “Дарога партызанская”, Л. Геніюш “Беларуска”, М. Танка “Ластаўкі”, “Мы зноў на месцы тым”, “Гастэла”, інсцэніроўка эпізода з аповесці В. Быкава “Жураўліны крык”.

Гэту сустрэчу вучняў з творамі ваеннай тэматыкі  можна лічыць своеасаблівым помнікам загінуўшым на вайне.

 

11.05.2019 г.

Байка – твор павучальны

Творчасць К.Крапівы надзвычай разнастайная. Яго пяру належаць шырока вядомыя п’есы “Хто смяецца апошнім”, ”Мілы чалавек”, ”Канец дружбы”, “Брама неўміручасці”,пераклады на беларускую мову твораў А.С.Пушкіна, М.В.Гогаля, І.А.Крылова. Ён аўтар літаратуразнаўчых і крытычных прац, і канечне, знакаміты беларускі байкапісец.

Байкам К.Крапівы суджаны доўгі век, таму што пісьменнік падгледзеў сюжэты і характары для іх у жыцці. У байцы расказваецца пра звычаі і паводзіны жывёл, яе героямі нярэдка бываюць птушкі ,расліны і нават насякомыя,але маюцца на ўвазе і высмейваюцца заганы людзей. Напрыклад, ліса ў байцы – увасабленне хітрасці, пчала – працавітасці, кошка – мудрасці…

У байцы “Ганарысты Парсюк” праз вобраз Парсюка паказваецца нахабная сіла тых, хто выступае супраць праўды пра сябе. Байка “Дыпламаваны Баран” выкрывае невукаў, якія не хочуць гэтага прызнаваць. Іншымі словамі кажучы, байка – твор павучальны.

Вось уражанні васьмікласнікаў ад сустрэчы з мудрасцю баек К.Крапівы, яго творчасцю:

- К.Крапіва і яго творчасць сталі маім адкрыццём у 8-ым класе (Мічан А.);

- З’явілася жаданне зноў сустрэцца з творчасцю К.Крапівы (Дзенісенка У.);

- Абавязкова прачытаю і другія байкі К.Крапівы (Захаранка А.);

- Байкі К.Крапівы чытаюцца , як кажуць, на адным дыханні. Вельмі цікава і  павучальна!”
(Шаўцова П.);

- Калі я чытаў байку “Ганарысты Парсюк”, мне больш за ўсё хацелася вярнуць Парсюка ў рэальнасць, каб паказаць, хто ён на самай справе (Бачкоў А.);

- Мне спадабаўся погляд байкапісца на свет. К.Крапіва па-майстэрску высмейвае заганы людзей праз паводзіны жывёл (Цітоў М.);

- У сваіх байках К.Крапіва высмейвае чалавечыя заганы. Гэта прымушае задумацца над тым, як уважліва трэба ставіцца да сваіх паводзін, не крыўдзіць іншых людзей (Ганчарова М.);

- Байкі К.Крапівы трэба чытаць, каб вучыцца глядзець на сябе збоку і аналізаваць свае паводзіны ( Скачынскі І.);

- Байкі К.Крапівы дапамагаюць задумацца над уласнымі недахопамі (Ананіч Д.);

- Калі я першы раз прачытаў байку “Дыпламаваны Баран”, я здзівіўся. Як жа дакладна К.Крапіва здолеў сказаць нам пра адну з самых важных чалавечых праблем –самалюбства! (Чумакоў А.).

Байкі К.Крапівы, як вядома, створаны не адзін дзясятак гадоў таму, але і сёння захоўваюць сваю злабадзённасць.

 

30.04.2019 г.

Вось так і планіруюць, планіруюць буслы.

Ветразі іхнія раскрылены над дрэвамі,

пушысты хвост, як веерам, накрыў выцягнутыя ногі.

Белыя адзенні даўніх вясковых людзей,

белыя іхнія валасы, белы колер скуры,

белыя ветразі крылаў…,

і таму, мне здаецца, нашу Беларусь можна назваць

зямлёю пад белымі крыламі.

Уладзімір Караткевіч

 

Нарыс Уладзіміра Караткевіча «Зямля пад белымі крыламі» прысвечаны Беларусі. Аўтар запрашае маладога чытача ў падарожжа па краіне, паказвае хараство роднай прыроды, расказвае пра гісторыю беларускага народа.

Разглядаючы, аналізуючы нарыс, сямікласнікі разважалі і выказвалі свае меркаванні наконт таго, што для іх Беларусь. Гэта родная вёска, у якой жывуць бабуля і дзядуля; гэты сады з наліўнымі яблыкамі і грушамі; гэта лес, багаты на ягады і грыбы; поле з рамонкамі і валошкамі; празрыстае возера ці спакойная рака. Гэта сябры, з якімі заўсёды цікава. Колькі адразу прыгадваецца светлых момантаў бесклапотнага дзяцінства! Беларусь – гэта сучасныя гарады з безліччу магчымасцяў. І, безумоўна, людзі! Гасцінныя, шчырыя, таленавітыя, прыгожыя!

Кожны з вучняў прыгадваў штосьці сваё. Але ўсе выказванні сямікласнікаў аб'яднала адно – гэта пачуццё павагі, гонару і любові да роднага краю.

 

15.04.2019 г.

З творчым падыходам

Паэма Я.Купалы “Магіла льва” пакідае незабыўнае ўражанне. Пясняр стварыў моцныя характары, перадаў глыбокія перажыванні, асудзіў жорсткасць, уславіў дабро, чалавечнасць, высакародства.

Працуючы над зместам паэмы, васьмікласнікі ўжо складалі цытатныя планы, рыхтавалі выразнае чытанне ўрыўкаў з паэмы, наперадзе – пісьмовая творчая работа, у якой можна будзе выказаць свае думкі, эмоцыі, пачуцці, выкліканыя гэтым узнёслым і велічным творам.

А яшчэ, адгукнуўшыся на прапанову стварыць уласную вокладку да паэмы, падлеткі выступілі ў ролі  мастакоў-афарміцеляў. Калі глядзіш на гэтыя работы, у памяці пачынаюць гучаць купалаўскія радкі…

***

Над быстрым Днепрам, дзе сягоння

Стаяць Магілева муры,

Драмала пушча ў сотні гоняў,  

Змагала громы і віхры.

***

Непадалёк, дзе жыў Машэка,

Быў двор вялікі, а ў двары

Стаялі хорамы ад векаў

Над самым Днепрам, на гары.

***

Жылі… Дзянькі  за днямі гналі

Так ад вясны і да вясны,

Пасля і самі не спазналі,

Як палюбіліся яны.

Паэма Я.Купалы кранае, узвышае душу, натхняе, застаецца ў памяці на ўсё жыццё…

 

04.04.2019 г.

Прытча, карацейшая за птушыны нос.

“Сказаў, як звязаў”, – вось сакрэт чалавека, які дасціпна, трапна, іншасказальна дае ацэнку з’явы, падзеі, узаемаадносін, перажыванняў, шукае выйсце з любой сітуацыі. Своечасова расказаная прытча становіцца падказкай для роздуму.

Іменна да такіх высноў прыйшлі вучні 6-ых класаў пасля знаёмства з прытчамі і прыказкамі, якія пакінуў нам у спадчыну народ. Разбіўшыся на каманды, вучні прымалі ўдзел у розных конкурсах.

З якім інтарэсам шукаліся адказы на пытанні прыказкамі! Адкрыццём былі пытанні: “што еш ды аглядайся?” або “чаго няма няпрошанаму госцю?” Пазычаны хлеб і лыжка былі правільнымі адказамі.

Ці заўсёды лёгка прадоўжыць прыказку? Шасцікласнікі паспрабавалі справіцца і з гэтай задачай і адкрылі для сябе ісціну праз прыказку: Бацькаўшчыну не купляюць і не прадаюць.

Згадзіцеся, што зусім не лёгка ўзнавіць прыказку па апорных словах. Паспрабавалі справіцца з гэтым заданнем і вучні. Словы “вочы” – “душа” сталі асновай для прыказкі “вочы жадаюць, а душа не прымае”.

Як своеасаблівы наказ прагучала прыказка “працуй пільна, то і тут будзе Вільня”.

Такая сустрэча з прытчай, прыказкай пашырае веды вучняў аб гэтых залацінках мовы, абуджае інтарэс да мудрасці народа.

 

 

18.03.2019 г.

Мову родную беражы.

Мовай роднаю даражы.

Мову родную шануй.

Мовай роднай не гандлюй.

Мову родную любі.

Мовы роднай не кідай.

Мову дзецям перадай.

Мовы не аддай на здзек.

Толькі з ёю жыцця век.

                       Віктар Швед

13 сакавіка вучні 5 «В» і 5 «Д» класаўпрынялі ўдзел у слоўнікавым квэсце «Мова родная, сябруй са мной», арганізаваным юнацкім аддзелам Магілёўскай абласной бібліятэкі імя  У. І. Леніна.

Спачатку ўвазе вучняў былі прадстаўлены відэаролікі «Цікавыя факты пра беларускую мову», а таксама верш «У Лукамор'я» А. Пушкіна ў перакладзе на беларускую мову. Гэта зацікавіла вучняў і стварыла творчы настрой.

Далей вучняў чакала займальнае і пазнавальна епадарожжа па станцыях.

Так, на станцыі «Смачныя кнігі» дзеці ўгадвалі стравы беларускай нацыянальнай кухні з прапанаваных вершаваных радкоў; на станцыі  «І дома гожа, і ў гасцях прыгожа» пазнаёміліся з асаблівасцямі беларускіх ручнікоў і слуцкіх паясоў, з элементамі традыцыйнага адзення нашых продкаў; на станцыі «Майстры на ўсерукі» называлі рамеснікаў,  гледзячы на розныя прылады працы з выставы. Таксама вучні прынялі ўдзел у віктарыне «На чым грае музыка», наведаўшы станцыю «Музычны слоўнік». Таксама былі цікавымі станцыі «Масленіца» і «Залацінкі народнай мудрасці».

Напрыканцы гульні дзеці сабралі з пазлаў, якія падчас спаборніцтва атрымлівалі  за правільныя адказы, выказванне «Размаўляйса мной па-беларуску», а на адваротным баку –верш В. Шведа «10 запаведзяў». Вучні атрымалі не толькі веды, задавальненне ад гульні, але і смачныя цукеркі. Яшчэ адным падарункам была магчымасць наведаць кнігасховішча, што таксама выклікала ў вучняў мора станоўчых эмоцый.

 

14.03.2019 г.

СУСТРЭЧА З МАСТАЦТВАМ

Лялечны тэатр адзін з самых старажытных і цікавых відаў мастацтва. Вучні 9-х класаў нашай гімназіі вырашылі не адмаўляць сабе ў задавальненні і з натхненнем пагрузіліся ў атмасферны спектакль “Дзікае паляванне караля Стаха”, які быў пастаўлены па аднайменнай аповесці Уладзіміра Караткевіча.

З першых хвілін пастаноўкі зала пагрузілася ў атмасферу сівой даўніны. Аўтар п'есы і рэжысёр-пастаноўшчык Вячаслаў Корнеў стараўся максімальна перадаць мову і стыль пісьменніка, данесці асноўную да гледача ідэю твора. У гэтым яму дапамагалі спалучэнне спецэфектаў, цудоўная гульня акцёраў, аўтэнтычнае музычнае суправаджэнне. Сюжэт п'есы адразу працягнуў увагу гледачоў і не адпускаў яе да заканчэння прадстаўлення, я кім мы пабачылі захапляючыю гісторыю пра каханне, нянавісць і іншыя страсці людскія. Герой, які падарожнічае ў прасторы ХІХ стагоддзя, па волі лёсу сустракае сваю будучыню і неўзабаве трапляе ў асяродак з сярэднявечным мысленнем, у колазварот нястрымных дзікіх жарсцей…

Было бачна, якая каласальная праца была зроблена для адаптацыі наяўнага матэрыялу для сучаснай моладзі. Аднак бурныя апладысменты і без слоў даюць зразумець, што ўсё было зроблена правільна! Пасля спектаклю Нізаўцова Валерыя, вучаніца 9 В класа, пагадзілася падзяліцца сваімі эмоцыямі, атрыманымі падчас прагляду прадстаўлення: “Я заўсёды рада, калі ў мяне з'яўляецца магчымасць схадзіць з сябрамі ў тэатр. І гэты выпадак не стаў выключэннем. Сцэнічныя дэкарацыі, касцюмы герояў, беларуская мова - усё гэта дапамагло пагрузіцца ў атмасферу спектакля. На вышыні таксама былі і акцёры, гульня якіх запомніцца мне надоўга. Раю ўсім наведаць гэтую пастаноўку, каб яшчэ больш наблізіцца да традыцый і каранёў свайго народу”.

Калі вы яшчэ не глядзелі “Дзікае паляванне” на сцэне Магілёўскага тэатра лялек, абавязкова зрабіце гэта! 

 

28.02.2019 г.

Урокі эстэтыкі, этыкі і маральнасці

Вучні 8-11 класаў у межах праграмы “Урокі эстэтыкі , этыкі і маральнасці”  з задавальненнем наведалі ў апошнія дні лютага  Магілёўскі абласны драматычны тэатр і паглядзелі спектакль “Таямніца старой ратушы”.

Дзеянне  адбываецца ў сярэдневяковым горадзе,  дзе галоўным сімвалам самакіравання з’яўляецца ратуша з яе Жалезным вартаўніком.

Лейтматыў п’есы – гэта гісторыя маладых людзей ( сяброў Юрасіка і Пётры, златашвейкі Магдалены і карчмаркі Эстэркі), якія, ахвяруючы сваім жыццём, мусяць адстойваць сваё сяброўства і каханне. Героі аб’ядналіся, каб супрацьстаяць злу, увасобленаму ў вобразах несправядлівай улады і прывідаў-пачвараў. Галоўны пасыл спектакля ў тым, што перамагчы цемру, зло, зайздрасць, подласць, здраду, хцівасць да грошай можна толькі згуртаваўшыся разам, а сілы да барацьбы надае любоў.

 “Таямніца старой ратушы” –  містычны і захапляльны спектакль – гарадское фэнтэзі ў дзвюх дзеях, які вызначаецца сваімі  адметнасцямі: на сцэне гучыць родная мова, аўтэнтычныя народныя замовы і праклёны, народныя і аўтарскія прыказкі, анекдоты, дынамічныя саўндтрэкі, а дзеянне суправаджаецца спецэфектамі.

Усе гледачы засталіся задаволенымі спектаклем, бо не толькі атрымалі радасць ад сустрэчы з высокім мастацтвам, але і вынайшлі для сябе важныя правілы духоўнасці.

 

22.02.2019 г.

На сустрэчу з музыкай

Шчаслівы той чалавек, хто любіць музыку. Ён заўсёды сярод чароўных гукаў. Музыка – найвышэйшы здабытак людской фантазіі і мудрасці.

Напрыканцы тыдня, 22 лютага, у гімназіі адбылася незвычайная сустрэча беларускай музыкі і беларускага слова. Са сцэны гучалі скрыпкі, гітары, цымбалы, баяны, фартэпіяна. Задушэўныя і глыбока псіхалагічныя, вясёлыя і гарэзлівыя, напоўненыя лірызмам і замілаванасцю мелодыі прагучалі ў выкананні навучэнцаў музычнай школы. Са сцэны гучалі творы І.Лучанка (“Мой родны кут”). У.Тэраўскага (“Купалінка”), П.Ялфімава (“Сонца каласы”), Я. Цікоцкага (“Полька”) , В . Сярых (“Факстрот”), А.Пажарыцкага (“Зорны вальс”), Я.Глебава (“НЭП-90”), І. Жыновіча (“Беларускія танцы”), народныя песні “Кацілася чорна галка” , ”Касіў Ясь канюшыну” і многія іншыя.

Выкладчыкі музыкі далучаюць сваіх выхаванцаў  да вялікай і значнай спадчыны нашага народа. А беларускае слова якраз прыйшлося, каб паказаць адметнасць беларускай музыкі.

Нам ёсць чым і кім ганарыцца. Нам ёсць што і каго цаніць, берагчы і праслаўляць. Атмасфера свята, усхваляванасць удзельнікаў, зацікаўленасць слухачоў – доказ таго, что беларуская музыка, беларускае слова знаходзяць свой водгук у сэрцах падлеткаў.

 

21.02.2019 г.

Пяшчотнае роднае слова

 

21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы. Гэтае свята сталі адзначаць ва ўсім свеце з 2000 года з мэтай абароны моўнай і культурнай разнастайнасці. Не стала выключэннем і наша гімназія, у якой адбылося некалькі мерапрыемстваў, прысвечаных беларускай мове.

 З самай раніцы дзверы кабінетаў былі ўпрыгожаны лісткамі з вершамі беларускіх паэтаў, а дзеці атрымалі заданне вывучыць на памяць любы з прадстаўленых вершаў або запісаць імёны і прозвішчы ўсіх паэтаў (амаль тры дзясяткі), вершы якіх былі прадстаўлены!

Некаторыя вучні падрыхтавалі плакаты, прысвечаныя беларускай мове, і зладзілі цэлую фотасесію з імі ў фае гімназіі.

Таксама быў праведзены конкурс “Лепшы знаўца роднай мовы”, калі дзецям і настаўнікам прапаноўвалі перакласці на беларускую мову 5 рускіх слоў: улитка, табурет, ежевика, жилетка, колготки. Прыемна, што многія дзеці і настаўнікі добра справіліся з гэтым заданнем! Дарэчы, а вы зможаце перакласці ўсе вышэйзгаданыя словы?

Таксама было праведзена апытанне “Маё любімае беларускае слова”. Я таксама вырашыў далучыцца да гэтага і спытаў у сваіх аднакласнікаў, якое беларускае слова з’яўляецца для іх самым любімым.

Юлія Гаўрыленка: “Мае любімыя беларускія словы – каханне i сябар. Сябар – гэта чалавек, якi заусёды дапаможа табе. Калі ёсць сябар, то вельмi добра i хораша на душы. Каханне – гэта адно з тых пачуццяў, якія звязваюць людзей”.

Iлья Вярбіцкі: “Радзiма, бо мы радзiлiся тут i абавязкова павiнны любiць i абараняць нашу Беларусь!”

Асабіста я лічу, што мы не толькi павiнны любiць i шанаваць родную мову, а яшчэ i размаўляць на ёй! Канешне, вельмі дарэчнымі тут будуць словы Францішка Багушэвіча: “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!”

 

12.02.2019 г.

Азбука беларускага арнаменту

Беларускі арнамент вельмі разнастайны і каларытны. Кожны ўзор – не проста так.

А што гэтыя ўзоры абазначаюць?

На гэтае пытанне падрыхтавалі адказы вучні  5 «В» класа. Яны паведамілі, што беларускі арнамент – гэта своеасаблівы код, спосаб перадачы інфармацыі пра светапогляд, вераванні, звычаі і культурныя традыцыі нашага народа. Ён з'яўляецца адметнай праявай нацыянальнай культуры, у ім адлюстроўваецца ўласцівае народу пачуццё гармоніі. Графічным спосабам арнамент перадае назапашаныя продкамі пазнанні пра навакольны свет. Вучні адзначалі, што арнамент у беларускім народным прыкладным мастацтве не толькі павышаў эстэтычную каштоўнасць, але і меў важнае абярэгавае значэнне. Пояс, кашуля, фартух, ручнік былі напоўнены асаблівым сімвалічным і магічным сэнсам. Кожны ўзор – гэта сімвал ураджаю, працы, шчасця, святаў, павагі да продкаў, кахання, любві.  Пяцікласнікі разглядалі ўзоры на ручніках і спрабавалі адшукаць і растлумачыць сімвалы.

 Гэта сапраўды цікава і павучальна.

 

08.02.2019 г.

Васямнацццаць у адным, або Даследчыкі літаратурнага твора

 

Як за адну гадзіну стаць даследчыкам літаратурнага твора? На гэтае пытанне змаглі даць адказ вучні дзявятых класаў, якія ў чацвер, 31 студзеня, прынялі ўдзел у дыстанцыйным конкурсе даследчыкаў. На працягу гадзіны дзецям трэба было прачытаць тэкст песні вядомага сучаснага беларускага паэта Андрэя Хадановіча і вызначыць назвы твораў і іх аўтараў, якія былі “схаваныя” ў тэксце. У выніку напружанай і плённай працы дзевяцікласнікі змаглі ўбачыць у адным творы 18 твораў беларускіх пісьменнікаў самых розных эпох! Вельмі прыемна, што вучні не толькі актыўна працавалі, але і змаглі вызначыць нават тыя творы, якія спачатку не ўбачылі настаўнікі!

Даведка: Андрэй Хадановіч – бадай, самы вядомы сучасны беларускі паэт перакладчык, выкладчык, , бард. Нарадзіўся ў Мінску. Аўтар кніг паэзіі “Старыя вершы”, “Лісты з-пад коўдры”, “Землякі, альбо Беларускія лімерыкі”, “Сто лі100ў на tut.by”, “Берлібры”, “Несіметрычныя сны”.

Урывак з тэксту песні “Гатэль Беларусь”, які быў прапанаваны для аналізу, з указаннем “схаваных” у ім твораў беларускай літаратуры:

Дзе мой край (У. Караткевіч, “Дзе мой край?”) – там, дзе песню Белавежа пяе,

Сонца ў нашым ваконцы распускае косы свае.

Ён за пушчай, за лесам, за балотам з дрыгвой,

Паміж Польшчаю і Расеяй, Украінай і Летувой.

Мой родны кут, як ты мне мілы! (Якуб Колас, “Новая зямля”)

Песня салаўя, подых ручая, рэха у гаях.

Забыць цябе не маю сілы,

Беларусь мая, Беларусь мая, Беларусь мая. (С. Сокалаў-Воюш, “Беларусь мая”)

Кукавала зязюля (Я. Купала. “А зязюля кукавала”). Пах у лесе чабор.

(П. Броўка, “Пахне чабор”)

Выйшла пінская шляхта (В. Дунін-Марцінкевіч, “Пінская шляхта”)

на прастор, на шырокі прастор (Я. Колас, “На ростанях”).

Хто смяецца апошні (К. Крапіва, “Хто смяецца апошнім”) – пан сахі і касы (Я. Купала, “Я мужык-беларус”).

Сабралася бедна басота (В. Гардзей, “Бедна басота”) залатыя ткаць паясы (М. Багдановіч, “Слуцкія ткачыхі”).

Ці смачна, дзядзечка, прызнайся,

Чуць віры свае, чуць віры свае, чуць віры свае? (Ф. Скарына, “Прадмова да кнігі “Юдзіф”)

Толькі ў сэрцы пачую за краіну я жах,

Ўспомню Вострую Браму святую (М. Багдановіч, “Пагоня”)

І ваякаў на грозных канях.

Чорны замак Альшанскі (У. Караткевіч, “Чорны замак Альшанскі”)

Сустракае гасцей.

Каб любіць Беларусь сваю (А. Ставер, “Жураўлі на Палессе ляцяць)”,

Трэба дома бываць часцей (Р. Барадулін, “Трэба дома бываць часцей”).

 

01.02.2019 г.

пераможцаў гарадскога конкурсу юных паэтаў

«Спроба пяра»

 

№ п/п

Прозвішча, імя, імя па бацьку пераможца

Клас

Назва верша

Тэматыка

Дыплом

Прозвішча, імя, імя па бацьку настаўніка

1.     

Казлова  Паліна Аляксандраўна

9

Цётцы

Славутыя імены Беларусі

I

Каласоўскі Юрый Уладзіміравіч

2.     

Жоўнер Анастасія Сяргееўна

7

Мова

Беларуская мова

III

Сапега Наталля Валянцінаўна

3.     

Лук’янаў

Дзмітрый Святаслававіч

11

Абаронцам Магілёва

 

75 гадоў вызвалення Магілёва

III

Маслёнак Таццяна Паўлаўна

 

 

25.01.2019 г.

Пісьменнік-навеліст

У беларускай літаратуры пачатку XX стагоддзя Ядвігін Ш.  –  фігура першага плана, пісьменнік яркага, непаўторнага таленту, адзін з пачынальнікаў беларускай нацыянальнай прозы. Апавяданні Ядвігіна Ш. уваходзяць  у залаты фонд беларускай навелістыкі.

Алег Лойка

4 студзеня 2019 года споўнілася 150 гадоў з дня нараджэння Ядвігіна Ш. (Антона Іванавіча Лявіцкага) – празаіка, публіцыста, навеліста, сатырыка, паэта, перакладчыка.

   

З нагоды гэтага юбілею вучні 10 класаў у чацвер, 17 студзеня,  сустрэліся за круглым сталом і звярнуліся да асноўных этапаў жыцця юбіляра. Дзесяцікласнікі пазнаёміліся з цікавымі фактамі з біяграфіі мастака слова, даведаліся, адкуль з’явіўся псеўданім Ядвігін Ш., вызначылі, як паўплывалі сустрэчы з вядомымі беларускімі пісьменнікамі (В. Дуніным-Марцінкевічам, Я. Купалам, З. Бядулем, М. Багдановічам) на фарміраванне светапогляду Антона Іванавіча.  Цікава было даведацца, што з мая па верасень 1910 года пісьменнік пешшу вандраваў па Беларусі, прайшоў больш за 400 вёрст і выдаў падарожныя нататкі пад назваю “Лісты з дарогі”.

Напрыканцы сустрэчы вучні адказалі на пытанні віктарыны.

 

24.01.2018 г.

З ПАВАГАЙ ДА ТРАДЫЦЫЙ

У чацвер, 24 студзеня, у актавай зале нашай гімназіі ў рамках адзінага дня інфармавання “ШАГ” – “Школа Актыўнага Грамадзяніна” – адбылася сустрэча вучняў 8-10 класаў з Алегам Уладзіміравічам Дзьячковым – старшынёй Магілёўскай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Тэма мерапрыемства – “Беларусь сёння: захоўваючы і памнажаючы добрыя традыцыі”.

Падчас сустрэчы А.У. Дзьячкоў падрабязна расказаў вучням пра гісторыю нашага горада, прадэманстраваўшы шэраг старых выяў і фотаздымкаў нашага горада. Так, напрыклад, дзеці змаглі ўбачыць, як першапачаткова выглядаў мост праз Дняпро, які будынак (касцёл Св. Ксаверыя) з’яўляецца самым старым у горадзе, якімі архітэктурнымі помнікамі і гістарычнымі традыцыямі багатая спадчына Магілёва.

Таксама ад Алега Уладзіміравіча старшакласнікі даведаліся пра знакамітых ураджэнцаў нашага горада Мікалая Судзілоўскага і Ота Шміта, пра шэраг гістарычных падзей і асобаў, звязаных з Магілёвам.

Прыемна адзначыць, што на працягу сустрэчы навучэнцы актыўна і правільна адказвалі на не самыя лёгкія пытанні А.У. Дзьячкова па гісторыка-культурнай спадчыне роднага горада! А значыць, дзеці ведаюць і шануюць традыцыі і гісторыю Магілёва, імкнуцца стаць сапраўднымі патрыётамі сваёй малой радзімы і ўсёй Беларусі!

  

 

16.01.2019 г.

Ішла Каляда калядуючы

Вялікую радасць у нашы хаты

Прынеслі Каляды – зімовыя святы!

Прынеслі забавы, і казкі, і жарты,

Загадкі, і песні, і гульні, і танцы.

Не спі, пані скрыпка!  Гэй, бубен, прачніся!

Калядныя святы ў нас пачаліся!

Каляды – гэта народнае зімовае свята дахрысціянскага паходжання, якое працягваецца  дванаццаць дзён. Пачаткам свята лічыцца  шостага студзеня. У гадавым коле народных земляробчых абрадаў і свят Каляды займаюць  першае месца.

Нашы продкі верылі, што гэтае свята магічнае, што яно дасць магчымасць пражыць год у шчасці і  дастатку. Менавіта таму на Каляды пад вечар па сяле пачыналі хадзіць калядоўшчыкі – невялікія групкі моладзі, апранутыя ў казу, бусла,  мядзведзя, цыганоў. Уся гэта пачэсная кампанія хадзіла ад хаты да хаты, вітала гаспадароў добрым словам, віншавала са святамі, жадала шчасця і здароўя.

Традыцыйна напярэдадні Старога Новага года, 11 студзеня, у  гімназіі адбылося тэатралізаванае прадстаўленне  “ Ішла Каляда калядуючы ”. Лявон і Лявоніха з вялікай радасцю прымалі ў сваёй хаце калядоўшчыкаў, частавалі іх за  добрыя пажаданні, за вясёлыя песні і танцы, за цікавыя загадкі. Павесяліў гаспадароў сваімі танцамі і Мядзведзь калматы,  Каза  на шчасце ўсіх абсыпала зярнятамі, а цыганкі ўсім гледачам: і дзецям , і бацькам – паваражылі і пачаставалі цукеркамі з пажаданнямі.

А  надалей свята працягнулася ў гімназічных аўдыторыях. Дзве групы пяцікласнікаў-калядоўшчыкаў наведалі вучняў гімназіі на занятках, паказалі міні-спектаклі і пажадалі “жыць пажываць ды дабра нажываць; каб доўгія гады жылі, каб здаровыя былі!” За добрыя і шчырыя словы  гаспадары адорвалі калядоўшчыкаў рознымі пачастункамі: цукеркамі, пернікамі, садавіною, печывам.

Свята прынесла вялікую радасць, асалоду і задавальненне ўсім, дало  магчымасць і дзецям, і дарослым далучыцца да багатай культурнай спадчыны нашага народа.

 

11.01.2019 г.

Паэтычная хвілінка

Як тыя лёгкія сняжынкі, што весела кружацца ў паветры, былі радкі з вершаў пра зіму-чараўніцу, якія пяцікласнікі падрыхтавалі для паэтычнай хвілінкі. З яе пачалася работа пасля  канікулаў на ўроках беларускай  літаратуры ў  5-ых класах.

Паслухайце і вы, як весела і шчыра гаворыць пра зіму паэт Пятро Сушко:

Па зямельцы Дзед Мароз

Цэлы мех сняжынак нёс,

Рассяваў іх па палях,

Па лясах і па лугах,

Рассяваў па ўсіх сцяжынках

Зіхатлівыя сняжынкі.

А вось іншая зімовая карціна, якую малюе нам Максім Багдановіч:

Здароў,марозны зімні вечар!

Здароў, скрыпучы мяккі снег!

Мяцель не вее, сціхнуў вецер,

І волен лёгкіх санак бег.

Відавочна, што ў паэтаў зіма выклікае сапраўднае захапленне. Выказалі свае пачуцці і рабяты:

“Зіма - мая любімая пара года. Яна цудоўная! Гэта казачны час! Я заўжды рада першаму снегу. Люблю разглядаць марозныя малюнкі на вокнах”. (Платоненка Павяліна);

“Люблю зіму за вялікія сумёты, за снег. Як прыгожа ахутвае ён дрэвы ў белае футра!”(Машкова Маша);

“Мне падабаецца, калі на дварэ яснае марознае надвор’е, калі падае снег”.(Еўдакімаў Іван);

“Вельмі люблю катацца на лыжах, санках, каньках”.(Пашкевіч Ангеліна).

            Рабяты падзяліліся са сваімі слухачамі добрым настроем. А ў адказ атрымалі шчырыя ўсмешкі аднакласнікаў.

 

12.12.2018 г.

Жахлівая праўда пра мінулае ў імя будучыні

М. Савіцкі і В. Быкаў

  

Выжыў, каб паказаць тое,

аб чым нельга забыцца

М. Савіцкі

Вайна пакінула крывавы след у гісторыі нашага народа, у кожнай сям’і, у чалавечых лёсах. Бяда не абышла і тых, хто вярнуўся дадому з крывавых палёў вайны. Яна пакінула меткі на кожным пакаленні. Але не гасне памяць пра яе жудасныя і гераічныя падзеі, не сціхае боль, не затуманьваецца слава подзвігу нашага народа.

Вучні адзінаццатых класаў на ўроках беларускай мовы і літаратуры прачыталі творы  Васіля Быкава “Сотнікаў” і “Знак бяды ”, а заключным акордам працы па тэме стала знаёмства з віртуальнай галерэяй   народнага мастака Беларусі і СССР, першага кавалера ордэна Францішка Скарыны   Міхаіла Андрэевіча Савіцкага.

Вучні паглядзелі прэзентацыю, прысвечаную жыццёваму шляху мастака, і пазнаёміліся з біяграфіяй М. Савіцкага, даведаліся , што ён удзельнічаў у баях за Севастопаль, гінуў у Дзюсельдорфе,  Бухенвальдзе і Дахау, чатыры разы ўцякаў на волю і цудам застаўся жывы, што мастак сябраваў  з Васілём Быкавым і часта два франтавікі ўспаміналі страшныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны.

Вучаніца 11” Б” класа Дзярылава Дар’я  расказала  пра творчасць М.Савіцкага і пазнаёміла вучняў  са значнымі палотнамі мастака: “Партызанская Мадонна”, “Адбор”,  “Мадонна Біркенау”, “Коні, якія спяваюць”, “Канада”,  “SOS”, “Летні тэатр”, “Пакаранне смерцю”.  Асаблівую цікавасць у вучняў выклікаў аўтапартрэт мастака “Вязень 32815”–  менавіта такі нумар быў замацаваны за вязнем Бухенвальда Міхаілам Савіцкім.

Падчас сустрэчы вучні ўбачылі, што і В. Быкаў , і М. Савіцкі  ў сваіх творах  паказалі жахлівую праўду пра мінулае ў імя будучыні, што  памяць аб героях Вялікай Айчыннай  вайны не згасне ніколі!

 

07.12.2018 г.

З амонімамі цікавей глядзець на свет

Хто з нас не чуў наступныя выразы: пахадзіць па свеце, ні за што на свеце, выйсці ў свет, пакарыцель свету, жывёльны свет, вышэйшы свет! Насамрэч цікавыя метамарфозы толькі з адным словам. Але ж гэта яшчэ не ўсё, бо аказалася, што слова “свет” не толькі мнагазначнае, але яшчэ і мае свой амонiм.

Вучні шостых класаў у час рызыкі-версіі “Амонімы”, якая адбылася 29 лістапада, шукалі амонімы не толькі да гэтага слова (дарэчы, чулі, мабыць, чуць свет). Вось ён – амонім да слова свет! А колькі было зроблена адкрыццяў дзякуючы такой лексічнай з’яве, як аманімія!

Шукайце свае амонімы, і вы будзеце глядзець на свет весялей. 

 

06.12.2018 г.

Віншуем Мадзіну Драбудзько і Валерыю Радкевіч!

23 лістапада 2018 г. Магілёўскім дзяржаўным абласным інстытутам развіцця адукацыі сумесна з Магілёўскім дзяржаўным універсітэтам імя А.А.Куляшова было арганізавана правядзенне канферэнцыі ўдзельнікаў абласнога конкурсу работ даследчага характару вучняў па вучэбных прадметах.

Вучаніцы 11-х класаў нашай гімназіі Мадзіна Драбудзько і Валерыя Радкевіч сталі пераможцамі (дыплом І ступені) абласнога конкурсу па вучэбным прадмеце “Беларуская мова” з работай “Назвы прыпынкаў грамадскага транспарту як частка ўрбанімічнай сістэмы г. Магілёва”.

Наперадзе ў дзяўчат – падрыхтоўка да ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару вучняў па вучэбным прадмеце “Беларуская мова”, правядзенне якога плануецца 23-24 лютага 2019 г. Шчыра віншуем дзяўчат з перамогай на абласным этапе конкурсу і жадаем не менш паспяхова выступіць на рэспубліканскім!

 

24.11.2018 г.

Залацінкі роднай мовы

Гэта можа падацца неверагодным, але некаторыя беларускія пісьменнікі – Ніл Гілевіч, Васіль Вітка, Еўдакія Лось, іншыя майстры слова – стварылі цэлыя кніжкі загадак. І гэта пры тым, што загадкі як адзін з фальклорных жанраў узніклі  ў глыбокай старажытнасці.

Зараз адгадванне загадак – усяго толькі  забава. А даўней вопытныя і паважаныя людзі спецыяльна вучылі  моладзь разгадваць загадкі, каб развіць разумовыя здольнасці, кемлівасць, назіральнасць, трэніраваць памяць, прывучаць да развагі, аналізу. Ці не гэтыя самыя здольнасці спатрэбіліся,  каб самастойна скласці загадку? Канечне!...  Пяцікласнікі, аўтары ўласных загадак, пераканаліся ў гэтым на ўласным вопыце.

Сапраўднымі залацінкамі роднай мовы з’яўляюцца прыказкі. Зразумець іх сэнс, вызначыць жыццёвую сітуацыю, да якой прыдалася б прыказка, а пры нагодзе і самому ўжыць прыказку ва ўласным маўленні… Хіба не задачка? Пачалі рашаць задачку з сачынення-мініяцюры па абранай прыказцы.  Атрымалася!

Блізкія да загадак і прыказак народныя прыкметы і павер’і. Блізкія сваёй афарыстычнасцю і трапнасцю. Яны добра запаміналіся, беражліва перадаваліся з пакалення ў пакаленне, трывала захоўваліся ў памяці. Як, дарэчы, і загадкі, і прыказкі. Удзельнікі конкурсу знаўцаў загадак, прыказак, прыкмет і павер’яў з лёгкасцю даказалі гэта. Многія , як кажуць, на адным дыханні прамаўлялі дзясятак і больш гэтых перлін вуснай народнай творчасці.  

Самыя любімыя занатаваны ў кніжкі, зробленыя сваімі рукамі. Тут жа ўласныя загадкі, сачыненні-мініяцюры па абранай прыказцы, самастойна складзеныя казкі, малюнкі да іх, вершы, прысвечаныя роднаму краю…

 

19.11.2018 г.

Вайна пакінула крывавы след у гісторыі нашага народа, у кожнай сям'і, у чалавечых лёсах. Пакінула меткі на кожным пакаленні. Не гасне памяць пра яе жудасныя і гераічныя падзеі, не сціхае боль, не затуманьваецца слава подзвігу нашага народа. З пакалення ў пакаленне перадаецца эстафета гэтай памяці.

Вучні 7-х класаў прымалі ўдзел у конкурсе сачыненняў «Незагойныя раны вайны» (па творах В. Быкава «Незагойная рана», А. Вярцінскага «Рэквіем па кожным чацвёртым»).

Усе работы заслугоўваюць увагі, бо ў кожнай думкі і роздумы школьнікаў пра вайну і яе наступствы, пачуцці глыбокай пашаны да мужных абаронцаў Айчыны, якія прагналі захопнікаў і прынеслі мір на нашу шматпакутную зямлю.

 

11.11.2018 г.

ЗДАРОВАЯ ПРЫГАЖОСЦЬ ВОСЕНІ

 

Залатая, асенняя раніца!

Хараством ты на свеце адна.

Сонца ў пушчы глыбокай купаецца

і ніяк не дастане да дна...

Уладзімір Дубоўка

Восень – гэта самая прыгожая пара года, пра якую нездарма кажуць: залатая восень. Чаму, здагадацца лёгка: лісце на дрэвах з афарбоўваецца ў самыя розныя адценні залатога і залацістага. Жоўтая вохра, чырвоная медзь, зялёная латунь, карычневая бронза, жоўтае золата – гэтыя колеры перш за ўсё нагадваюць пра восень.

На жаль, пара восеньскай прыгажосці хутка мінае, і яна застаецца толькі ў нашых успамінах. Таму вучні 6 “Г” класа атрымалі творчае заданне сфатаграфаваць залатую восень і падабраць адпаведны фотаздымку верш. Вельмі прыемна, што многія вучні (напрыклад, Крысціна Марценюк) падрыхтавалі адразу некалькі фотазамалёвак!

А яшчэ ўвосень, каб не захварэць, варта актыўна займацца спортам. І таму некаторыя дзеці зрабілі фотазамалёўкі на тэму спорту, суправадзіўшы іх адпаведнымі афарызмамі. Пры гэтым на фотаздымках былі прадстаўлены самыя розныя віды спорта – ад вялікага тэнісу да трыятлона, якім вельмі паспяхова займаецца Ірына Біндасава!

Думаецца, што гэтыя работы надоўга застануцца ў памяці дзяцей, якія яшчэ доўга будуць згадваць прыгажосць сёлетняй восені! А ці ёсць ў вас прыгожы восеньскі фотаздымак-2018?

 

23.10.2018 г.

Яе вялікасць Лексіка

 

Скажы так, каб я цябе ўбачыў. Гэты афарызм выдатна характарызуе тое, як праз эрудыцыю, дасведчанасць, уменне прыгожа гаварыць можна спазнаць чалавека.

Вучнямі шостых класаў на працягу года будуць засвойвацца пласты беларускай лексікі, якія дапамогуць ім не толькі паглыбляць веды пра антонімы і сінонімы, пра амонімы, амафоны, амографы і амаформы, але і пра фразеалагізмы, прытчы, устарэлыя  і запазычаныя словы .

Падчас першай сустрэчы ў форме гульні эрудыт-лато вучні падбіралі антонімы, запісвалі вершаваныя радкі з выкарыстаннем антонімаў і  вызначалі іх на слых. Пашукайце і вы ў наступных радках верша Аркадзя Куляшова  антонімы:

Праца хіба гаспадарыць

Ужо на планеце?

Хіба няшчасце

Змянілася шчасцем на свеце?

Хіба галодны ўжо сыты,

А босы абуты?

Не, не паўсюдна пазбыты

Няшчасці, пакуты.

   

 

20.10.2018 г.

Падарожжа па Краіне беларускай мовы і літаратуры

З восьмага па трынаццатага кастрычніка ў гімназіі прайшоў тыдзень беларускай мовы і літаратуры, да якога  былі аформлены два змястоўныя інфармацыйныя стэнды “Сёння ў нашай хаце свята” і “Залацінкі роднай  мовы”,  выпушчана радыёгазета, у якой вучні пазнаёміліся  з анонсам мерапрыемстваў.

Вучні пятых класаў сталі ўдзельнікамі прэзентацыі праектаў “Казка – у жыцці падказка”. Гэта мерапрыемства – вынік працы па раздзеле падручніка “За смугою стагоддзяў”, у якім вывучаліся беларускія народныя казкі. Пяцікласнікам трэба было зрабіць ілюстрацыю да аднаго з эпізодаў  любімай казкі , папярэдне падрыхтаваўшыся да пераказу гэтага эпізода, а таксама падумаць над тым, якія добрыя падказкі дала гэта казка. Праца над праектам дала магчымасць аўтарам не толькі паказаць свае веды па вывучаемаму матэрыялу, але і засведчыць творчы падыход да стварэння прэзентацыі. Вучням такі від работы спадабаўся: малюнкі атрымаліся яркімі, а каментарыі да іх цікавымі і змястоўнымі.

Вучні восьмых класаў пагарталі старонкі вуснага часопіса “Кола народных святаў”, пазнаёміліся з  багацейшымі  ведамі і шматвекавым  вопытам нашых продкаў, які знайшоў сваё адлюстраванне  ў абрадах і звычаях, гульнях і песнях.  Рабяты  адказалі на пытанні віктарыны, папярэдне паглядзеўшы невялікія відэазамалёўкі да святаў, нагадалі беларускія народныя прыказкі і прымаўкі, звязаныя з народным календаром, прадставілі свае міні-прэзентацыі зімовых, асенніх, летніх і вясенніх святаў беларусаў. Напрыканцы мерапрыемства васьмікласнікі адзначылі, што ў беларускіх народных трыдыцыях і абрадах заключаецца народная мудрасць і назіральнасць нашых продкаў, што  гэта і ёсць наша спадчына, якую  трэба захоўваць і берагчы.   

У пятніцу вучні дзявятых класаў праверылі свае веды пра беларускіх пісьменнікаў, адказаўшы на пытанні віктарыны “Невядомае пра вядомых: цікавыя факты пра беларускіх пісьменнікаў”.

Ці ведалі вы, што, напрыклад, Максім Танк мог выпіць трохлітровы слоік малака нагбом? А гэта сапраўды так. Аднойчы Танк купіў у бабулі на Нарачы трохлітровы слоік малака. Тая гаворыць: “Мне слоік трэба, іх мала”. – “Добра”, – сказаў той. Узяў ды выпіў адразу ўсё малако, а слоік аддаў. А яшчэ паэт любіў простыя і сытныя стравы – накшталт сала з цыбуляй.

А вось Якуб Колас быў беларусам не толькі цярплівым, але і дужым – не раз правяраў сваю моц на руках з сябрамі, роднымі і нават спадарожнікамі ў цягніках. Скульптар Заір Азгур казаў пра паэта: “Якуб Колас быў моцнага складу чалавек, каржакаваты, як дуб, з мускулістай шыяй і дужымі рукамі”.

Уладзімір Караткевіч быў ці не самы стыльны з беларускіх пісьменнікаў. Так, ён садзіўся працаваць у белай кашулі і гальштуку – творчасць для яго была ўрачыстым свяшчэннадзействам. Караткевіч сядаў за стол, ставіў перад сабой кубак кавы і пачынаў пісаць сапраўдным паркерам.

Адказаўшы на пытанні віктарыны, вучні змаглі ўпэўніцца ў тым, што за сухімі радкамі біяграфій кожнага беларускага пісьменніка стаіць непаўторны чалавек з багатым унутраным светам, з цікавымі звычкамі і захапленнямі. Вельмі прыемна, што на вялікую колькасць пытанняў дзеці змаглі даць правільныя адказы без дадатковых падказак!

Дзесяцікласнікі бралі ўдзел у інтэрактыўнай гульні “Зямля бацькоў – зямля святая”, асноўным лейтматывам якой сталі словы Таісы Трафімавай:

Зямля бацькоў – цудоўная зямля!

Пашчасціла і мне тут нарадзіцца.

Да скону дзён  і зблізку, і здаля

Табою, любы край, мне ганарыцца!

Гульня складалася з трох раўндаў,  якім папярэднічалі вершы беларускіх пісьменнікаў аб нашай Радзіме. Вучні паслухалі вершы Янкі Золака, Іосіфа Скурко, Таісы Трафімавай, а таксама песні на словы  Алеся Бачылы, Янкі Купалы і  Якуба Коласа.  Першы раўнд быў прысвечаны гісторыі Беларусі, дзе ўзгадваліся значныя гістарычныя падзеі жыцця  нашай Радзімы, старажытныя беларускія гарады і сучасныя гісторыка-культурныя цэнтры нашай краіны.  Другі раўнд быў прысвечаны нашым славутым землякам: Рагнедзе, Усяславу Чарадзею, Ефрасінні Полацкай, Францыску Скарыне, Кастусю Каліноўскаму, Янку Купалу, Якубу Коласу, Марку Шагалу,  Міхаілу Савіцкаму, Уладзіміру Караткевічу, Васілю Быкаву, Аляксею Пысіну. Вучням па вершаваных радках ці выказваннях пісьменнікаў трэба было пазнаць чалавека, які праславіў нашу зямлю, і знайсці яго партрэт на дошцы. Трэці раўнд быў прысвечаны архітэктурнай і этнаграфічнай спадчыне беларусаў. Па апісанні вучні пазнавалі помнікі архітэктуры і прадметы быту.

Вучні адзінаццатых класаў сталі ўдзельнікамі літаратурнай сустрэчы з супрацоўнікамі  бібліятэкі № 2 імя  І. Шамякіна, якія правялі інтэграваны ўрок  па творах Івана Шамякіна  “Сэрца на далоні часу”.  У праграме ўрока была і міні-экскурсія па малавядомых  фотаздымках “Іван Шамякін: вядомы і невядомы”, і прэзентацыя “Чалавек вялікай душы і таленту”, і прагляд фрагментаў з мастацкіх фільмаў, знятых па творах пісьменніка, і знаёмства з дакументальнай стужкай “Імгненне жыцця”, прысвечанай жыццёваму і творчаму шляху пісьменніка. Вучні таксама даведаліся, што любімай песняй І. Шамякіна была песня “Цёмная ноч”,  якую  з радасцю  паслухалі, а некаторыя і праспявалі разам з выканаўцамі.  

Гімназісты з задавальненнем рыхтаваліся і ўдзельнічалі ў мерапрыемствах, актыўна  рашалі  лінгвістычныя задачы і разгадвалі рэбусы і загадкі.  І ўдзельнікі, і гледачы атрымалі асалоду ад такога незвычайнага падарожжа па Краіне беларускай мовы і літаратуры, бо такія мерапрыемствы дазваляюць нам больш упэўнена адчуваць сябе на нашай зямлі, дакрануцца да вялікай спадчыны і культуры беларускага народа, ганарыцца сваёй мовай і сваёй Радзімай, сваімі землякамі.   

 

19.10.2018 г.

Як жыць і якім быць?

 17 кастрычніка вучні 10-11-х класаў наведалі Магілёўскі абласны драматычны тэатр і паглядзелі спектакль “Жоўты пясочак” паводле аднайменнага апавядання Васіля Быкава. 

Жанр спектакля рэжысёр-пастаноўшчык Каміля Хусаінава акрэсліла  як  плач для шасці  галасоў у адной дзеі. Гэта пастаноўка расказвае пра жахлівыя  трыццатыя гады дваццатага стагоддзя, пра часы рэпрэсій (нездарма на нумары машыны, што вязе асуджаных у лясок на расстрэл, чытаецца ЖА 19–37 Х ), якія не абмінулі і Беларусь.

Камерны прагляд на малой сцэне даў адчуванне, што кожны глядач знаходзіцца ў цэнтры падзей: ён перажывае  і спачувае  кожнаму з асуджаных на смерць. Узмацняюць  эмацыянальнае напружанне спеў жанчын-плачак, куванне зязюлі, якая адлічвае не гады , а хвіліны жыцця, прыцішаныя спевы птушак,  хвіліны поўнай цемры і цішыні, якія нібы атаясамліваюцца з Хвілінай Маўчання.

Гэта пастаноўка дала магчымасць нам, гледачам , не толькі  звярнуцца да страшэнных часоў рэпрэсій, але і вызначыла, што чалавечыя праблемы вечныя, што кожны стаіць перад выбарам – як жыць і якім быць.  

Спектакль “Жоўты пясочак”– гэты сапраўдны плач па нашых суайчынніках, што несправядліва былі асуджданы і пакараны, – дае магчымасць моладзі больш глыбока зразумець, што было ў тыя далёкія 30-ыя гады,  і зрабіць так, каб ніколі такое не паўтарылася. 

 

11.10.2018 г.

Казка – у жыцці падказка

Не лянуйся, не зайздросць, будзь шчырым, разважлівым, кемлівым, любі працаваць, памятай, што лёгкага хлеба не бывае, выказвай сваю дабрату да іншых людзей, шукай выйсця з самага цяжкага становішча, ніколі не здавайся…

І гэта яшчэ не ўсе “падказкі”, якія знайшлі для сябе пяцікласнікі, рыхтуючыся да прэзентацыі праектаў  “Казка – у жыцці падказка”, якія сталі вынікам працы над народнымі казкамі “Разумная дачка”, “Залаты птах”, “Музыкі” з раздзела “За смугою стагоддзяў”.

Рабяты не толькі намалявалі ілюстрацыі да асобных эпізодаў казак, але і пракаменціравалі свой выбар эпізода і пераказалі яго. Як сапраўдныя мастакі-ілюстратары, абгрунтавалі выбар фарбаў для сваіх малюнкаў, падзяліліся сваім добрым настроем з аднакласнікамі і, канечне, тымі “падказкамі”, якія яны ўбачылі за радкамі вывучаных твораў…

   

 

08.10.2018 г.

… Усіх гадуюць нас матчыны казкі,

Яны вучаць родную мову любіць,

З няпраўдай змагацца, а з праўдай дружыць

І аб недасяжным і сонечным марыць.

Максім Танк

Сапраўды, з самага маленства казка ішла і жыла побач з намі. Яна захапляла нас святлом незвычайнага, неверагоднага, фантастычнага. Казка –адзін з відаў вуснай народнай творчасці. Хто першы склаў тую ці іншую народную казку, невядома. Яна захавалася ў народнай памяці, бытавала ў вуснай перадачы. Мы любім казкі за тое, што ў іх заўсёды дабро перамагае над злом. Казкі сеюць зерне мудрасці.

 4 кастрычніка для пяцікласнікаў адбылася «Сустрэча з казкай». Вучні прыгадвалі свае любімыя казкі, рыхтавалі да іх малюнкі, ладзілі тэатр, рабілі інсцэніроўкі. Кожны мог уявіць сябе і таленавітым акцёрам, і ўважлівым, удзячным гледачом. Вялікае задавальненне і асалоду атрымалі ўсе!  

 

02.10.2018 г.

МАЁ ЛЮБІМАЕ БЕЛАРУСКАЕ СЛОВА

Магчыма, гэта і не нова,

Што слова – зерне на сяўбе,

А хто не любіць роднай мовы,

Той любіць толькі сам сябе…

С. Грахоўскі

У свеце некалькі тысяч моў, якія вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, мілагучнасцю і таямнічасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна мова, якая завецца роднай. Вельмі дрэнна, калі чалавек пачынае забывацца на сваю мову, не шануе яе. Калі ты чуеш яе – ці сучасную літаратурную, ці змешаную "трасянку", ці мясцовую дыялектную – ведай, што гэта ўсё яна – наша беларуская мова. Не адварочвайся, а прымі яе, бо яе месца ў тваёй краіне. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнаная як роўная сярод іншых моў свету.

У чацвер, 27 верасня, вучні 6 “Б” класа прынялі ўдзел у акцыі “Маё любімае беларускае слова”. За некалькі дзён да яе правядзення дзеці атрымалі заданне вызначыцца з любімым беларускім словам, падрыхтаваць адпаведны малюнак ці прадмет і сфатаграфавацца з ім. Вельмі прыемна, што дзеці з радасцю адгукнуліся на такую просьбу і вельмі хутка падрыхтавалі шмат цікавых работ! А некаторыя вучні, напрыклад, Сяргей Бабкоў, зрабілі некалькі фотаздымкаў!

Якія ж словы былі прадстаўлены на работах дзяцей? Гэта і хмарачос, і каханне, і Радзіма, а таксама сябар, зорка, трус, смоўж і нават… казляк!

Навучальны год яшчэ толькі пачаўся – а значыць, наперадзе дзяцей чакае шмат падобных акцый, заданняў і конкурсаў, накіраваных на папулярызацыю беларускай мовы! Далучайцеся і вы!

 

24.09.2018 г.

Прыгожае і незабыўнае свята

Тэатральнае майстэрства –   мастацтва, спецыфічным сродкам выражэння якога з'яўляецца сцэнічнае дзеянне, што ўзнікае ў працэсе ігры  акцёра перад публікай. Яно  гарманічна аб'ядноўвае ў сабе розныя віды мастацтва — літаратуру, музыку, харэаграфію, дэкаратыўнае мастацтва.

У чацвер, 20 верасня, вучні восьмых класаў далучыліся да гэтага прыгожага мастацтва, калі рабілі інсцэніроўкі да эпізодаў  п’есы Аляксея Дударава “Вечар”.

 Вучні напярэдадні распрацавалі сцэнар, прадумалі дэкарацыі і касцюмы, падабралі адпаведнае музычнае суправаджэнне. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем паказвалі свае інсцэніроўкі і з цікавасцю назіралі за пастаноўкамі сваіх сяброў.

Абыякавых у гэтай справе не было!  Гэта было прыгожае і незабыўнае свята! Свята, якое дапамагло дзецям глыбей зразумець твор, праявіць свае творчыя здольнасці, прадэманстраваць свае ўменні і навыкі, спрыяла ўзбагачэнню слоўнікавага запасу, садзейнічала эстэтычнаму выхаванню і ўменню працаваць у групах.  

 

13.09.2018 г.

Любіце кнігу, бо яна – крыніца мудрасці,

ведаў і навукі, лекі для душы.

Ф. Скарына

 Першыя вераснёўскія дні на Беларусі напоўнены надзвычайнай духоўнасцю, бо адзначаецца свята ў гонар Кнігі, Друкаванага Слова, Роднай Мовы. Дню беларускага пісьменства быў прысвечаны і традыцыйны дзень беларускага маўлення, шостага верасня.

На інфармацыйных гадзінах вучні ўзгадвалі імёны К. Тураўскага,

Е. Полацкай, Ф. Скарыны, С. Полацкага, М. Гусоўскага, адказвалі на пытанні віктарыны “Адкуль да нас дайшла кніга?”, пазнаёміліся з навінкамі кнігадруку.

Таксама ў фае гімназіі быў аформлены інфармацыйны стэнд, які дазволіў вучням і іх бацькам здзейсніць віртуальнае падарожжа ў горад Іванава, дзе адбылося ў гэтым годзе Свята беларускага пісьменства, прысвечанае тэме “Мая малая радзіма”.

 

01.06.2018 г.

Цэлы свет –– дзецям

Менавіта так адзначаў сваё прызначэнне ў літаратуры  вядомы пісьменнік, адзін з пачынальнікаў дзіцячай літаратуры, заслужаны дзеяч культуры Беларусі Іван Міхайлавіч Фёдараў, які вядомы нам, чытачам, як пісьменнік Янка Маўр.

З нагоды 135-годдзя  з дня нараджэння  Янкі Маўра адбылася літаратурная гадзіна “Цэлы свет –– дзецям”, удзельнікамі якой сталі сямікласнікі. Падчас мерапрыемства вучні адкрылі для сябе шмат цікавых фактаў з жыцця пісьменніка-юбіляра, пазнаёміліся з выставай кніг Я. Маўра, адказалі на пытанні віктарыны, разгадалі крыжаванку, прысвечаную творчасці пісьменніка, паглядзелі буктрэйлер да кнігі “Палескія рабінзоны”, зачыталі ўрыўкі з любімых твораў гэтага выдатнага мастака слова.

Літаратурная гадзіна дала магчымасць вучням  не толькі пазнаёміцца з  прыгажосцю экзатычных краін, апісаных Янкам Маўрам, але і адкрыць для сябе непаўторнасць роднага краю.  “Ёсць пушчы не менш цікавыя, чымся далёкія трапічныя лясы. Ёсць азёры і балоты, якія ўвесну робяцца морамі. Ёсць звяры, якія радзей сустракаюцца на свеце, чым сланы і тыгры”, – так пісаў Янка Маўр пра Беларусь у сваёй аповесці “Палескія рабінзоны”. І гэтыя словы вельмі актуальныя ў Год малой радзімы.

   

 

01.06.2018 г.

Гуляем па-беларуску!

У самым канцы навучальнага года вучні 6-х і 8-х класаў гімназіі праверылі свае сілы і прадэманстравалі творчыя здольнасці ў беларускамоўных гульнях.

Так, вучні 6 “Г” класа вучыліся пазнаваць прадмет, прадстаўлены на фотаздымку, па апісанні, якое складалася з адказаў на пастаўленыя пытанні. Вучні па чарзе падыходзілі да дошкі і, не гледзячы на экран, на якім была прадстаўлена тая ці іншая выява, задавалі пытанне аднакласнікам, адказы на якія дапамагалі адгадаць прадмет на фотаздымку.

“Ці гэта чалавек? Ці гэта жывёла? Ці гэта прылада працы? Ці гэта ёсць у кабінеце? Ці гэта нешта вялікае” – падобныя і мноства іншых пытанняў, у фармулёўцы якіх практыкаваліся дзеці, дазвалялі ім пазнаць прадстаўлены прадмет, жывёлу ці чалавека.

А вось васьмікласнікі, акрамя гульні ў віктарыну “Уся Беларусь”, прадэманстравалі свае артыстычныя здольнасці ў гульні “Кракадзіл па-беларуску”. Пры гэтым у якасці заданняў выкарыстоўваліся карткі з настольнай гульні “Мова”. Вучні называлі аднакласнікам тэму (напрыклад, “Горад” ці “Дзеці”), а потым імкнуліся з дапамогай жэстаў і рухаў прадставіць слова з яе (напрыклад, фантан ці мульцік). Гульня прайшла вельмі жыва і весела. А некаторыя дзеці творча праявілі сябе, разыграўшы перад аднакласнікамі цэлыя сцэнкі з цікавымі і нечаканымі сюжэтамі!

Акрамя таго, шасцікласнікі, пабыўшы на экскурсіі на заводзе “БелаАЗ”, напісалі па выніках падарожжа кароткія нататкі, адну з якіх (аўтар – Аляксандр Кубліцкі) мы прадставім вашай увазе:

“19 мая я з класам быў на экскурсіі на прадпрыемстве “БелАЗ”. Тут робяць велізарныя самазвалы. Цікава, што толькі адзін самазвал будуецца на працягу некалькіх месяцаў! Самая вялікая машына важыць 450 тон, яе даўжыня больш за 20 метраў, а вышыня – больш за 8 метраў! Гэты самазвал нават увайшоў у кнігу рэкордаў Гінэса.

На працягу экскурсіі мы наведалі музей, а таксама пабылі на выставачнай пляцоўцы пад адкрытым небам, дзе пабачылі шматтонныя кар’ерныя самазвалы, сярод якіх быў і згаданы гігант, у коле якога я і сфатаграфаваўся! Мне вельмі спадабалася экскурсія!”

Не зыбавайце вандраваць летам! Прыемнага адпачынку!

 

29.05.2018 г.

Паэтычны калейдаскоп з інфаграфікай

Вучні 6-х класаў нашай гімназіі не толькі сябруюць з паэзіяй, але і самі спрабуюць ствараць вершы. Гэтым разам дзецям было прапанавана напісаць верш, прысвечаны якой-небудзь пары года. Натуральна, большасць вучняў, натхніўшыся вясной ці такім ужо блізкім летам, выбралі менавіта гэты час у якасці тэматыкі для сваіх твораў. Найлепшыя з паэтычных спробаў шасцікласнікаў прапануем вашай увазе.

***

Летнія канікулы клічуць нас гуляць,

Ягады, грыбочкі, кветачкі збіраць.

Бачыць там прыгожае, дрэвы і лугі,

Лес зялёны, возера, жоўтыя стагі.

Дзякуй, лета мілае,

Табе за цеплыню,

За сонейка шчаслівае,

За добрую зямлю!

Крысціна Марценюк

Лета

Летні дзень мяне чакае –

Шмат чаго магу зрабіць.

Спраў улетку ўсім хапае:

Кветкі рваць і рыб лавіць!

Восень

Восень зноў у нас настала,

Лісце з дрэў пааблятала.

Птушкі ў вырай адлятаюць

І не так ужо спяваюць.

Сумна стала і трывожна,

Ходзяць хмары ў небе грозна.

Ды не будзем сумаваць –

Пойдзем мы грыбы збіраць!

Глеб Осіпаў

Таксама некалькі вучняў 6 “Г” класа паспрабавалі свае сілы ў перакладзе інфаграфікі на беларускую мову. Прапануем вашай увазе работу Аляксандра Маліноўскага “10 цікавых фактаў пра Зямлю”.

 

03.05.2018 г.

Сэрцу куток дарагі

Цыкл нарысаў У.Караткевіча “Зямля пад белымі крыламі” належыць да асаблівага віду літаратуры, які ў паказе жыцця грунтуецца не на творчай фантазіі  аўтара, а на адлюстраванні сапраўдных, рэальных падзей і фактаў. Гэта твор публіцыстычны.

Вось як сам пісьменнік гаворыць пра гісторыю яго стварэння:”Я аб’ездзіў на Беларусі амаль усё. Няшмат засталося нават глухіх куткоў, дзе я не пабываў бы. Таму я насмельваюся сказаць, што ведаю сваю краіну і яе людзей. І менавіта таму, дарагія дзяўчаты і хлопцы, я стану гаварыць з вамі толькі аб тым, што сам бачыў і чуў. Гэта будзе кніга, напісаная  сведкам, які многае (што датычыцца сучаснасці) бачыў на ўласныя вочы”.

…Зразумець, чым адметныя беларускія вёскі, уявіць сябе гаспадаром  сялянскай хаты і назваць прадметы яе інтэр’еру, даведацца, чаму менавіта хлебу ў нацыянальнай кухні беларусаў адводзіцца такое важнае месца, прыгадаць назвы сядзібных забудоў і ўмець патлумачыць іх прызначэнне… Гэта цікава! Знаёмства з творам змяняе ўяўленне  сямікласнікаў пра матэрыяльную і духоўную культуру беларусаў.

Яны і самі стануць удзельнікамі своеасаблівага фестывалю праектаў, прэзентацый, вусных выказванняў пад агульнай назвай “Сэрцу куток дарагі” . Гэта будзе аповед пра вёску ці невялічкі гарадок, дзе жывуць нашы сваякі… Якім будзе гэты аповед?... Можа, такім, як у Жукавай Машы, вучаніцы 7”А” класа:

- У Быхаўскім раёне Магілёўскай вобласці ёсць прыгожы куточак – вёска Глухі. Яе назвалі так таму, што, калі там пасяляліся першыя людзі, месца было ціхае, глухое, каля лесу. Рэчка Глушанка падзяляе вёску на дзве часткі.

Не так даўно наша вёска стала аграгарадком. Яна гэтага заслугоўвае. У цэнтры вёскі стаіць вялікі і прыгожы Дом культуры, дзе працуе дырэктарам мая цётка Галя. Побач пабудавана двухпавярховая школа, якая носіць імя знакамітага земляка – маршала авіяцыі Сцяпана Акімавіча Красоўскага. У школе ёсць музей, дзе размешчаны яго асабістыя рэчы. І вучні, і аднавяскоўцы ганарацца сваім земляком.

А яшчэ ў нашай школе вучыўся сучасны пісьменнік Міхась Пазнякоў. Ён не забывае сваёй малой

радзімы і часта наведваецца ў сцены сваёй роднай школы. На сустрэчы з вучнямі, настаўнікамі і аднавяскоўцамі ён прыязджае разам са сваімі сябрамі- пісьменнікамі.

У гэту вёску я еду заўжды з задавальненнем, таму што там жывуць мае бабуля Шура і дзед Валодзя. Я іх вельмі люблю і паважаю. Мне ў іх заўжды спакойна і прыемна. Іх хата размешчана ў вельмі прыгожым месцы, дзе пасаджана шмат дрэў і кустоў. На вялікім двары прыгожа і ўтульна, у садзе шмат месца, дзе можна адпачыць і налюбавацца прыгажосцю розных кветак.

Гэты куточак дарагі майму сэрцу!...

 

03.05.2018 г.

Дзень 26 красавіка 1986 года ўвайшоў у гісторыю Беларусі і  ўсяго чалавецтва як адна з самых трагічных старонак XX стагоддзя. Чарнобыль нібы ў апошні раз папарядзіў сучасную тэхнізаваную цывілізацыю.

Ужо 32 гады чорны дым Чарнобыля засціць будучыню Беларусі. Ужо 32 гады наш народ жыве з гэтым болем.

"Будзе… будзе да скону мне Чарнобыль балець" – гэтыя словы Г. Бураўкіна сталі эпіграфам да прэзентацыі, якую прадставілі вучні ўсіх пятых класаў. Малюнкі, светлыя, радасныя, Маргарыты Казловай кантраставалі з рэпрадукцыямі М. Савіцкага "Чарнобыльскі цыкл". Вучням было прапанавана распытаць бабуль ці дзядуль, бацькоў аб тым, што значыць Чарнобыль для iх сям'i. Гучалі вельмі шчырыя словы-ўспаміны аб пакінутай вёсцы, роднай хаце, здзічэлых яблынях, могілках, аб рана памерлых блізкіх. Такія ўспаміны трэба перадаць наступным пакаленням.

Краналі да глыбіні душы вершы беларускіх аўтараў аб "зоне маўчання", аб болі, аб роднай пакінутай зямлі.

Кніга Нобелеўскага лаўрэата Святланы Алексіевіч "Чарнобыльская малітва" выклікала вялікі інтарэс у дзяцей. Думаецца, што думкі, слёзы, перажыванні, якімі былі напоўнены хвіліны прэзентацыі, застануцца з дзецьмі надоўга.

 

23.04.2018 г.

Загадкавая краіна мастацкага слова

Беларуская літаратура ніколі  не стане

старамоднай, бо ў ёй  – само жыццё.

Вечныя  тэмы  роднай зямлі,  патрыятызму,

кахання  заўсёды  будуць   хваляваць  людзей.

Менавіта  гэтаму віду мастацтва быў прысвечаны літаратурны турнір “Загадкавая краіна мастацкага слова”, у якім бралі ўдзел у чацвер, 19 красавіка, вучні сёмых класаў.

Для турніра былі падабраны цікавыя заданні па роднай літаратуры. У час гульні вучні ўзгадвалі творчасць беларускіх пісьменнікаў, успаміналі псеўданімы класікаў літаратуры, пазнавалі па цытатах творы і аўтараў, вызначалі вершаваныя памеры  літаратурных тэкстаў, разгадвалі крыжаванкі, рашалі літаратурныя задачы, прыдумвалі эпітэты да слова літаратура, падбіралі рыфмы да прапанаваных слоў.

Сямікласнікі, праяўляючы знаходлівасць, кемлівасць, эрудыцыю, шукалі адказы на пытанні. І нягледзячы на тое, што перамагла толькі адна каманда, усе  ўдзельнікі гульні засталіся задаволенымі, бо не толькі ўзбагацілі сябе ведамі, але і “зарадзіліся” пазітыўнай энергіяй.

А вучні дзясятых класаў наведалі відэасалон і паглядзелі фільм Валерыя Рубінчыка “Дзікае паляванне караля Стаха”,  які зняты па аднайменнай аповесці Уладзіміра Караткевіча. Дарэчы, сцэнарый да фільма напісалі В. Рубінчык і У. Караткевіч. Пасля прагляду адбылося абмеркаванне, падчас якога вучні абмяняліся сваімі думкамі і ўражаннямі.

 

20.04.2018 г.

У беларусаў спрадвеку вёўся свой каляндар, па якому селянін жыў дзень за днём. Багацейшыя веды і шматвекавы вопыт адбіліся ў абрадах і звычаях, гульнях і песнях. Але галоўнае тое, што беларускі каляндар не страціў сваёй жыццяздольнасці. І сёння мы карыстаемся яго парадамі, бо яны ад народнай мудрасці, ад бацькоўскіх традыцый.

Вучні 6 класаў бралі ўдзел у  мерапрыемстве “Вясновыя святы беларусаў” . Вясна –цудоўная пара года. Яна нясе з сабой цяпло, абуджэнне ад зімовага сну. Нездарма нашы продкі так любілі гэту пару года і імкнуліся паскорыць яе надыход. Шасцікласнікі прыгадвалі такія вясновыя святы, як Гуканне вясны, Дабравешчанне,  Вербная нядзеля, Вялікдзень, Радуніца. Паведамлялі пра звычаі і абрады, а таксама адгадвалі загадкі, крыжаванкі, прыгадвалі беларускія прыказкі і народныя песні.

 

15.04.2018 г.

Беларуская мова і рэклама? Няма праблем!

Слова роднае – крыж над парогам,

Слова роднае – вечнасці след.

Слова роднае змалку – ад Бога,

Ад зямлі, што радзіла на свет.

М. Чарняўскі

Калі ты нарадзіўся беларусам, калі жывеш на зямлі Беларусі, калі любіш сваю Радзіму, нельга не шанаваць родную мову. На жаль, сёння нашым дзецям цяжка навучыцца размаўляць на прыгожай і мілагучнай роднай мове. Як жа выхаваць у новага пакалення краіны жаданне размаўляць і чытаць па-беларуску?

Васьмікласнікі нашай гімназіі ўпэўнены, што шлях да гэтага – фарміраванне пачуцця гонару за свой родны край, выхаванне любові і павагі да беларускага слова, далучэнне да лепшых узораў айчыннай літаратуры, да чытання на беларускай мове.

Але як яшчэ можна зацікавіць беларускай мовай? Адзін з магчымых шляхоў – рэклама беларускай мовы і культуры, або, як цяпер прынята казаць, сацыяльная рэклама. Напэўна, вы бачылі на вуліцах нашага горада падобную рэкламу. І таму, напрыклад, большасць вучняў не маюць праблемы з перакладам слова “крыжовник” – канешне ж, гэта агрэст!

У сувязі з гэтым вучні 8-х класаў таксама паспрабавалі стварыць беларускамоўную сацыяльную рэкламу. Пры гэтым рабілі яны гэта як на паперы, так і ў электронным выглядзе. Некалькі прыкладаў мы прапануем вашай увазе.

   

Барыс Сачанка казаў: «Будзем жыць, пакуль жыве слова наша, песня наша, мова наша!» Не так даўно ўвесь свет адзначыў Міжнародны дзень роднай мовы. Наша родная мова… Якая мілагучная, таемная… І мы, сучаснікі, адказныя сёння за тое, каб захаваць, памножыць і перадаць яе нашым нашчадкам.

 

09.04.2018 г.

У добрым настроі

Паэтычнай хвілінкай “Мой любімы верш на беларускай мове” пачалі першыя ўрокі літаратуры ў гэтай чвэрці сямікласнікі. Рабяты выбіралі вершы на свой густ, прэзентавалі аднакласнікам іх выразнае чытанне,суправаджалі яго  кароткімі каментарыямі аб тым, за што ім падабаецца абраны  твор.

Тэматыка вершаў аказалася надзвычай шырокай, а каментарыі да іх вельмі цікавымі.

Напрыканцы слухачам былі прапанаваны сінквейны. Вашай увазе некаторыя з іх:

***

   Паэзія.

   Няўлоўная, бязмежная.

   Захапляе,акрыляе, упрыгожвае.

   Лепшая асалода ў маім жыцці.

   Эмоцыі.

         Дзмітрыева Паліна,7”Г” клас.

***

   Паэзія.

   Кранальная,непаўторная.

   Уздзейнічае, выхоўвае, малюе.

   Выяўляе глыбокія перажыванні аўтара.

   Мары.

         Грачышнікава Віялета,7”А” клас.

***

   Паэзія.

   Сакавітая, духоўная.

   Нараджае, адкрывае, павучае.

   Паэзія заўсёды з наміпобач.

Уражанні.

         Мічан Аляксандра,7”Г” клас.

***

Паэзія.

   Лірычная, мілагучная.

   Дапамагае, падтрымлівае,заварожвае.

 “Паэзія – самы няўлоўны сакрэт”.

Вершы.

         Копту  Валерыя,7”А” клас.

***

   Паэзія.

   Хвалюючая, захапляльная.

   Натхняе,узвышае,хвалюе.

   Добрае слова для чалавечай  душы.

   Пачуцці.

         Заўялава Ніка,7”А” клас.

 

         Паэтычныя хвілінкі задалі ўрокам добры настрой,які мы маем намер захаваць на ўсю чвэрць.

 

08.04.2018 г.

Разам складалі казкі

Вядома, што фантазія дзяцей не мае межаў. Любы прадмет, з’ява могуць стаць героямі казак, якія складаюць таленавітыя вучні. Казкі, якія пісалі вучні пятых класаў пасля вывучэння тэмы “Фанетыка”, былі незвычайнымі, бо галоўнымі героямі сталі літары і гукі. Напрыклад, у адной казцы Верабейка папрасіў Сінічку назваць усе месяцы, у якіх сустракаецца гук [ч]. Як жа старалася Сінічка! У другой казцы сустракаліся шэсць галосных гукаў, якія хацелі падружыцца з дзесяццю галоснымі літарамі. Цікавая гісторыя атрымалася! Сустрэліся мы з казкамі, у якіхгерояў прасілі пачуць скарагаворку, а потым яе паўтарыць. Як жа стараўся Воўк вымавіць жалеза выжалезілася! Не з першага разу атрымалася.

Такія цікавыя творчыя адкрыцці дапамагаюць вучням больш глыбока разумець вучэбны матэрыял, развіваць фантазію і выдумку.

 

03.03.2018 г.

Тэатральная феерыя

Ці ведаеце вы, што першыя згадкі пра тэатр датуюцца 497 годам да нашай эры? Радзімай гэтага віду мастацтва лічыцца Грэцыя. У наш час, нягледзячы на актыўнае развіццё кінамастацтва, мільёны людзей па ўсім свеце наведваюць спектаклі і  ўсё гэтак жа з заміраннем сэрца назіраюць за тым, што адбываецца на сцэне.

Міжнародны дзень тэатра з года ў год праводзіцца 27 сакавіка, пачынаючы з 1961 года. Гэты дзень не толькі падстава адзначыць таленавітых акцёраў, наведаць канцэрт або прадстаўленне, але і магчымасць выказаць удзячнасць усім работнікам дадзенай сферы, у тым лікусцэнарыстам, рэжысёрам-пастаноўшчыкам, акцёрам, грымёрам, гукаінжынерам, святлатэхнікам, дэкаратарам, прадзюсарам. А яшчэ тэатральнае мастацтва – гэтапрыгожае і незабыўнае свята для ўсіх неабыякавых гледачоў.

Менавіта гэтаму віду мастацтва і была прысвечана тэатральная феерыя, якая адбылася  першага сакавіка. Удзельнікамі і гледачамі мерапрыемства сталі вучні сёмых класаў, якія рабілі інсцэніроўку да твора З. Бядулі “На Каляды к сыну”, папярэдні  распрацаваўшы сцэнар, прадумаўшы дэкарацыі і касцюмы, аформіўшы афішы.

Тэатральная феерыя дапамагала дзецям  праявіць свае творчыя здольнасці і прадэманстраваць свае ўменні і навыкі, садзейнічала выхаванню павагі да прадстаўнікоў сцэны  і далучала вучняў да тэатральнага мастацтва.  

 

27.02.2018 г.

Рэкламуем па-беларуску!

Амаль кожны дзень мы бачым рэкламу, якая суправаджае нас паўсюль. У чацвер, 15 лютага, вучні 8-х класаў гімназіі атрымалі заданне стварыць рэкламу на беларускай мове і прадставіць яе ў класе.

Сёння на беларускай мове не так многа рэкламы, таму любы тавар, што будзе рэкламавацца па-беларуску, адназначна пачне прывабліваць увагу. Мова стане працаваць у любым выпадку. З гэтымі думкамі васьмікласнікі творча падышлі да стварэння рэкламы, прыдумаўшы цікавыя назвы, слоганы і стварыўшы яркія абвесткі.

Што ж рэкламавалі вучні?

Гэта і курсы беларускай мовы, і тэатральныя пастаноўкі, і смачная ежа, і нават “Фабрыка рознакаляровых баранчыкаў”!

Адна творчая група нават пачаставала ўсіх аднакласнікаў смачнымі блінамі, папярэдне цудоўна разрэкламаваўшы іх!

А якую рэкламу па-беларуску хацелі б убачыць вы, шаноўныя чытачы?

 

09.02.2018 г.

Першая спроба пяра

Ці ведалі вы,што раней гімназістаў вучылі пісаць вершы,а ў дапамогу ім выдаваліся слоўнікі рыфмаў? Канечне, паэзіяй такі занятак не назавеш, а вось цікавай гульнёй можна. І называецца яна бурымэ. Такім чынам, бурымэ –гэта вершы, складзеныя па зададзеных рыфмах.

Паспрабаваць напісаць некалькі вершаваных радкоў на тэму “Скарбы”, ужываючы рыфмаваныя словы мова – слова;скарбаў – фарбаў з першым радком “Пявучая родная мова…”, было прапанавана вучням 7-ых класаў. І вось што з гэтага атрымалася.

 

***

Пявучая родная мова…

Як добрае матчына слова,

Змяшчае ў сабе столькі фарбаў

І дарагіх сэрцу скарбаў.

         Рукус Віталіна.

 

***

Пявучая родная мова…

Якія цудоўныя словы!

У іх россып вясёлкавых фарбаў,

Сапраўдных каштоўнасцей, скарбаў.

        Філіпенка  Дар’я.

 

***

Пявучая родная мова…

У ёй толькі добрыя словы.

У ёй столькі розных фарбаў,

Больш, чым у піратаў скарбаў.

         Магільная Марыя.

 

***

Пявучая родная мова…

Цёплае матчына слова…

Роднай зямлі гучанне і фарбы,

Нашай душы таямнічыя скарбы.

         Заўялава Ніка.

 

***

Беларуская мова! Беларуская мова!

Для мяне і для вас гэта роднае слова!

Колькі нябачаных скарбаў

У гэтай сімфоніі фарбаў!

        Юрэвіч Мая.

 

***

Пявучая родная мова…

Поўная казачных скарбаў

Майстэрня цудоўнага слова,

Бліскучых і радасных фарбаў.

        Дзенісенка Ульяна.

 

… Прафесіяналізм жа бурыміста заключаецца ў тым, каб рыфмаваць імгненна…

 

02.02.2018 г.

Што мне пекны Парыж, Рым прыгожы і слынны,

Што швейцарскія горы, старыяАфіны,

Што мне Вена, Мадрыд, што мне Лондан туманны,

Больш за ўсё я бацькоўскаму краю адданы!

В. Дунін-Марцінкевіч

Гэтыя радкі, што ідуць ад шчырага сэрца, сталі  асноўным лейтматывам  літаратурна-гістарычнай гадзіны “Больш за ўсё я бацькоўскаму краю адданы!…”, прысвечанай  210-годдзю з дня нараджэння Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча  –  паэта-патрыёта, перакладчыка,  празаіка і драматурга, стваральніка беларускага тэатра, першага прафесійнага пісьменніка нашай Магілёўшчыны, асветніка, грамадскага дзеяча, аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры . 

Гэта сустрэча, якая адбылася першага лютага, стала сапраўдным святам для дзевяцікласнікаў. Вучні падрыхтавалі паведамленні і прэзентацыі аб жыцці і дзейнасціБеларускага Дудара, чыталі ўрыўкі з твораў паэта і драматурга, разгадвалі крыжаванкі, слухалі радыёзапісы ўрыўкаў з камедый, праявілі свае акцёрскія здольнасці ў міні-інсцэніроўках да п’есы “Пінская шляхта”, пазнаёміліся з выказваннямі  пісьменнікаў пра творчасць і дзейнасць В. Дуніна-Марцінкевіча, завочна наведалі мясціны, дзе ўстаноўлены помнікі пісьменніку, падзяліліся сваімі думкамі і ўражаннямі.

А вучні  сёмых класаў  пазнаёміліся з  урыўкам   Я. Коласа “Дзядзька-кухар” з паэмы “Новая зямля”. Яны актыўна ўдзельнічалі ў арт-праекце “Залацінкі роднай мовы” і складалі свой тлумачальны слоўнік   цікавых слоў, аздабляючы яго малюнкамі.

 

25.01.2018 г.

МАЁ ЛЮБІМАЕ БЕЛАРУСКАЕ СЛОВА

У чацвер, 18 студзеня, вучні 6-х і 8-х класаў гімназіі атрымалі незвычайнае заданне: вызначыць любімае беларускае слова, зрабіць фотаздымак і ў каментары да фота напісаць сказ ці верш з абраным словам. Пры гэтым заданне дзеці выконвалі ў зручны ім час, на працягу тыдня змяшчалі ў сацыяльных сетках фотаздымкі, суправаджаючы ім хэштэгам #маёлюбімаеслова.

Як вядома, сучасныя дзеці актыўна карыстаюцца сацыяльнымі сеткамі, таму заданне размясціць там фотаздымак з словам па-беларуску і каментаром да яго выклікала вялікую цікавасць. Прыемна адзначыць, што многія вучні творча падышлі да задання і не толькі прыгожа напісалі слова ды сфатаграфаваліся з ім, але і падабралі вельмі глыбокую цытату ці верш у якасці каментара. Пры гэтым любімае беларускае слова шукалі нават тыя дзеці, якія самі даведаліся пра гэтае заданне ад сяброў ці аднакласнікаў!

Мы ведаем, што беларуская мова вельмі прыгожая і мілагучная. Гэта мова нашых лясоў, гаёў і рэк. Гэта мова мірнага блакітнага неба і яркага сонейка, што так і ззяе сваёй дабрынёй.

Калі даводзіцца разважаць над пытаннем пра любімае беларускае слова, мы задумваемся. Сярод мноства слоў з розным сэнсам трэба выбраць толькі адно, якое найбольш кранула сэрца. Некаторыя словы нагадваюць нам пра радасныя ўспаміны, а некаторыя пра такія ўспаміны, ад якіх сэрца аддалена заслонай смутку і меланхоліі. Яшчэ, відаць, у кожнага чалавека ў пэўны час ёсць сваё любімае слова, якое потым можа замяніць іншае.

Якія ж словы зацікавілі дзяцей? Гэта сям’я, сяброўства і сябры, маці і матуля, шчасце, мара, калі ласка, дабро і дзякуй, жыццё і мір, адпачынак і Беларусь!

А якое ваша любімае беларускае слова?

 

17.01.2018 г.

Ой, калядачкі, бліны-ладачкі…

Добры вечар! Шчодры вечар!

Пачуўшы гэтыя словы, адразу ўяўляеш беларускую вёску, сялянскую хату са шчодрымі гаспадарамі і багатым сталом, з вясёлымі песнямі, гульнямі і, безумоўна, калядоўшчыкамі.

Старая добрая традыцыя калядавання жыве і ў нашай гімназіі.З самай раніцы 12 студзеня распачалося тэатралізаванае прадстаўленне ў фае гімназіі. Вясёлыя хлопцы і дзяўчаты, апранутыя хто казой, хто мядзведзем, хто цыганом, хто цыганкай песнямі, гульнямі, танцамі віталі гімназістаў і іх бацькоў. Калядоўшчыкі шчыра жадалі ўсім прысутным шчасця, здароўя, дабрабыту, плёну ў працы.

А надалей калядныя гурты «вандравалі» па кабінетах гімназіі, віншуючы дзяцей і настаўнікаў з Калядамі. Разам з віншаваннямі гучалі песні, прыказкі, загадкі. За гэта гаспадары адорвалі калядоўшчыкаў рознымі пачастункамі: цукеркамі, пернікамі, печывам, садавіною. Свята прынесла вялікую радасць, асалоду і задавальненне ўсім.

   

17.01.2018 г.

Ой, калядачкі, бліны-ладачкі…

Добры вечар! Шчодры вечар!

Пачуўшы гэтыя словы, адразу ўяўляеш беларускую вёску, сялянскую хату са шчодрымі гаспадарамі і багатым сталом, з вясёлымі песнямі, гульнямі і, безумоўна, калядоўшчыкамі.

Старая добрая традыцыя калядавання жыве і ў нашай гімназіі.З самай раніцы 12 студзеня распачалося тэатралізаванае прадстаўленне ў фае гімназіі. Вясёлыя хлопцы і дзяўчаты, апранутыя хто казой, хто мядзведзем, хто цыганом, хто цыганкай песнямі, гульнямі, танцамі віталі гімназістаў і іх бацькоў. Калядоўшчыкі шчыра жадалі ўсім прысутным шчасця, здароўя, дабрабыту, плёну ў працы.

А надалей калядныя гурты «вандравалі» па кабінетах гімназіі, віншуючы дзяцей і настаўнікаў з Калядамі. Разам з віншаваннямі гучалі песні, прыказкі, загадкі. За гэта гаспадары адорвалі калядоўшчыкаў рознымі пачастункамі: цукеркамі, пернікамі, печывам, садавіною. Свята прынесла вялікую радасць, асалоду і задавальненне ўсім.

 

25.12.2017 г.

Такая рознакаляровая палітра

Колькі радасці, колькі натхнення,

Калі фарбы змяняе сезон!

Малінавы,васільковы, смарагдавы, аксамітны, барвовы, залацісты, пурпуровы і, канечне, усе колеры вясёлкі…

Зялёны – колер травы, лістоты дрэў, “вечны” колер елкі і сасны; жоўты – колер сонца, дзьмухаўца і спелых каласоў жыта; чырвоны – колер спелага яблыка і парэчкі; блакітны – колер вады ў рацэ, чыстага неба, колер незабудкі, вясёлых званочкаў; белы – колер аблокаў, што плывуць у небе, колер пялёсткаў рамонка і снегу; аранжавы – колер футра жвавай вавёркі і восеньскіх лістоў на клёне; фіялетавы – колер спелай смачнай слівы і веснавога бэзу…

Складанне слоўнікаў “Фарбы беларускай зямлі”, па ўсім відаць, натхніла вучняў 7-х класаў на тое, каб бліжэй пазнаёміцца з вершамі беларускіх паэтаў, прысвечанымі прыродзе, звярнуць увагу на маляўнічасць родных краявідаў, душою адчуць іх прыгажосць:

Стаіць,

Выглядючы з жыта,

Як зорачка-знічка,

Здалёк,

Што ўпала

Іскрынкай

З блакіту,

Палеткаў краса –

Васілёк.

   

 

18.12.2017 г

З Новым годам, што крыніцай

Новай пойдзе ў пераходзе,

Беларуская зямліца!

Беларускі наш народзе!

Я. Купала

На парозе Новы год. Для дарослых і дзяцей гэта асаблівы час. Час спадзяванняў, надзей, цудаў, невярагодных здарэнняў, смачных падарункаў, чаканых і нечаканых сюрпрызаў, пах мандарынаў. Іменна такія асацыяцыі назвалі пяцікласнікі падчас імпрэзы, прысвечанай навагоднім святам. Вучні падрыхтавалі вершы беларускіх пісьменнікаў М.Багдановіча, К.Буйло, М. Танка, М. Пазнякова, Я. Коласа, Я.Купалы. У вершах гучалі словы пра навагоднюю елку, падарункі, атмасферу свята. На маленькіх папяровых елачках вучні напісалі пажаданкі сваім блізкім па-беларуску і абяцалі падарыць ім пад Новы год.

 

09.12.2017 г

Наш боль, наша годнасць і слава

Сягоння ў нас думы адны:

Мір нам патрэбен,

Не трэба вайны!..

П. Броўка

У чацвер, 7 снежня, падчас імпрэзы-дыялога “Вайна глядзіць праз кніжныя старонкі” вучні сёмых класаў гаварылі пра подзвіг нашага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гутарка была цікавай, пазнавальнай і змястоўнай. Сямікласнікі паўдзельнічалі ў конкурсе знаўцаў “ Што я ведаю аб вайне?”, зрабілі віртуальную вандроўку па месцах баявой славы Магілёўшчыны, пабывалі на прэзентацыі альбома мастака М. Савіцкага “Лічбы на сэрцы”, расказалі пра сваіх родных – удзельнікаў  вайны,  наведалі міні-выставу кніг пра вайну, зачыталі  ўрыўкі з кнігі “Ніколі не забудзем”, падзяліліся сваімі ўражаннямі ад пачутага і ўбачанага.

  На працягу імпрэзы як своеасаблівы помнік загінуўшым на вайне гучалі творы Р. Барадуліна, В. Зуёнка, А. Вярцінскага, В. Быкава,  П. Броўкі, П. Панчанкі і нашых землякоў-магілёўцаў А. Куляшова і А. Пысіна.

У час дыялога абыякавых не было, бо такая гутарка вучыць мужнасці і адвазе, бясстрашнасці і высокай маральнасці, шчырай адданасці Айчыне і змаганню за мір і справядлівасць. 

 

05.12.2017 г

Якія знаёмыя назвы і словы,

Якая цудоўная родная мова!

І усё мілагучна для слыху майго:

І звонкае “дзе” і густое “чаго”….

Пімен Панчынка.

30 лістапада вучні 6-х класаў бралі ўдзел у лінгвістычным конкурсе “Любі, шануй, ведай роднае слова!”. У мерапрыемстве, якое праходзіла ў форме КвіЗ, удзельнічалі дзве каманды. Спаборніцтва было цікавым, займальным, пазнавальным. “Размінка”, “Крыжаванка”, “Турнір капітанаў”, “Перакладчык”, “Словы-змейка” – гэтыя конкурсы дапамагалі вучням праявіць актыўнасць, кемлівасць, знаходлівасць, артыстызм, узаемападтрымку.

 

21.11.2017 г

Дакументальныя фотаздымкі і ўласныя малюнкі, строгія лічбы і хвалюючыя радкі вершаў…

3 конкурсу праектаў “Зямля мая бой прымала”, прысвечаных падзеям Вялікай Айчыннай вайны, пачалася гаворка пра творчасць Васіля Быкава, яго апавяданне “Незагойная рана” ў 7-х класах.

Вельмі розныя, усе праекты без выключэння сведчылі пра добрасумленнасць і зацікаўленасць, з якой іх аўтары падышлі да стварэння сваіх творчых работ. Праекты дапамаглі эмацыянальна падрыхтавацца да сустрэчы з творчасцю пісьменніка–франтавіка.

 

21.10.2017 г

.

Янка Купала і Якуб Колас… Гэтыя імёны вядомыя нам з дзяцінства. Велічныя постаці вялікіх песняроў суправаджаюць кожнага свядомага беларуса праз ­ўсё жыццё. Іх творы – гэта не толькі наш нацыянальны здабытак. Яны  паставілі беларускую літаратуру побач з іншымі літаратурамі свету. “Янка Купала і Якуб Колас – гэта тыя вежы, па якіх мы, беларусы, бачым  цэлы свет і па якіх свет бачыць нас”, – менавіта так пісаў пра класікаў беларускай літаратуры пісьменнік і паэт Віктар Шніп.

 Гэтыя слаўныя сыны Беларусі ў сваіх творах праўдзіва адлюстроўвалі нацыянальны быт і характар беларусаў, непаўторнасць і прыгажосць прыроды нашай краіны. Менавіта пра родную прыроду, яе чароўнасць і казачнасць гаварылі вучні сёмых класаў у чацвер, 19 кастрычніка.

Дзяўчынкі і хлопчыкі 7 “Б” класа падрыхтавалі для вучняў сваёй паралелі паэтычны  вернісаж “ Слова Я. Купалы і Я. Коласа аб роднай прыродзе”.  У час мерапрыемства  дзеці паглядзелі невялікія відэасюжэты пра жыццё і творчасць пісьменнікаў-юбіляраў, паслухалі музычныя творы, напісаныя на вершы паэтаў. Яркія пейзажныя карціны прэзентацыі падмацоўваліся  вершамі і ўрыўкамі з празаічных твораў пісьменнікаў. Напрыканцы сустрэчы вучні абмеркавалі ўсё ўбачанае і пачутае і прыйшлі да высновы: Янка Купала і Якуб Колас пры дапамозе роднага слова стварылі непаўторныя пейзажныя карціны, якія надоўга застануцца ў памяці, і кожны можа ганарыцца тым, што такія вялікія мастакі слова – нашы землякі-беларусы.

 

19.10.2017 г.

Пад небам Я. Купалы і Я. Коласа

Янка Купала і Якуб Колас – гэтыя імёны ў нашым уяўленні ўзнікаюць неадрыўна разам. Мы гаворым Янка Купала – і працягваем  Якуб Колас. Два народныя пісьменнікі Беларусі, Песняры, як іх яшчэ з цеплынёй называюць. Сябры, сучаснікі, паплечнікі, аднагодкі. Абодва  шмат зрабілі на карысць свайго народа,  краю. Яны апісвалі жыццё простага чалавека, яго думкі, пачуцці, спадзяванні, імкнуліся спазнаць душу беларускую. Песняры былі блізкія па сваіх поглядах, ідэалах, але розныя ў творчасці. У кожнага – свой шлях, і характар, і духоўны свет, і непаўторны стыль. Агульнае ж тое, што іх творы і сёння ў вялікай пашане ў беларусаў.  

Менавіта  творчасці гэтых двух класікаў літаратуры быў прысвечаны тыдзень беларускай мовы і літаратуры, які працягваўся з дзявятага па чатырнаццатага кастрычніка. Да тыдня былі аформлены два змястоўныя інфармацыйныя стэнды “Пісьменнікі-юбіляры” і “Як ты дорага мне, мая родная мова!..”,  выпушчана радыёгазета “І не знікаць паэтам вечна…”.

Вучні адзінаццатых класаў бралі ўдзел у літаратурнай сустрэчы “І сёння з намі Колас і Купала”, дзе пры дапамозе прэзентацыі былі згаданы біяграфічныя і творчыя старонкі жыцця Янкі Купалы і Якуба Коласа. Падчас сустрэчы пранікнёна і чулліва вучнямі чыталіся творы гэтых пісьменнікаў, гучалі песні, напісаныя на вершы класікаў.

На працягу тыдня вучні пятых класаў “адкрывалі нанова беларускае роднае слова ”. У займальнай і цікавай форме дзеці складалі крыжаванку на тэму “Лён”, адгадвалі шарады, слухалі паданні аб кветках, дапаўнялі прыказкі і прымаўкі, тлумачылі значэнні слоў і фразеалагізмаў. Усе заданні суправаджаліся вершамі аб роднай мове. Задавальненне атрымалі ўсе, бо кожны ўдзельнік для сябе адкрыў сваё беларускае роднае слова.

Удзельнікамі віртуальнага часопіса “ І не змоўкнуць  ніколі ў свеце іх словы”, прысвечанага 135-годдзю з дня нараджэння Я. Коласа і Я. Купалы, сталі 13 кастрычніка дзевяцікласнікі. Вучні  9 “Б” класа падрыхтавалі для сваіх сяброў цікавы і вельмі пазнавальны матэрыял з жыцця юбіляраў. Старонкамі часопіса сталі ўспаміны саміх пісьменнікаў , запісаныя Максімам Лужаніным у кнізе “Колас расказвае пра сябе” і Сцяпанам Александровічам  у кнізе “”Свой пачэсны пасад”. Прэзентацыя ж, якая суправаджала аповед, дала магчымасць зазірнуць у залы музеяў, прысвечаных беларускім класікам, і на свае ўласныя вочы ўбачыць, як жылі і тварылі паэты. Напрыканцы сустрэчы прагучалі вершы нашых вялікіх Песняроў,  ужо даўно знаёмыя і мала вядомыя… 

У чацвер, 12 кастрычніка, вучні пятых-адзінаццатых класаў мелі магчымасць выказаць пяшчотныя пажаданні сваім матулям у паштоўцы-віншаванцы, прысвечанай Дню маці. Хлопчыкі і дзяўчаткі жадалі сваім родным здароўя, поспеху, натхнення, маладосці, радасці і весялосці, любові і шчасця, дабра, прыгажосці, цеплыні, пяшчоты…  І гэта далёка не ўсе словы, якія вучні адрасавалі сваім мамам, мамачкам, матулечкам, мамусенькам!  

Такія мерапрыемствы дазваляюць нам больш упэўнена адчуваць сябе на нашай зямлі, дакрануцца да вялікай спадчыны і культуры беларускага народа, ганарыцца сваёй мовай і сваёй Радзімай.

 

19.09.2017 г.

І САФІЯ ПЛЫВЕ НАД ДЗВІНОЮ, НІБЫ КАРАБЕЛЬ…

Сёлета Дзень беларускага пісьменства быў прымеркаваны адразу да двух знакавых юбілеяў – 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і 1155-годдзя найстаражытнейшага беларускага горада – Полацка. Невыпадкова менавіта Полацк – калыска беларускай дзяржаўнасці, радзіма нашага першадрукара – быў абраны сталіцай знакавага свята. Настаўнік беларускай мовы і літаратуры гімназіі Каласоўскі Ю.У. наведаў сталіцу свята беларускага слова ўжо 11-ы год запар!

Дзень беларускага пісьменства ў Полацку парадаваў, прадставіўшы ўласныя цікавінкі. Найперш ладзілася шмат тэатралізаваных пастановак, напрыклад, драматычны захоп Полацка варагамі, перамога над ворагам. А многія артысты і гандляры былі прыбраныя ў вышываныя строі.

Адным з сімвалаў свята стаў новы помнік, усталяваны ў адным з самых маляўнічых месцаў горада – на стромкім беразе Дзвіны, побач з Сафійскім саборам, – памятны знак «Полацк – сталіца беларускай дзяржаўнасці». Зроблены ён у выглядзе шматлікіх шчытоў, складзеных разам. На іх – выявы важных гістарычных асоб Полаччыны, якія шмат значаць і для ўсёй Беларусі.

Па выніках вандроўкі ў Полацк Каласоўскі Ю.У. падрыхтаваў адмысловую віктарыну “Па сталіцах Дня беларускага пісьменства”, удзельнікамі якой сталі вучні 8-х класаў гімназіі.

● Калі пачалося святкаванне Дня беларускага пісьменства?

● Які раз Полацк стаў сталіцай свята?

● Які горад будзе сталіцай свята ў 2018 годзе?

● У якім горадзе да свята быў адкрыты помнік Франіцшку Багушэвічу?

● Які горад Магілёўшчыны быў сталіцай свята ў 2013 годзе?

На гэтыя і іншыя пытанні спрабавалі адказаць цікаўныя васьмікласнікі – і па выніках віктарыны дзеці не толькі спраўдзілі свае веды пра Дзень беларускага пісьменства, але і даведаліся шмат новых для сябе фактаў. А тыя вучні, хто паказаў найлепшыя вынікі, атрымалі прызы: сувеніры са старажытнага Полацка!

 

УпрОбрМогОблИсполкома

МГОИРО

Управление по образованию Могилевского горисполкома

Областной профориентационный портал

Счетчик посещений 

 

Обслуживание сайта:

Шинкевич Наталья n180773@yandex.ru

Любавина Светлана cvlub@yandex.ru

Разработчики сайта:

Шинкевич Наталья n180773@yandex.ru

Косарева Анна sun_ann@tut.by